На свабоду выйшла палітзняволеная Аксана Зарэцкая


Палітзняволеная Аксана Зарэцкая выйшла на свабоду, цалкам адбыўшы свой тэрмін зняволення. Пра гэта напісала ў сваім «Фэйсбуку» мастачка Ніка Сандрас.

Бізнес-трэнерка Аксана Зарэцкая.
Фота: zaretskaya.by

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Аксана выйшла на свабоду ў пачатку красавіка.

Аксана Зарэцкая – трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, культуролаг, магістр педагогікі.

Аксану затрымалі напрыканцы 2022 года і асудзілі на паўтара года калоніі. Яе асудзілі паводле «народнага» артыкулу (342-гі арт. КК, «Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Пакаранне Аксана адбывала ў жаночай калоніі № 4 у Гомлі.

У сакавіку 2023 года з’явіліся паведамленні, што яшчэ перад прысудам Зарэцкая адчула пагаршэнне стану здароўя. 16 сакавіка 2023 года яе шпіталізавалі. Паводле праваабаронцаў, яна мінімум тры дні прабыла ў коме.

Пасля таго, як палітзняволеная прыйшла ў прытомнасць, яе вярнулі ў СІЗА на Валадарскага. Там ніякай належнай медычнай дапамогі не было, для Аксаны не прымалі нават валяр’янку ў перадачах ад родных. У траўні жанчыну этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў