Пракуратура запрасіла два з паловай гады пазбаўлення волі для экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны»


Акрамя зняволення, дзяржабвінаваўца просіць спагнаць з Віктара Фенчука 196 тысяч рублёў на карысць «Менсктрансу», піша «Зялёны партал».

Віктар Фянчук.
Фота: Еўрарадыё

Падчас паседжання ў судзе Маскоўскага раёну Менску 10 траўня бок дзяржабвінавачання запрасіў пакаранне для былога кіраўніка грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктара Фенчука – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама пракуратура просіць спагнаць з Фенчука 196 тысяч рублёў на карысць «Менсктрансу» ў якасці кампенсацыі нанесенай пратэснымі маршамі шкоды.

Пра Фенчука пракурор сказаў, што «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя».

Таксама вядома, што ў Віктара канфіскавалі кубачак з надпісам «Для чаю з малінавым варэннем».

Былога кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны», арнітолага Віктара Фенчука затрымалі 1 верасня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле артыкулу 342 КК РБ – «Арганізацыя і рыхтаване дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх». Нагодай для абвінавачання сталі некалькі фотаздымкаў з пратэсных маршаў 2020 года, на якіх ёсць Фянчук. Гэтыя фотаздымкі былі далучаныя да матэрыялаў справы як доказы віны Фенчука.

18 сакавіка бягучага года Вярхоўны Суд Беларусі зліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны», якую некалі ўзначальваў Віктар Фянчук. Гэтая прыродаахоўная грамадская арганізацыя працавала ў Беларусі амаль 25 гадоў.

Працэдуру ліквідацыі ініцыявала Міністэрства юстыцыі, спасылаючыся на вынікі правярання ГУБАЗіКу. Нагодай, з гледзішча сілавікоў, стаў выраз #птушкізнародам, які выкарыстоўвала АПБ у сваіх сацыяльных сетках падчас пратэстаў, а таксама факты прыцягнення работнікаў да адміністратыўнай адказнасці паводле «народнага артыкулу» 24.23 КоАП – за ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях».

Таксама ў пазове Міністэрства юстыцыі сказана, што АПБ «пад выглядам валанцёрства для ратавання птушак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў