Украіна прайшла ў фінал «Еўрабачання-2022»


10 траўня ў італьянскім горадзе Турыне прайшоў першы паўфінал музычнага конкурсу «Еўрабачанне-2022». Удзел у ім узялі 17 краінаў, сярод пераможцаў – Украіна.

Украіну ў «Еўрабачанні-2022» рэпрэзентуе гурт «Kalush Orchestra».
Фота: EBU

Пераможцы першага паўфіналу:

  • Арменія: Роза Лін з песняй «Snap»;
  • Грэцыя: Аманда Тэнф’юр з песняй «Die Together»;
  • Ісландыя: гурт «Systur» з песняй «Með Hækkandi Sól»;
  • Літва: Моніка Лю з песняй «Sentimentai»;
  • Малдова: «Zdob şi Zdub» & «Advahov Brothers» з песняй «Trenulețul»;
  • Нідэрланды: «S10» з песняй «De Diepte»;
  • Нарвегія: «Subwoolfer» з песняй «Give That Wolf A Banana»;
  • Партугалія: спявачка MARO з песняй «Saudade, Saudade»;
  • Украіна: «Kalush Orchestra» з песняй «Stefania»;
  • Швейцарыя: Мар’юс Бэр з песняй «Boys Do Cry».

Пакуль што невядома, якая краіна набрала найбольш балаў ад журы і гледачоў.

Не прайшлі першы этап конкурсу Аўстрыя, Албанія, Балгарыя, Данія, Латвія, Славенія, Харватыя.

«Еўрабачанне» мае два паўфіналы, па выніках кожнага з іх у фінал праходзяць 10 краінаў-удзельніц, а таксама 5 краінаў-заснавальніц конкурсу – Францыя, Нямеччына, Іспанія, Вялікая Брытанія і Італія.

Музычны конкурс «Еўрабачанне-2022» стартаваў 8 траўня. Удзел у ім бяруць 40 краінаў. Другі паўфінал пройдзе 12 траўня. Фінал адбудзецца ў суботу, 14 траўня.

Беларусь і Расея сёлета ў «Еўрабачанні» не ўдзельнічаюць. Еўрапейскі трансляцыйны звяз выключыў Расею з конкурсу на наступны дзень пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну. Пасля гэтага Расея сама выйшла з ЕТЗ.

Беларусі адмовілі ва ўдзеле яшчэ ў 2021 годзе за тэкст песні ўдзельнікаў, які парушаў правілы «Еўрабачання».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў