Яшчэ адзін расейскі афіцэр уцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку


Паводле інфармацыі службы Бі-бі-сі, 10 жніўня лейтэнант расейскай арміі Іван Каралёў нелегальна перасек літоўскую мяжу і дабраўся да Вільні. Вайсковец папрасіў палітычнага прытулку ў літоўскіх уладаў.

Расейскі афіцэр Іван Каралёў, які ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку, бо не жадае ваяваць супраць Украіны.
Фота: Бі-бі-сі

Іван Каралёў служыў у вайсковай частцы 59313-39 («Аб’яднанае стратэгічнае камандаванне Усходняй ваеннай акругі») намеснікам начальніка склада ўлікова-аперацыйнага аддзялення палявога артылерыйскага склада.

Як заявіў сам лейтэнант, 3 жніўня ён прыняў рашэнне пакінуць Расейскую Федэрацыю ў сувязі з тым, што не хацеў браць удзел у кровапралітнай вайне, якую развязала ягоная дзяржава.

Паводле словаў Каралёва, ён браў удзел у так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі», але ўвесь гэты час знаходзіўся на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.

«На тэрыторыі Украіны я не быў. Мы займаліся забеспячэннем расейскіх войскаў боезапасамі. Мы бралі боезапасы з усёй Расеі, з усіх частак, з усіх арсеналаў і размяркоўвалі іх брыгадам, часткам непасрэдна ва Украіну», – сказаў расейскі афіцэр. Аднак на дадзены момант, адзначае Бі-бі-сі, пацвярджэння гэтай інфармацыі ў іх няма.

Заява аб наданні палітычнага прытулку ад афіцэра-артылерыста Івана Каралёва была прынята да разгляду 11 жніўня, а сам вайсковец адпраўлены ў міграцыйны цэнтр у горадзе Пабрадэ, дзе ён будзе знаходзіцца да моманту, пакуль літоўскія ўлады будуць разглядаць ягоную заяву.

Нагадаем, што ў траўні 2023 года ў Літву ўцёк лейтэнант ВКС РФ Дзмітрый Мішоў, які таксама не жадаў ваяваць супраць Украіны.

Hавiны
Лейтэнант Ваенна-касмічных сіл РФ расказаў пра страты ў расейскім войску
2023.06.09 15:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў