Расея атакавала крытычную інфраструктуру, некалькі рэгіёнаў Украіны засталіся без святла


Увечары 11 верасня па ўсёй Украіне была абвешчана паветраная трывога. Пасля паведамленняў аб выбухах у некалькіх абласцях знікла святло або назіраюцца праблемы з электразабеспячэннем, паведамляе УНІАН.

Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што расейцы нанеслі ўдар па інфраструктурным аб’екце Харкава.

«У выніку ўдару – у многіх раёнах горада знікла святло. Па гэтай жа прычыне ў тых жа раёнах няма і вады – не працуюць помпы. Гэта подлая і цынічная помста расейскага агрэсара за поспехі нашай арміі на фронце, у прыватнасці – у Харкаўскай вобласці», – адзначыў мэр.

Церахаў запэўніў, што спецыялісты і камунальнікі ўжо працуюць над устараненнем пашкоджанняў.

Акрамя таго, цалкам абясточаная тэрыторыя Дзяркачоўскай грамады Харкаўскай вобласці, пра гэта паведамляе мясцовая гарадская рада.

Старшыня Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка таксама заявіў пра ўдары па крытычнай інфраструктуры рэгіёну. Ён паведаміў, што некаторыя гарады і паселішча вобласці засталіся без святла, але паабяцаў, што ўсё будзе адноўлена з «максімальна магчымай хуткасцю».

Паступаюць паведамленні аб праблемах з энергазабеспячэннем і абясточваннем населеных пунктаў у Сумскай, Палтаўскай, Адэскай і Запарожскай абласцях. Зʼяўляюцца таксама паведамленні аб праблемах з водазабеспячэннем.

У сеціве пішуць, што на Крэменчугскай ЦЭЦ цяпер пажар.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі позна ўвечары пацвердзіў удары па крытычнай інфраструктуры. «Ніякіх вайсковых аб’ектаў, толькі мэта пакінуць людзей без святла і цяпла», – падкрэсліў ён.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк паведаміў, што ўдар, у прыватнасці, быў нанесены па харкаўскай ЦЭЦ-5. Ён назваў гэта праявай тэрарызму з расейскага боку.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў