Ціханоўская пра выстаўленыя мужу абвінавачанні: «Гэта не суд, а расправа»


Святлана Ціханоўская.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская пракаментавала выстаўленне абвінавачанняў свайму мужу Сяргею Ціханоўскаму.

«Абвінавачанні Сяргею [Ціханоўскаму. – Заўвага belsat.eu] – гэта не суд, а расправа. Суддзям, следчым і пракурорам, якія збіралі гэтую справу, хачу сказаць: я разумею, што пры гэтым рэжыме вы ўжо нічога не вырашаеце. Але вашымі рукамі цяпер здзяйсняюць асабістую помсту – помсту чалавеку, які стаў сапраўдным лідарам беларусаў.

Сяргей не здаецца і не здасца. Ён ведае, што беларусы працягваюць барацьбу, і разумее, што ўсе, хто прайшоў праз палітычныя прысуды і пераслед, будуць рэабілітаваныя. Сяргей перадае пасланні нашым дзецям, піша сцэнары для фільмаў пра Беларусь і застаецца вольным духам чалавекам у любых умовах. Я ведаю: ён хоча, каб мы не спыняліся. І мы не спынімся, пакуль не даможамся вызвалення ўсіх палітвязняў», – запэўніла Святлана Ціханоўская.

Сёння стала вядома, што ГСУ Следчага камітэту выставіла Сяргею Ціханоўскаму канчатковыя абвінавачанні. Блогер праходзіць адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

• ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых закалотаў»);

• ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»);

• ч. 2 арт. 191 («Перашкода працы ЦВК»);

• ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Абноўлена
Ціханоўскаму выставілі канчатковае абвінавачанне. Ён можа атрымаць да 15 гадоў зняволення
2021.03.11 10:27

Максімальную санкцыю прадугледжвае частка 1 артыкулу 293: паводле яе блогер можа атрымаць да 15 гадоў зняволення.

Сяргей Ціханоўскі планаваў стаць адным з супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах. Аднак зарэгістравацца ён не здолеў, таму ўдзел у кампаніі ўзяла ягоная жонка Святлана Ціханоўская. 29 траўня 2020 года Ціханоўскага затрымалі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён застаецца за кратамі. Тэрмін утрымання пад вартаю яму неаднаразова падаўжалі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў