Чарговы суд над памерлым: стала вядома, каго наступным будуць судзіць па справе аб генацыдзе


Пракуратура Гомельскай вобласці збіраецца «актуалізаваць, асучасніць» і накіраваць у суд крымінальную справу супраць яшчэ аднаго памерлага, які служыў у гады вайны паліцаем у Хойніцкім раёне. Аб гэтым заявіў пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў, піша БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксей Кіслеўскі / СК РБ

У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракуратура Хойніцкага раёна з удзелам вайскоўцаў 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны ўстанавіла пахаванне мірных жыхароў вёскі Віць, расстраляных фашыстамі ў 1942 годзе (да 1964 года вёска называлася Гноеў). Там у 1942 годзе фашысты расстралялі цыганскі табар.

Падчас расследавання справы пракуратурай было ўсталявана, піша БелТА, што гэта карная аперацыя была праведзеная па загадзе былога начальніка хойніцкай паліцыі Аляксандра Ярмольчыка. Вядома, што восенню 1941 года ён добраахвотна паступіў на службу ў паліцыю. За карную дзейнасць супраць савецкіх грамадзян акупацыйныя ўлады ўзнагародзілі Аляксандра Ярмольчыка медалём «За адвагу».

Пры надыходзе Чырвонай Арміі ён схаваўся, затым жыў на тэрыторыі ФРГ пад прозвішчам Кругер. Паводле паведамлення палітычнага дэпартамента МЗС ФРГ, ён памёр 27 лістапада 1984 года.

Са словаў Марозава, у 1960–1970-х гадах Ярмольчыка спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў Нямеччыне, «але нямецкая Феміда доўга разглядала гэтую справу». У Беларусь прыязджалі нямецкія следчыя, якія дапытвалі сведкаў. Але цягам 10 гадоў, пакуль ішоў судовы працэс, Ярмольчык памёр.

«Сёння стаіць задача актуалізаваць гэтую справу, асучасніць яе і накіраваць у суд, як гэта было па справе Катрука, вядомага ката Хатыні. Думаю, наступным будзе Ярмольчык-Кругер. Ёсць шмат доказаў, працэсуальных дакументаў, складзеных у 1960-я – пачатку 1970-х гадоў, якія з відавочнасцю сведчаць аб яго крывавым мінулым», – падкрэсліў Віктар Марозаў.

Нагадаем, што 18 сакавіка 2024 года Вярхоўны Суд Беларусі вынес рашэнне ў справе аб генацыдзе беларусаў, пачатай супраць памерлага Уладзіміра Катрука. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 127 Крымінальнага кодэксу РБ («Генацыд»). Сцвярджалася, што Катрук здзяйсняў злачынствы падчас Другой сусветнай вайны. Ініцыяваў крымінальную справу генпракурор Андрэй Швед.

26 сакавіка на выставе, прысвечанай генацыду беларускага народу, Андрэй Швед сказаў, што Генеральная пракуратура Беларусі рыхтуецца да судоў над яшчэ 5 памерлымі. Іх таксама абвінавачваюць у генацыдзе беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны.

Інтэрв’ю
«Уладу цікавіць не гістарычная праўда, а прапагандысцкія патрэбы». Гісторык – пра міфы і праўду Хатыні
2024.03.22 15:17

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў