«Беларусы не мусяць быць ціхімі». У Варшаве адбыўся «Гучна-фэст»


Тыдзень беларускай культуры завяршыўся 10 ліпеня ў Варшаве. Кропку паставіў «Гучна-фэст», які адбыўся ў нядзелю на беразе Віслы. Было сапраўды гучна. І смачна. Журналісты «Белсату» ў гэтым пераканаліся.

Наведнікі «Гучна-фэсту» у Варшаве.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Каханне, музыка, радасць

Гучна было ўжо з 14:00. Прастора над Віслай паміж варшаўскімі мастамі Панятоўскага і Лазенкаўскім запаўнялася рытм-секцыяй і вакалам Машы Зіневіч – лідаркі гурта «Dlina Volny». Музыкі проста наладжвалі апаратуру, але пад гэтыя гукі гарманічна падладжваліся і бар «Fala», дзе плёскалася піва, і хвалі самой Віслы, якія прымалі ўдзельнікаў экалагічнай акцыі «Big Jump».

Гурт «Dlina Volny» на сцэне «Гучна-фэсту» ў Варшаве.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Калі леташні Тыдзень беларускай культуры праходзіў пад лозунгам «Культура пераможа дыктатуру!», дык сёлетні меў яшчэ большую накіраванасць у будучыню. Было так і на «Гучна-фэсце». Актывісты Моладзевага блоку выставілі на пляцоўцы грамадскай актыўнасці вялікі стэнд з чыстым аркушам з пытаннем «Што павінна быць у Беларусі будучыні?». Першыя адказы былі такімі: «балдзёж», «каханне», «музыка», «радасць», «роўныя правы»…

«Так, мы паставілі спот з такім пытаннем, бо мяркуем, што нам трэба ўсім разам памятаць пра мінулае, але працаваць на будучыню. Таму адначасова мы збіраем тут грошы на палітзняволеных студэнтаў», – патлумачыў сакратар рады Моладзевага блоку Даніла Лаўрэцкі.

Мастачка Караліна Палякова прадае свае творы на арт-кірмашы падчас «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Зусім непадалёк актывісты Цэнтру беларускай салідарнасці заклікалі напісаць ліст у будучыню – да сябе самога ці да грамадскай арганізацыі. Ліст можна было кінуць у адмысловую скрынку, якую арганізатары абяцаюць адкрыць роўна праз год. Да скрыні выцягвалася нават невялікая чарга.

«Будзем пра гэта крычаць і крычаць»

Насупраць скрынкі для лістоў у будучыню – жорсткае мінулае і суровая рэальнасць сённяшняга дня. Дзяўчына, якая назвалася Марыяй, прэзентуе справаздачы Міжнароднага камітэту для расследавання катаванняў у Беларусі. Адна з іх – «Мы выйшлі за мір, а трапілі ў турму» – тычыцца рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў, якія выступілі супраць вайны ва Украіне. Паводле расследавання, толькі 27–28 лютага было затрымана 1100 беларусаў, 630 з іх апынуліся за кратамі.

Наведнікі «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«На жаль, нічога не спынілася. Таму сёння прэзентуем свае справаздачы пра рэпрэсіі. Будзем пра гэта крычаць і крычаць. Бо сітуацыя пасля пачатку вайны толькі пагоршылася», – кажа Марыя.

На сцэне ў гэты момант пачынаюць рэпетаваць хлопцы з «Tyapin Crew». Іхны магутны рэп-кор на некалькі хвілінаў адганяе на правы бераг Віслы сталёвую хмару.

«Tyapin Crew» на сцэне «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Але толькі на некалькі хвілінаў. Пачынае сыпаць дробны дождж. Надвор’е такое ж нестабільнае, як і ўсё беларускае жыццё сёння. Людзі ўстаюць з прыступак з боку сцэны і хаваюцца пад навесы бару і арт-маркету.

«Хачу зноў адчуць тую свабоду…»

«Не-не, мы не сумныя – дождж абавязкова скончыцца! – апярэджваюць маё пытанне майстры студыі беларускага нацыянальнага татуявання «1863» Віктар і Андрусь. – Чакаем, што прыйдзе шмат беларусаў. Бо мы ўсе датычныя да таго свята, якое звязанае з беларускай культурай. І мы не мусім быць ціхімі, павінны мець голас і гучаць».

Каля 16:00 (канцэрт прызначаны на 17:30) дождж сапраўды сціхае. Дзяўчына, якая трымае ў руках дзве табліцы з надпісамі «Блін» і «Далоў Дажджа», пераможна ўсміхаецца. Яшчэ хвілінаў 20 таму яна заклікала «ўзяць удзел у імітацыі мітынгу». І вось – атрымалася. Дождж спыніўся. Ці надоўга?

Наведнікі «Гучна-фэсту» хаваюцца пад парасонамі ад дажджу.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На пляцоўцы арт-маркету людзі набываюць торбы, значкі, паштоўкі, прынты Караліны Паляковай, дызайнерскае адзенне «Katsuba», нават майкі «Legalize Belarus» з выявай вядомай расліны.

Злева на выхадзе кош з надпісам «Дапамога для Украіны». Туды можна пакласці пластыры, пігулкі, скотч, маркеры ды іншае. Арганізатар фэсту – «Free Belarus Center» – абяцае, што частка атрыманых сродкаў таксама пойдзе на дапамогу Украіне.

HUCHNAFEST
Наведнікі «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ксенія, якая прыйшла на «Гучна-фэст» з вялікім бел-чырвона-белым сцягам, трохі здзіўленая, што сцягоў на імпрэзе пакуль малавата. Але патлумачыла гэта тым, што «яшчэ не ўсе сабраліся».

«Я шмат людзей бачыла са сцягамі ў метро, пакуль сюды ехала. Мне столькі людзей «Жыве Беларусь» крычала, што я трохі ў шоку. І ніякіх прэтэнзіяў ні ад украінцаў, ні ад палякаў – усе пасміхаліся і прыязна на мяне глядзелі.

Прыйшла сюды, бо хачу зноў адчуць тую свабоду, якую адчувала ў Беларусі падчас маршаў», – падзялілася Ксенія.

Гучна і смачна

На сцэне – акторка і спявачка Chornabrova. Два польскія паліцыянты накіроўваюцца ў бок сцэны, падыходзяць да аднаго з арганізатараў канцэрту, пару хвілінаў пра нешта размаўляюць. Калі адыходзяць, мужчына ўздымае ўверх вялікі палец: маўляў, усё ў парадку.

Chornabrova на сцэне «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Раптам прыпякае сонца. Чарга па піва становіцца даўжэйшаю. Чаго бракуе асабіста нам, дык гэта дранікаў.

Удзельнікаў «Гучна-фэсту» частуюць смачнымі наліснікамі з мясам, нутэлай ці тварагом уладальнікі фудтраку «Наліснікі разам» – беларусы Наталля і Дзмітрый. Падагнаць фудтрак да Віслы ім не дазволілі, таму яны разбілі намёт на супрацьлеглым ад сцэны канцы пляцоўкі. Прапаноўваюць таксама ганконгаўскія вафлі. А вось дранікаў няма.

«Дранікі не заўжды лёгка ў фудтраку прыгатаваць. Для іх патрэбная сапраўдная кухня», – тлумачыць Дзмітрый.

Наведнікі «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Але сапраўдная кухня ладзіцца ўжо і на сцэне. Гуку прыбывае. Нас становіцца ўсё больш, а Вісла паскарае сваю плынь. Куды цячэ? У будучыню. На тым беразе – ужо заззяла вясёлка.

Тыдзень беларускай культуры адкрыла сёлета 4 ліпеня ў «Беларускім моладзевым хабе» беларуская лідарка Святлана Ціханоўская. У межах свята адбыліся разнастайныя музычныя, мастацкія і дзіцячыя імпрэзы.

Дрон з бел-чырвона-белым сцягам над наведнікамі «Гучна-фэсту».
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На «Гучна-фэсце», які стаўся апошняй імпрэзай тыдня культуры, выступілі таксама ўлюбёнцы публікі – гурт «Разбітае сэрца пацана».

Інтэрв’ю
Сяргей Будкін: «Замаўчаць? Для некаторых творцаў гэта азначае смерць»
2022.05.23 12:41

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў