Вынікі пошуку для:

«Хочацца дачакацца пераменаў». Беларусь праз год пасля выбараў

Акцыя салідарнасці на станцыі метро «Пушкінская», дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй узялі ўдзел амбасадары Еўразвязу. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г. Фота: Light Far / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Больш за дзясяткі загінулых, сотні палітвязняў, тысячы эмігрантаў. І адзін дыктатар. Беларусы цяпер падзяляюць свае жыцці на час да 9 жніўня 2020-га і пасля. Мы адчуваем, што гэты год пасля змясціў цэлыя дзесяцігоддзі – станаўленне нацыі, барацьбу, надзеі і расчараванні, піша для vot-tak.tv Таццяна Рэут.

На самых масавых маршах у жніўні 2020 года па Менску ішлі, паводле розных падлікаў, ад 200 да 400 тысячаў чалавек, не згодных з агучанымі вынікамі выбараў. Кожную нядзелю са жніўня 2020-га беларусы ва ўсёй краіне выходзілі на пратэставыя акцыі. Мітынгавалі рабочыя заводаў-гігантаў, тэматычныя маршы ладзілі студэнты, пенсіянеры, людзі з інваліднасцю і праграмісты. Беларусы замежжа збіралі сродкі для пацярпелых ад гвалту, для тых, хто быў звольнены або вымушаны бегчы з краіны.

Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў

ЧАМУ ЛУКАШЭНКА ЎТРЫМАЎСЯ?

У момант адчайных спробаў Аляксандра Лукашэнкі вярнуць народную любоў нязграбнымі публічнымі выступамі або запалохаць забегамі з аўтаматам па пустой плошчы перад Палацам Незалежнасці магло здацца, што ягоная ўлада ўсё ж скончаная. Аднак у жніўні 2021-га ён працягвае кіраваць краінай, 35 тысячаў чалавек прайшлі праз затрыманні, а сотні застаюцца ў турмах паводле крымінальных абвінавачанняў, так ці інакш звязаных з хваляваннямі 2020-га. Фізічны гвалт на вуліцах і ў ізалятарах, сотні крымінальных справаў і прымус да эміграцыі прывялі да таго, што да вясны 2021 года беларускія пратэсты згаслі.

На думку палітолага Паўла Усава, у Лукашэнкі імкненне да ўлады аказалася вышэйшым за імкненне да жыцця. Сістэма на першым этапе пратэстаў змагла выжыць менавіта праз ягоную асабістую волю да ўлады, якая «перавысіла волю да ўлады тых людзей, каму ён супрацьстаяў».

На станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Ці можна было ўтрымаць заваёвы лета і восені? Пратэставы рух – натхняльны і беспрэцэдэнтны, тым не менш быў зроблены шэраг памылак, лічыць старэйшы аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Наіўнай была надзея, «што дэцэнтралізаваныя рухі самі сабою прывядуць да зменаў. Не. Супраць грамадства [была выкарыстаная] канцэнтраваная сіла, а грамадства распадалася на масу кропкавых дзеянняў і не канцэнтравалася на слабасцях рэжыму». На думку эксперта, палітыкі, якія вялі летнюю кампанію, не былі гатовыя да таго, што адбудзецца пасля выбараў, і доўгі час існавалі асобна ад стыхійнага пратэставага руху:

«Усё, што прапаноўвалася людзям, уключала абстрактную фразу «абараніць вынікі выбараў». Але як абараніць? Што трэба для гэтага рабіць?»

«Са жніўня да канца кастрычніка існавала практычна свабодная прастора для палітычных дзеянняў. Рэпрэсіўная машына дзейнічала, але не давала рады». Ягораў прыводзіць як прыклад лакальныя перамогі, якіх не ўдалося ўтрымаць. «Калі ў Горадні ці Берасці мясцовыя ўлады ідуць на перамовы і нешта абяцаюць, то калі заўтра яны гэтага не выконваюць, павінна [зноў выйсці] столькі ж людзей, якія блакуюць працу гарадзенскага выканкаму». На думку эксперта, для гэтага беларусам не хапіла лідараў.

Пратэсныя фота 2020. Як гэта было

Пры гэтым унутраны тэрор наўрад ці быў бы магчымы без падтрымання Крамля, у тым ліку фінансавага. Падчас шматлікіх сустрэчаў з Лукашэнкам Уладзімір Пуцін паабяцаў цалкам «перакрыць уплыў» заходніх санкцыяяў на эканоміку Беларусі. Акрамя таго, беларусы, якім пагражае пераслед на радзіме, не могуць пачувацца ў бяспецы ў РФ. На тэрыторыі Расеі былі затрыманыя і высланыя ў Менск палітолаг Аляксандр Фядута, адвакат Юрась Зянковіч, баец ММА Аляксей Кудзін. Ім пагражаюць шматгадовыя турэмныя тэрміны.

ЗНІШЧЭННЕ «ПРАСТОРЫ СВАБОДЫ»

На момант напісання артыкулу ў Беларусі палітвязнямі прызнаныя больш за 600 чалавека. Спіс пастаянна абнаўляецца (як правіла, у бок павелічэння) на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». Пры гэтым сямёра сябраў цэнтру, у тым ліку старшыня Алесь Бяляцкі, таксама за кратамі. Пад атаку, якую ў самім КДБ адкрыта назвалі «шырокамаштабнай аперацыяй зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў», трапілі журналісты, медыяменеджары, актывісты, студэнты, філосафы. Толькі ў ліпені ўлады Беларусі заявілі аб знішчэнні больш як 50 некамерцыйных арганізацыяў.

«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»

«Гэта быў поўны капец, невыносны». Аповед затрыманага на пратэстах у Менску

Беларусы цяпер жывуць у неататалітарнай палітычнай мадэлі, лічыць Павел Усаў. «Адзіная магчымасць захаваць уладу – гэта апора на тэрор, мэтаю якога ёсць поўнае знішчэнне ідэалагічнай, культурнай і інфармацыйнай альтэрнатывы, якая магла б кансалідаваць незадаволенасць грамадства ў крытычны момант». Пры гэтым ён упэўнены, што Лукашэнка не плануе «гандляваць» свабодаю палітвязняў у абмен на паляпшэнне стасункаў з Захадам. Цяпер гаворка толькі аб захаванні ўлады. Адкат назад, як пасля 2006 і 2010 года, не магчымы, бо «адбыўся татальны абвал электаральнай падтрымкі Лукашэнкі».

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага Маршу за свабоду». 16 жніўня, 2020 года. Mенск, Беларусь. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Палітолаг Андрэй Ягораў не згодны называць тое, што адбываецца, татальнаю зачысткай, паказваючы на «разнастайнасць суб’ектаў» у беларускай грамадзянскай супольнасці, якая «заўсёды прарасце» і можа захоўваць актыўнасць, у тым ліку ў фарматах незарэгістраваных грамадскіх арганізацыяў і нефармальных ініцыятываў. Аднак жаданне ўладаў знішчыць «інфраструктуру вытворчасці свабодных грамадзянаў» вельмі моцнае, адзначае палітолаг.

«Людзі, назіраючы дзейнасць грамадскіх арганізацыяў, маглі атрымліваць прышчэпку свабоды, крытычнага стаўлення. Нават у аўтарытарнай Беларусі была такая прастора свабоды. [Улады ж] хочуць замясціць культурную, экспертную супольнасць сваім, каб укараняць «правільныя» наратывы. Але ў іх нічога не атрымліваецца. Бо некаторыя рэчы нельга стварыць, не ствараючы прастору свабоды. А калі даць яму свабоду – яно стане ідэалагічна чужым. Вось такі парадокс».

ЦІХАНОЎСКАЯ І ВОНКАВЫ ЦІСК НА МЕНСК

Яшчэ адзін парадокс – Святлана Ціханоўская. Нікому не вядомая, зарэгістраваная старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай «праз неабачлівасць», яна стала сімвалам перадвыбарчага абуджэння беларусаў і збірала разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай шматтысячныя мітынгі па ўсёй краіне. Даследчыкі платформы «Голас» заяўляюць, што за яе прагаласавалі каля 56 % беларусаў.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

Эміграцыя можа быць бязлітаснай да палітычнай кар’еры, і за год Ціханоўскую, якая вымушаная была пераехаць у Літву, беларусы цалкам маглі забыць. Але яна разам з камандай зрабіла ўсё, каб умацаваць сваю ролю як дэмакратычнага лідара Беларусі. ЗША, Вялікая Брытанія, Швейцарыя, Аўстрыя, Ірландыя – Ціханоўская афіцыйна сустрэлася з лідарамі двух дзясяткаў заходніх краінаў.

Адна з галоўных мэтаў яе офісу – узмацняць ціск Еўропы і ЗША на рэжым Лукашэнкі і тым самым прымусіць Менск пайсці на перамовы. У канцы чэрвеня гэтага года Еўразвяз упершыню ўвёў сектаральныя санкцыі супраць Менску, якія сярод іншага абмяжоўваюць гандаль нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і тытунёвай сыравінай. Фармальна гэтыя захады сталі адказам на парушэнне правоў чалавека і рэпрэсіі ў Беларусі. Але больш канкрэтным штуршком паслужыла прымусовая пасадка самалёта Ryanair і арышт журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Соф’і Сапегі.

Павел Латушка і Франак Вячорка у эфіры «Белсату» падвялі вынікі года пасля выбараў

Ці дзейсная зброя санкцыі супраць аўтарытарных рэжымаў, або яны больш шкодзяць і без таго ізаляваным грамадзянам? Палітолаг Усаў называе санкцыі «негатыўным парадкам дня», хоць яны і аслабляюць рэпрэсіўную сістэму. Але ў доўгатэрміновай перспектыве могуць паспрыяць разбурэнню эканомікі: «Пацярпелыя часткі эканомікі трэба будзе аднаўляць новаму ўраду».

Санкцыі не самамэта, адзначала Ціханоўская: «Мы не змагаемся за санкцыі, мы змагаемся за тое, каб выпусцілі палітвязняў. Мы са жніўня спрабавалі дыпламатычным спосабам паўплываць на рэжым. АБСЕ, ААН, АБСЕ рознымі спосабамі спрабавалі данесці: рэжым прайграў выбары». Яе каманда хоча дамагчыся «расколу элітаў ва ўладзе і [тым самым] зноў актывізаваць грамадства на пратэст».

Ніякія дзеянні міжнароднай супольнасці не заменяць таго, што беларусам трэба зрабіць самім, мяркуе Андрэй Ягораў. Ён бачыць галоўную задачу міжнароднай супольнасці ў «стрымліванні расейскага фактару, перадухіленні анексіі Беларусі ці «адгрызання» значных кавалкаў суверэнітэту». Пакуль гэтая пазіцыя ў заходніх краінаў гучыць слаба, кажа палітолаг. І дадае, што «Расея падтрымлівае Лукашэнку, бо страшна баіцца, што яе інтарэсы не будуць выкананыя ніякім іншым субʼектам тут», таму «хто б ні быў наступным прэзідэнтам Беларусі, ён вымушаны будзе дамаўляцца і выбудоўваць дачыненні з Расеяй».

Год, які змяніў нашае жыццё. Згадваем, што адбывалася ў Беларусі на пратэстах і не толькі

«КУДЫ БЕГЧЫ, КАЛІ ЧАРГА ДОЙДЗЕ ДА МЯНЕ?»

Масавыя рэпрэсіі паставілі сотні і тысячы беларусаў перад выбарам: з’язджаць ці заставацца. Толькі са жніўня да снежня 2020 года палітычны прытулак у Еўропе папрасілі 995 грамадзянаў Беларусі, больш за 9 тысяч атрымалі польскую гуманітарную візу.

Вольга З. (імя змененае на просьбу гераіні) пераезд у Польшчу ўспрымае як часовы: «Я не магу сказаць сабе: так, ты тут і нікуды адсюль не паедзеш. Кожны дзень я думаю пра тое, што магло б быць у Менску. І калі трэба прыняць нейкае рашэнне і выкрасліць гэта ўсё і сказаць сабе: не, у бліжэйшы год, два, пяць я не ўбачу гэтых людзей, калі яны самі сюды не даедуць… гэта вельмі цяжка для маёй псіхікі».

Да гадавіны падзеяў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі дыяспара правяла Марш салідарнасці ў Варшаве. Удзельнікі прайшлі маршам ад станцыі метро «Цэнтрум» да амбасады Беларусі. Па дарозе калона зрабіла прыпынак ля амбасадаў ЗША і Расейскай Федэрацыі. Траса маршу расцягнулася амаль на 10 км, а дарога ад цэнтру польскай сталіцы да пасольства заняла прыкладна 3,5 гадзіны. Да акцыі далучыўся Павел Латушка. Кіраўнік НАУ пракаментаваў сітуацыю ў Беларусі і заклікаў удзельнікаў акцыі не здавацца. Варшава, Польшча. 8 жніўня 2021 года. Фота: ЯП / Белсат

Вольга з’ехала ў Варшаву ўслед за маладым чалавекам, на якога маглі завесці крымінальную справу за ўдзел у пратэстах. Тады ёй асабіста, распавядае яна «Вот Так», нічога не пагражала. Але сёння яна, удзельніца пратэстаў, сумняваецца, што будзе ў роднай краіне ў бяспецы:

«Мне вельмі страшна. Я не была дома сем месяцаў, упершыню ў жыцці».

Са звычайнай эміграцыяй яе сітуацыю параўнаць немагчыма, адзначае Вольга: «Тут як быццам бы нехта за мяне вырашае. Калі я паеду дадому, то могуць быць наступствы, пра якія я нават не хачу думаць». Вымушанасць пераезду замінае Вользе шукаць працу і будаваць планы на будучыню: «Мой унутраны голас кажа: як жа я знайду працу, як я тады паеду ў Менск? Раптам я прызвычаюся».

Беларусы Батумі адзначылі гадавіну рэвалюцыі ў Беларусі

Беларусы распавядаюць, што калі да 2020-га проста хацелі паспрабаваць пажыць у іншай краіне, то падзеі мінулага лета ўсё памянялі. «Я ўбачыла, колькі цікавых, маладых і неабыякавых людзей вакол, – распавядае мянчанка Жэня Ю. – … гэта не хтосьці, а менавіта мы жывем у гэтым горадзе, краіне, і ўсё гэта можа і павінна быць такім, якім мы сабе ўяўляем. І пры змене ўлады ў кожнага з нас ёсць шанец зрабіць свой унёсак у развіццё. Таму ўжо восенню я злавіла сябе на думцы, што ўпершыню ў жыцці з’язджаць не хочацца. Хочацца дачакацца пераменаў і быць часткаю новай гісторыі».

У пікавыя моманты, распавядае Жэня, пад уплывам навінаў яе «ахоплівае жах»: «Ад нейкага бяссілля, што цябе могуць пакараць без прычыны. Ім не патрэбная нагода – часам здаецца, што людзей арыштоўваюць наўздагад, ці яшчэ горш – па чарзе, і што да ўсіх гэтая чарга дойдзе. У такія дні думаеш: а калі і да мяне дойдзе чарга, куды бегчы? Спыняе наяўнасць дзяцей, мама, бабуля, – не ўяўляю, як іх пакінуць. Таму надыходзіць новы дзень, роспач мінае, і думаеш: не, застаемся, яшчэ ёсць сілы».

Таццяна Рэут для «Вот Так»

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны