«Вясна» зрабіла інструкцыю, што рабіць, калі ў ІЧУ/ЦІП наблыталі дату вызвалення арыштанта


Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Апошнім часам праваабаронцы выяўляюць шмат «памылак» у датах вызвалення ў спісах Жодзіна: асуджаныя маглі выйсці пазней нават на 10 сутак. Каб такога не адбылося, пасля суда неабходна правяраць дату выхаду ў спісах ІЧУ/ЦІП або самім патэлефанаваць туды і ўдакладніць, паведамляе «Вясна».

Таксама праваабаронцы раяць весці аўдыёзапіс судовага працэсу, каб мець доказы рашэння суддзі.

Дату выхаду ў спісах выстаўляюць згодна з судовай пастановай. Калі яна не супадае – значыць дапушчана памылка ў пастанове або ў самім ІЧУ/ЦІП, ці ўвогуле маглі таемна асудзіць па новым пратаколе і дата выхаду напісана правільна.

Што рабіць, калі заўважылі несастыкоўкі:

– патэлефанаваць у канцылярыю суда і ўдакладніць рашэнне суда;

– патэлефанаваць ці прыехаць у ІЧУ/ЦІП на Акрэсціна і растлумачыць сітуацыю. Яны пераправераць дадзеныя і ў выпадку памылкі – выправяць самастойна;

– калі там паведамяць, што памылкі няма, а дадзеныя былі дакладна перададзеныя судом, то вам трэба ўзяць пастанову суда і з ёй прыехаць у ГАУС/ЦІП для рашэння гэтай праблемы. Пастанову суда можа атрымаць толькі адвакат, або сваяк, які выступаў на судзе сябе ў якасці абаронцы. Нагадваем пра ініцыятыву па пошуку адвакатаў avocado.help, каб мець магчымасць атрымаць юрыдычную дапамогу;

– калі Вы ці Вашыя блізкія ўсё ж такі ўтрымліваліся незаконна ў ІЧУ/ЦІПе, і не было магчымасці дамагчыся вызвалення ў патрэбны тэрмін, то пасля выхаду вам неабходна напісаць скаргу аб незаконным утрыманні.

А што будзе, калі гэтага не рабіць?

Важна дамагацца выпраўлення даты вызвалення ў спісах загадзя, таму што могуць узнікнуць праблемы, напрыклад, з пошукам адваката або пастановай суда, а тады арыштаванаму прыйдзецца адбыць лішнія суткі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў