Дэпутат Ганчарэнка: У законапраекце пра мабілізацыю ва Украіне бракуе пункту пра дэмабілізацыю


Вярхоўная Рада Украіны 11 красавіка ўхваліла закон аб мабілізацыі. «За» прагаласавалі 283 дэпутаты з 401, але ніводзін з партыі «Європейська солідарність» не падтрымаў закон. Дэпутат Аляксей Ганчарэнка расказаў «Белсату», што ў законе не хапала вельмі важнага пункту аб тэрмінах службы і вяртанні вайскоўцаў дамоў.

Аляксей Ганчарэнка.
Фота: Гончаренко / Telegram

Гэты закон вельмі важны, расказвае «Белсату» народны дэпутат Украіны з фракцыі партыі «Європейська солідарність» Аляксей Ганчарэнка, прэзідэнт камітэту ў пытаннях міграцыі і ўцекачоў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Прычыны, кажа ён, зразумелыя: ідзе вайна, мабілізацыя патрэбная.

Закон уносіць змены ва ўлік вайсковаабавязаных; пашырае катэгорыі людзей, якіх могуць мабілізаваць; уводзіць абмежаванні і карныя меры супраць тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі; уводзіць базавую вайсковую падрыхтоўку; павялічвае выплаты за знішчаную варожую тэхніку і ўводзіць сістэму іпатэкі для вайскоўцаў на службе… Асобна Вярхоўная рада прагаласавала за тое, каб даручыць ураду павялічыць выплаты вайскоўцам на перадавой – «на нулі».

Але ў апошні момант з законапраекту прыбралі норму пра дэмабілізацыю пасля 36 месяцаў службы, звяртае ўвагу Ганчарэнка. Тады як вызначыць тэрмін службы вельмі важна, і кепска, што пытанне застаецца нявырашаным:

«Для мяне галоўны пункт у гэтым законе быў менавіта пра вызначэнне тэрміну службы, – падкрэслівае Ганчарэнка. – Гэта і падтрымка дзейных вайскоўцаў, каб у іх было разуменне, калі яны вярнуцца дадому. Каб падтрымаць іхную мараль, баявы дух. Па-другое, для тых, каго мабілізуюць, каб яны не хаваліся. Бо вельмі важна людзям ведаць, калі яны ідуць служыць, колькі яны будуць служыць».

Менавіта з гэтай прычыны «Європейська солідарність» не галасавала «за», а ўстрымалася, бо гэтае пытанне тэрмінаў службы для партыі ключавое, кажа дэпутат. Яно ключавое і для дзейных вайскоўцаў, упэўнены Ганчарэнка, і вельмі важнае для самой мабілізацыі.

Ганчарэнка вельмі сумняецца, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не падпіша закон: з ім гэта дакладна было ўзгоднена, ягоная партыя «Слуга народу» гэты праект прасоўвала, урад быў аўтарам праекту, на сённяшнім паседжанні Вярхоўнай рады прысутнічаў галоўнакамандуючы Збройных сілаў…

Абноўлена
Зяленскі адправіў Залужнага ў адстаўку. Замест яго будзе Сырскі
2024.02.08 18:47

Ухваленне закону азначае, па словах Ганчарэнкі, што мабілізацыя можа быць павялічаная за кошт пашырэння катэгорыяў прыдатных да мабілізацыі і пакаранняў за ўхіленне. Але тэмпы мабілізацыі залежаць ад задач, якія ставіць Генштаб.

«Калі казаць шырэй, мае быць размова пра нашую стратэгію, – дадае Ганчарэнка. – Мы не можам змагацца з Расеяй колькасцю людзей. Гэты шлях для нас абсалютна тупіковы: мы проста скончымся раней, чым расейцы.

Вось, уласна, і ўсё, на жаль. Гэта будзе катастрофа і для нас, і для ўсіх нашых сяброў. Таму важны ўласна менеджмент людскога рэсурсу – гэта асноўны рэсурс. Нам нашыя партнёры даюць лепшую зброю ці горшую зброю, але даюць. А вось людзей нам ніхто не збіраецца даваць. І гэта ключавое. І гэты менеджмент мае быць на найвышэйшым узроўні».

Пашырэнне мабілізацыі ва Украіне абмяркоўвалі ўжо даўно. Законапраект пра мабілізацыю ўрад унёс у Вярхоўную раду 25 снежня 2023 года, але 11 студзеня 2024-га праект адклікалі. Потым два месяцы камітэт, у якім большасць мае ўлада, разглядаў праект і рыхтаваў да наступнага чытання. 10 красавіка паседжанне па разглядзе правак скончылася а 2-й ночы, згадвае Ганчарэнка.

Чаму так адбывалася, Ганчарэнка не ведае. Пытаем: можа, справа ў тым, што Украіне трэба мабілізаваць сотні тысяч людзей, а ніхто не ведае спосабу, як зрабіць гэта і не раззлаваць народ? Дэпутат кажа, што можа быць і так: відавочна, што законапраект нельга назваць папулярным. Але не бярэцца казаць, у чым была дакладная прычына такога доўгага разгляду законапраекту.

Hавiны
Зяленскі: Расея рыхтуе на чэрвень мабілізацыю 300 тысяч чалавек
2024.04.03 15:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў