15 верасня пачнуць судзіць моладзевага актывіста Арсенія Дзядка. Юнака абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
19-гадовага актывіста Арсенія Дзядка затрымалі сёлета 20 красавіка. Хлопца схапілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў Менску. На праўладных Telegram-каналах пазней распаўсюдзілі відэа, у якім хлопец распавёў, што нібыта «прымаў удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года», а таксама «праходзіў рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога».
15 верасня ў судзе Савецкага раёну Менску пад кіраўніцтвам суддзі Марыны Фёдаравай пачнецца суд над Арсеніем. Хлопца абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Раней за ўдзел у акцыях пратэсту Арсенія Дзядка пераследавала Камісія ў справах няпоўнагадовых.
Алена Аляксандрава belsat.eu