Кац прапануе здацца

Гэтым разам не Кац, а цэлы палкоўнік, начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун, каментуючы закон «Аб грамадзянстве», што набывае моц, прапанаваў грамадзянам, асуджаным за злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці» вярнуцца і адседзець належнае, каб, значыцца, не страціць статус грамадзяніна Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш пратэсту ў Менску. 25 кастрычніка 2020 гады.
Фота: Агата Квяткоўска / Белсат

Палкоўнік – асоба сур’ёзная і на прэс-канферэнцыі бровы хмурыў ну вельмі грозна. Настолькі, што ў мяне адразу рука тузанулася напісаць на самога сябе заяву непасрэдна таварышу Бегуну, прызнацца ў супрацы з «Белсатам» і пацікавіцца: «Колькі мне мае быць? З канфіскацыяй або без?« Ну і, вядома, разгледзець магчымасць прыбыць літаральна паслязаўтра на адзіны памежны пераход, што працуе, «Варшаўскі мост», каб здацца ўладам. Тут галоўнае не спазніцца, бо могуць жа і чэргі з’явіцца. Я ж не адзін бравага палкоўніка слухаю.

Такім было маё першае жаданне. Аднак чалавек я валявы, сядзеў, таму здолеў здушыць у сабе гэты першасны эмацыйны парыў і вярнуць кіраванне розуму.

Зробім здагадку, пазбавяць мяне (напрыклад) беларускага грамадзянства – што я губляю? Магчымасць свабоднага перасоўвання па свеце? Наўрад ці. Тут справа ў тым, што гэта толькі гледачам беларускага тэлевізара здаецца, што такія захады, як пазбаўленне грамадзянства «адшчапенцаў», – нешта арыгінальнае. Усялякіх дробных людаедаў у гісторыі цывілізацыі было досыць шмат. І некаторыя з іх спрабавалі гуляць у вось такія дзіўныя гульні. І паколькі сітуацыя стандартная, то і ейнае развязанне таксама не з’яўляецца ноу-хау.

Цяпер у свеце 12 млн чалавек лічацца асобамі без грамадзянства і нічога, жывуць, будуюць кар’еры, нараджаюць дзяцей і цалкам спакойна перасоўваюцца па свеце, не заязджаючы ў «запаведнікі стабільнасці». Паўтаруся: рашэнне стандартнае.

Што далей? Пазбаўленне грамадзянства неяк абмяжоўвае пазбаўленага ў правах абараняць правы беларусаў? Маўляў, «глядзіце! Ён жа нават не грамадзянін Беларусі!« Дзіўная лагічная канструкцыя. Здаецца, калі Лукашэнка пазбавіць Латушку або Ціханоўскую беларускага грамадзянства, гэта, наадварот, дадасць ім вагі ў вачах і беларусаў, і замежных партнёраў. Зробіць іх больш пацярпелымі ад рэжыму, і голас іхны будзе чутны толькі гучней.

Што яшчэ, якія страты? Беларуская пенсія? Бясплатная медыцына? Ільготны праезд у грамадскім транспарце дзе-небудзь у Пінску? Страшна, аж жуда. Як жа я ці іншыя ўжо асуджаныя будзем жыць на старасці гадоў без $ 200 на месяц ад беларускай дзяржавы? Проста не ведаю.

Пагражаць ім няма чым. Яны, вось гэтыя палкоўнікі Бегуны, таму і ўхваляюць законы і робяць грозны выгляд на прэс-канферэнцыях, што – аніяк. Ужо тры гады мінула, а выбары не скончаныя. Лукашэнка не прызнаны. З Днём незалежнасці віншуюць толькі кітайцы з туркменамі. А ўвесь астатні свет лічыць законным прадстаўніком інтарэсаў беларусаў Ціханоўскую. І істэрычныя крыкі Азаронка ніяк не ўплываюць на рэальнасць.

Уласна ж закон, безумоўна, арыгінальны. Прыстойныя краіны не маюць звычкі пазбаўляць уласных грамадзянаў, якія атрымалі грамадзянства паводле нараджэння, правы на гэта самае грамадзянства. Так, ён, грамадзянін гэты, можа быць злачынцам, шпіёнам, здраднікам. Але тады яго неабходна пераследаваць усімі законнымі спосабамі. А пазбаўленне грамадзянства азначае толькі бяссілле рэпрэсіўнай машыны дзяржавы.

Калі палкоўніку Бегуну разам з дэпутатамі псеўдапарламента (якія ўхвалілі такі закон), а таксама з усімі арганізацыямі, што ўхвалілі закон, падабаецца выглядаць клоўнамі, ніхто не можа ім гэтага забараніць. Больш за тое, не варта ім і перашкаджаць. Бо такая бессэнсоўная і безвыніковая праца адцягвае іх ад сапраўды шкодных ініцыятываў. Хоць бы часова.

Ну і калі пазбавяць яны кагосьці грамадзянства, то на жыццё гэтага кагосьці дадзены факт зробіць вельмі малы ўплыў. Гэты хтосьці і так не збіраўся карыстацца бясконцымі сацыяльнымі выгодамі Беларусі, як і наведвацца ў родныя мясціны ў бліжэйшай перспектыве. Калі ж сітуацыя зменіцца і вецер пераменаў вернецца ў Беларусь, адсутнасць дзейнай сіняй кніжыцы з вянком на вокладцы і штампікам якога-кольвек вельмі важнага АГіМу ўнутры будзе апошнім, што спыніць ну гэтых, як іх?..

Будзе апошнім, што спыніць нас: наўрад ці ў гэты момант на мяжы так ужо строга будуць спраўджваць пашпарты.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў