Чаму УЕФА другі раз заплюшчыў вочы на беларускую праблему? Разбярэм прычыны

Цяпер, калі крыху суцішыліся эмоцыі, а дакладней – нават боль абурэння ад глухаты, слепаты і поўнага ігнаравання хваробы беларускага футболу такой саліднай еўрапейскай спартовай арганізацыяй, як Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA), ёсць магчымасць паразважаць: а ці не марныя былі нашыя надзеі на тое, што Беларуская федэрацыя футболу за свае бязглуздыя і, уласна, антыфутбольныя дзеянні ўрэшце будзе пакараная? Пакараная прыпыненнем сяброўства ва UEFA і FIFA (Міжнародная федэрацыя футболу), як тое зрабілі з Расейскім футбольным саюзам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульня зборнай Беларусі супраць зборнай Казахстану падчас Лігі Нацый UEFA. Нові Сад, Сербія. 10 чэрвеня 2022 года.
Фота: Novak Djurovic / Reuters / Forum

Трэба прызнаць: мы маленькая дзяржава, а што да футбольнага ўзроўню – нават карлікавая. І звяртаць на нас увагу ніхто не збіраўся і не збіраецца. Прынамсі, пры цяперашнім кіраўніку УЕФА Аляксандэру Чэфэрыну. Для нядаўна абранага на новы чатырохгадовы тэрмін славенца прайшоў міма зварот 104 дэпутатаў Еўрапарламенту, якія заклікалі адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыйных гульнях чэмпіянату Еўропы-2024 з-за жахлівай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, а таксама не дапусціць клубы краіны да выступу ў сёлетніх еўратурнірах. Зрэшты, Беларускі фонд спартовай салідарнасці насцярожыла ўжо тое, наколькі неахвотна ведамства Чэфэрына разглядала (і ці разглядала наагул пры такім кіраўніку) шматстаронкавую справаздачу Фонду, падрыхтаваную і высланую ва УЕФА яшчэ ўвосень 2021 года.

«На жаль, пытанні этыкі ў вялікім спорце цяжкапад’ёмныя, – зазначае ў нашай размове кіраўнік Міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. – УЕФА дэманструе тэфлонавасць, да якой нічога не прыліпае. А з іншага боку – аўтаномію, якая робіць яе дзяржаваю ў дзяржаве. Грамадскі ціск тых жа еўрапарламентарыяў – палітычны ціск. Рэкамендацыі МАК – усяго толькі рэкамендацыі. CAS (Міжнародны спартовы арбітражны суд) не мае права прымусіць зрабіць тое, ад чаго УЕФА адмовілася ў адпаведнасці са сваім статутам і кодэксамі. Тут можна толькі прагназаваць, што такая закрытая карпарацыя рана ці позна сутыкнецца з вялікімі скандаламі, так было ўжо ў мінулым. І хутчэй за ўсё, паўторыцца. Бо чым больш замыкаешся ад грамадства, тым гучнейшыя скандалы».

Галоўны футбольны орган Еўропы адразу абраў варыянт няўдзелу ў беларускіх справах. Нават праз год, у леташнім кастрычніку, Чэфэрын раздражнёна падкрэсліў, што не трэба яго асабіста і арганізацыю прэсаваць Беларуссю. У інтэрв’ю нямецкаму штотыднёваму спартоваму часопісу «Sport Bild» кіраўнік УЕФА на пытанне пра магчымасць выключэння беларусаў наўпрост так і заявіў:

«Выглядае крыху па-папулісцку казаць: усіх выгнаць! У цяперашні момант мы не бачым прычынаў на гэта. Калі штосьці зменіцца, мы абавязкова адрэагуем. Палітыкі павінныя паважаць менавіта нашыя ўласныя паўнамамоцтвы з нагоды прыняцця рашэнняў. Мы ж не лезем у іхныя справы і не раім, што ім рабіць!»

Тое, што Расею адхілілі, а Беларусь не, – выглядае дзіўна толькі на першы погляд. Давайце згадаем, што больш за год таму не УЕФА і ФІФА сталі ініцыятарамі выключэння зборнай Расеі з адборачнага турніру катарскага чэмпіянату свету. Пра немагчымасць і нежаданне гуляць з прадстаўнікамі гэтай краіны заявіў у сваім «Тўітэры» прэзідэнт Польскага футбольнага саюзу (Польшча была першым супернікам Расеі ў раўндзе плэй-оф чэмпіянату свету 2022 года) Цэзары Кулеша ужо на трэці дзень вайны ва Украіне:

«Хопіць словаў, час дзейнічаць. У сувязі з эскалацыяй агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны зборная Польшчы не мае намеру гуляць матч плэй-оф з прадстаўніком Расеі. І гэта адзінае слушнае рашэнне. Мы вядзем перамовы з федэрацыямі Швецыі і Чэхіі (іншая пара паўфінальнага раўнду плэй-оф), каб прадставіць ФІФА агульную пазіцыю».

Зразумела, у такой сітуацыі Міжнародная федэрацыя футболу не магла проста так дыскваліфікаваць зборныя, што адмаўляюцца, і без барацьбы пусціць на мундыяль Расею. Апошнюю пазбавілі магчымасці змагацца далей за пуцёўку ў Катар.

Тут, у якасці яшчэ аднаго красамоўнага прыкладу, хацеў бы дапусціць адступленне і ўзгадаць, што напрыканцы 2020-га – на пачатку 2021 года і Міжнародная федэрацыя хакею (IIHF) вельмі ўпарцілася заклікам адмяніць Менск як аднаго з гаспадароў чэмпіянату свету. Але, калі спачатку Латвія, потым Швецыя і Фінляндыя, далей паўночнаамерыканскія краіны і ўрэшце галоўныя і шматгадовыя спонсары чэмпіянату планеты – «Škoda», «Nivea» і «Liqui Moly» адмовіліся ўдзельнічаць у імпрэзе, у IIHF зразумелі, што ліквідаваць гэтую хвалю ўжо не атрымаецца. Чэшскі аўтамабілебудаўнічы канцэрн выступіў з заяваю, што не жадаюць спансараваць падзею там, дзе парушаюцца нормы маралі, і што паважаюць правы чалавека і садзейнічаюць іх захаванню. З падобным зваротам адгукнуліся і ў «Liqui Moly». А ў нямецкім канцэрне «Beiersdorf», якому належыць брэнд «Nivea Men», падкрэслілі, што тут заўсёды выступалі і выступаюць супраць усялякіх формаў дыскрымінацыі і гвалту. І ў IIHF, у якім таксама не ўсе глядзелі ў рот тагачаснаму прэзідэнту арганізацыі і «вялікаму сябру Беларусі (Лукашэнкі)» Рэнэ Фазэлю, не было іншага варыянту, як біць адбой.

Цяпер правядзенню спаборніцтваў пад эгідаю УЕФА нічога не пагражае. Ні Швейцарыя, з якой Беларусь сустракалася на старце адборачнага турніру да нямецкага чэмпіянату Еўропы – 2024 (параза 0:5), ні Румынія – другі супернік Беларусі ў кваліфікацыі (параза 1:2) не сталі супраціўляцца матчам з прадстаўніком краіны-суагрэсара ваеннай эскалацыі ва Украіне, а таму на не і суда няма. УЕФА адступілася, і адзінае, што здолеў выціснуць з сябе Чэфэрын пасля красавіцкага кангрэсу ў Лісабоне, гэта тое, што «будзем назіраць за сітуацыяй».

Колькі і за чым назіраць, ён не ўдакладніў, але відавочна, калі ўсё ідзе сваёй чарадою, то і варушыць нешта праз нейкую Беларусь не варта. Пры гэтым на французскай інтэрнэт-старонцы Francsjeux.com красамоўна падкрэсліваецца, што УЕФА – адзіная з міжнародных спартовых арганізацыяў, якая раздзяліла ў санкцыях Расею і Беларусь. Пры гэтым, калі ў Статуце Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў няма, зразумела, пункту аб прыпыненні чалецтва ў арганізацыі з-за інтэрвенцыі ў іншую краіну, то акурат артыкул пра грубае ўмяшанне дзяржавы ў футбольныя справы ёсць.

Аналітыка
Беларускія футбалісты паспрабуюць трапіць на «Еўра-2024», якія шанцы ў нацыянальнай зборнай?
2023.03.26 18:07

І ён зацверджаны не сёння і не ўчора. Але ні гэта, ні тое, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты ва Украіну, дзе гінуць тысячы мірных грамадзянаў, УЕФА і ягонага кіраўніка не турбуе. Арганізацыя не бачыць прычынаў «замыкаць» Беларускую федэрацыю ў самой сабе. Можна меркаваць, што пры ўпартым Чэфэрыну як мінімум да 2027 года УЕФА не пабачыць праблемаў у беларускім футболе. «УЕФА проста цягне час», – сцвярджаю я і адначасова звяртаюся па меркаванне да кіраўніка Міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці (BSSF) Анатоля Котава. На думку эксперта – усё так і ёсць.

«УЕФА адназначна вычэквае ў беларускім пытанні. Таму што ёсць каляндар. Кожны матч каштуе грошай і прыносіць прыбытак ад трансляцыяў. Зборная Беларусі, адрозна ад той жа расейскай, шанцаў прабіцца ў фінал ЕЎРА не мае. Дык нашто ламаць каляндар, калі вынік будзе адзін і той жа. І хто больш выйграў бы ад адлучэння Беларусі – пытанні дыскусійныя. Кандрацьеў [Георгій Кандрацьеў, галоўны трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі], ці Шарснёў [Мікалай Шарснёў, старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу] і кампанія маглі б далей закідваць выразы пра перспектывы ў матчах з Косава, пра тое, што беларусы выйшлі на пік формы і гэтак далей».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульцы Беларусі і Казахстану перад матчам падчас Лігі нацый UEFA. Астана, Казахстан. 22 верасня 2022 года.
Фота: Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

«Якасцю гульні не задаволеныя нават ябацькі, – працягвае Анатоль Котаў. – Але сітуацыя «на кантролі ва УЕФА». Хоць што яны кантралююць – не зразумела. У беларускіх клубах працягваюць адхіляць гульцоў за «нелаяльнасць», дзеля чаго створаная цэлая камісія, каб правучыць, у тым ліку і фінансава, тых, хто не згодны з генеральнай лініяй. І гэта самае скандальнае з апошняга – тое, што ляжыць на паверхні. Ці гэта ў разуменні УЕФА ёсць забеспячэннем аўтаномнасці спорту? Хіба такія практыкі адпавядаюць статутным дакументам арганізацыі? Для УЕФА рэкамендацыі МАК – усяго толькі рэкамендацыі. Могуць сабе дазволіць».

Наступны раз пытанне аб зборнай Беларусі і клубах абяцалі (хоць абяцанням кіраўніка УЕФА верыць ужо не выпадае) разгледзець 28 чэрвеня на чарговым паседжанні выканкаму Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў. Да таго часу Беларусь павінная згуляць яшчэ два матчы кваліфікацыі да EURO-2024 супраць Ізраілю (16 чэрвеня) і Косава (19 чэрвеня). Абедзве сустрэчы для нашай зборнай пастаўленыя як «хатнія». То бок, павінныя прайсці ў Сербіі. Калі больш ніхто не захоча прыняць двубой зборнай Беларусі, то правядзенне матчу з касаварамі можа быць праблемным з-за іх палітычнага супрацьстаяння з Сербіяй. Магчыма, тады нешта зрушыцца ў светапоглядзе кіраўніка УЕФА Александэра Чэфэрына.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў