Літва атрымае ад Frontex падмацаванне для аховы мяжы з Беларуссю


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа абмеркаваў сітуацыю з нелегальнай міграцыяй на мяжы з Беларуссю з Фабрысам Леджэрам – кіраўніком агенцтва Еўразвязу па бяспецы вонкавых межаў (Frontex). Пра гэта паведамляе прэс-служба літоўскага лідара.

Наўседа прызнаў, што Літва мае патрэбу ў дапамозе і ў людзях, і ў тэхніцы. Кіраўнік Frontex у сваю чаргу адзначыў, што актывуе механізм аказання надзвычайнай памежнай дапамогі. Неўзабаве ў Літву мусіць быць накіраванае падмацаванне: перакладчыкі, спецыялісты па працы з мігрантамі, узброеныя патрулі, а таксама два верталёты (адзін з Польшчы, другі з Нямеччыны).

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Agencja Wschod / Forum

У сваю чаргу, Frontex падкрэсліла, што збіраецца больш чым у два разы павялічыць сваю прысутнасць на літоўска-беларускай мяжы. Акрамя пералічанай вышэй дапамогі, агенцтва накіруе ў Літву экспертаў, якія будуць дапамагаць са зборам дадзеных пра мігрантаў, якія нелегальна перасякаюць мяжу.

1 ліпеня агенцтва Еўразвязу па бяспецы вонкавых межаў (Frontex) накіравала на мяжу Беларусі з Літвой і Латвіяй 10 супрацоўнікаў і некалькі патрульных аўтамабіляў.

11 ліпеня літоўскія памежнікі паведамілі, што за апошнія содні на мяжы з Беларуссю было затрымана 57 нелегальных мігрантаў.

Нагадаем, учора да аховы мяжы з Беларуссю далучыліся літоўскія вайскоўцы.

  • У 2021 годзе Літва фіксуе выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі. Ад пачатку года ў Літву нелегальна спрабавалі трапіць 1643 асобы. Для параўнання: у 2017 годзе літоўцы злавілі на мяжы 72 нелегальных мігрантаў, у 2018-м – 104, у 2019-м – 46, у 2020-м – 81.
  • Улады Літвы вінавацяць рэжым Лукашэнкі ў тым, што ён спрыяе нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз і мэтанакіравана перакідвае мігрантаў да мяжы. Кіраўніцтва Літвы называе дзеянні афіцыйнага Менску гібрыднаю вайною. На найвышэйшым узроўні рэжым Лукашэнкі дэ-факта прызнае, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі.
Аналітыка
Забытыя мільёны. Колькі грошай Беларусь атрымала ад Еўразвязу на ўмацаванне мяжы?
2021.07.09 07:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў