У судзе Добрушскага раёну абвесцілі прысуд Вераніке Драбышэўскай, паведамляе «Наша Ніва».
Суддзя Святлана Лук’янава прызнала Драбышэўскую вінаватай у «Парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт. 24.23 КаАП РБ) за тое, што Вераніка напрыканцы жніўня ў мясцовым тэлеграм-канале «Добруш для жыцця» змясціла стыкеры з Пагоняй і лозунгам «Жыве Беларусь».
Пакараная распавяла, ёй у міліцыі заявілі, што спалучэнне белага і чырвонага колераў у нас у краіне забаронена: «Я спытала ў яго, можа ў нас ужо ўсё забаронена і думаць таксама. Ён адказаў, што можна думаць як хочаш, але не трэба гэта выказваць. Падчас размовы ён быў задаволены і шчаслівы. Відаць, раскрыў справу стагоддзя».
Вераніка Драбышэўская не прызнала сваёй віны і звярнула ўвагу суддзі Лук’янавай, што ў 2007 годзе герб «Пагоня» прызнаны ўрадам Беларусі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і за яе пашкоджанне прадугледжана нават крымінальная адказнасць. Але суддзя ўсё адно пакарала Драбышэўскую 100 базавымі велічынямі штрафу (2900 рублёў).
Вераніка Драбышэўская нядаўна засталася без працы і цяпер не мае магчымасці сплаціць такі вялікі штраф.
МГМ, belsat.eu