Мінфін Польшчы растлумачыў, што адбываецца з абмежаваннямі на вываз аўтаў у Беларусь


У прэсавай службе Бюро камунікацыі і прамоцыі Польшчы адказалі на запыт карэспандэнтаў «Белсату» адносна абмежаванняў, уведзеных з 23 сакавіка ў дачыненні вывазу аўтамабіляў у Беларусь.

Польска-беларускі памежны пераход «Тэрэспаль». Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Нацыянальная падатковая адміністрацыя (НПА) згодна са сваімі кампетэнцыямі прымае эфектыўныя захады для ўхілення практыкі абыходу санкцыяў. Дзейнасць НПА праводзіцца, сярод іншага, на падставе аналізу абыходу санкцыяў шляхам экспарту падлеглых санкцыям тавараў у краіны высокай рызыкі (краіны, вядомыя сваім падтрыманнем абыходу санкцыяў)», – гаворыцца ў адказе.

У Міністэрстве фінансаў Польшчы адзначылі, што арт. 12 пастановы Рады Еўрапейскага Звязу № 833/2014 ад 31 ліпеня 2014 года пра абмежавальныя захады з прычыны дзеянняў Расеі, што дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне, «забараняе заведамы і наўмысны ўдзел у дзеяннях, мэтай або вынікам якіх ёсць абыход забаронаў, прызначаных гэтай пастановай». Таксама згодна з арт. 15 Мытнага кодэксу ЕЗ любая асоба, якая наўпрост або ўскосна ўдзельнічае ў здзяйсненні мытнага афармлення або падлягае мытнаму кантролю, абавязаная на патрабаванне мытнага органу і ў прызначаны тэрмін падаць усе неабходныя дакументы і інфармацыю ў адпаведнай форме, а таксама надаць ім усю дапамогу, неабходную для выканання гэтых фармальнасцяў або кантролю.

«Таксама адзначаем, што абыход санкцыяў стаў адной з галоўных задачаў Еўразвязу ў апошнія месяцы, а супрацьдзеянне гэтай зʼяве – важная задача, ускладзеная на мытныя органы краінаў ЕЗ. Дзейнасць у гэтай галіне была і застаецца прыярытэтам НПА», – гаворыцца ў адказе.

Hавiны
Польшча не выпускае ў Беларусь транзітных аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра
2024.03.23 15:33

З 23 сакавіка Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, або даражэйшыя за 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка. Пра забарону стала вядома не з афіцыйных крыніцаў, а з рэальнай сітуацыі на мяжы.

«Нават калі гэта BMW двухлітровая – забарона на вываз. Нават калі едзе ў Кіргізію, у Казахстан, куды заўгодна, у Грузію – забарона на вываз. На ўсё, што больш за 1,9 літра, не даюць экспартныя дэкларацыі, не прапускаюць на мяжы. Проста на мяжы калапс, увесь Тэрэспаль забіты машынамі», – адзначаў YouTube-канал «Dasmotors».

Ад кіроўцаў аўтамабіляў патрабуюць дакумент ад вытворцы, які пацвярджаў бы права на экспарт машыны за межы Еўразвязу. Там мусіць быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына не будзе перапрададзеная. Таксама кіроўца мусіць падпісаць заяву, што ведае пра крымінальную адказнасць за фальшаванне такога дакументу.

З 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, імпарт згаданых аўтамабіляў з Еўразвязу ў РФ забаронены. Аднак у дачыненні вывазу абмежаванняў не ўводзілі, чым і карысталіся пасярэднікі, якія куплялі такія аўты ў краінах ЕЗ, завозілі іх у Беларусь, а адтуль – у Расею.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў