Расейцы ціснуць у Аўдзееўцы: ЗСУ, імаверна, пакідаюць горад. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 718-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / X

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці атакі абодвух бакоў канфлікту фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка і Табаеўка.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што каля Іванаўкі Узброеныя сілы РФ крыху прасунуліся цягам апошніх содняў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе сітуацыю ў Табаеўцы: самое сяло застаецца ў так званай шэрай зоне,  бо знаходзіцца ў нізіне адносна наваколля, што робіць складаным ягоны кантроль. У такой сітуацыі абодва праціўнікі займаюць пазіцыі на супрацьлеглых ускрайках населенага пункту, і толькі часам дробныя групкі расейцаў заходзяць у цэнтральную частку населенага пункту. Пры гэтым захоўваецца высокая інтэнсіўнасць удараў артылерыі з абодвух бакоў.

На суседнім ліманскім кірунку войскі РФ не менш за шэсць разоў атакавалі каля населеных пунктаў Церны, Выемка і Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці.

Украінскія атакі фіксуюцца каля Ямпалаўкі і Дзібровы ў Данецкай і Луганскай вобласцяў адпаведна.

Зменаў лініі фронту не адзначаецца.

Ваяры
Украінскія вёскі нагадалі беларусу Хатынь: ад хатаў засталіся толькі пячныя трубы
2024.02.11 18:40

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія ціснуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра 14 адбітых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

У Deepstate пішуць, што расейцы цягам содняў прасунуліся каля Клішчыеўкі.

Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, гавораць, што праціўнік сканцэнтраваў сілы для спробы прабіцца ў Часаў Яр.

Прарасейскія крыніцы заяўляюць пра пачатак прымусовай эвакуацыі цывільнага насельніцтва гораду ў сувязі з набліжэннем УС РФ.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Цяжкая сітуацыя для ЗСУ захоўваецца і ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі не менш за 33 атакі праціўніка каля населеных пунктаў Новакалінавае, Новабахмутаўка, Аўдзееўка, Севернае, Танэнькае і Невельскае.

Разам з тым, па словах Deepstate, расейцы ўсё ж прасунуліся ў паўночнай частцы Аўдзееўкі і ў Первамайскім.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ блізкія да пераразання гораду на дзве часткі: пасля захопу ваколіцаў чыгуначнага мосту на поўначы Аўдзееўкі, расейцы замацаваліся на вуліцы Чысцякова, якая ідзе ўздоўж мясцовай чыгункі. Такім чынам цяпер на гэтым участку фронту шырыня падкантрольнай ЗСУ часткі гораду крыху большая за паўкіламетра. Тут размешчаная прамысловая зона, аточаная з захаду Індустрыяльным праспектам – апошні адносна бяспечны маршрут сувязі паўночнай і паўднёвай частак Аўдзееўкі.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што пакуль на поўначы войскі РФ расцягваюцца ўздоўж чыгункі, у гэты ж час на поўдні ім ніяк не ўдаецца прасунуцца далей за ўмацаваны раён «Царська охота».

У гэты ж час іншыя прарасейскія крыніцы пішуць пра пачатак вываду гарнізону ЗСУ з Аўдзееўкі.

Высокая шчыльнасць атак войскаў РФ фіксуецца і на мар’інскім кірунку – не менш за 35 за содні.

Паведамляецца, што тут яны дасягнулі поспеху ў Георгіеўцы, а таксама на поўдні ад Новаміхайлаўкі.

У гэты ж час ЗСУ адкінулі праціўніка з участку фронту на поўначы ад Мар’інкі.

Выданне Bild піша, што ў Новаміхайлаўцы УС РФ кантралююць каля 15% тэрыторыі населенага пункту. Пры гэтым ёсць паведамленні, што баі ўжо змясціліся ў цэнтральную частку сяла.

Аналітыка
Поспехі і няўдачы генерала Сырскага. Што вядома пра новага галоўнакамандуючага ЗСУ
2024.02.09 17:20

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На бярдзянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы двойчы атакавалі каля сяла Вадзяное (на паўночным усходзе ад гораду Вуглядар), але поспеху не дасягнулі.

Мелітопальскі кірунак характарызуецца працягам сустрэчных баёў на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Падобная сітуацыя назіраецца на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці ў сяле Крынкі.

Пры гэтым зменаў лініі фронту не поўдні Украіны не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Расейскія войскі выкарыстоўваюць «Starlink» на акупаваных тэрыторыях – ГУР Украіны
2024.02.11 19:10

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў