Генпракуратура накіравала ў суд справу супраць Франка Вячоркі


Генеральная пракуратура для вызначэння падсуднасці перадала ў Вярхоўны Суд справу супраць Франка Вячоркі, якога пераследуюць праз механізмы спецыяльнага вядзення. 

Франак Вячорка
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У прэс-рэлізе паведамляецца, што намеснік генеральнага пракурора, накіроўваючы крымінальную справу ў суд, выставіў Франку Вячорку пазоў у інтарэсах дзяржавы аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў.

Спецыяльнае вядзенне супраць Франка Вячоркі, старэйшага дарадцы абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, было распачатае ў лютым 2024 года.

Яму было выстаўленае абвінавачанне адразу паводле 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • здрада дзяржаве;
  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення акту тэрарызму і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • стварэнне і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем, у тым ліку паўторна;
  • распальванне іншай сацыяльнай варожасці і разладу;
  • арганізацыя масавых беспарадкаў;
  • арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак;
  • паклёп у дачыненні прэзідэнта.

Нагадаем, механізм спецыяльнага вядзення дазваляе ўладам Беларусі судзіць апанентаў завочна, калі тыя застаюцца за мяжой.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў