Расейскія войскі выкарыстоўваюць «Starlink» на акупаваных тэрыторыях – ГУР Украіны


Расейскія войскі выкарыстоўваюць тэрміналы спадарожнікавай сувязі «Starlink» кампаніі «SpaceX» Ілана Маска на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта паведаміў прадстаўнік ГУР МО Украіны Андрэй Юсаў. Ён таксама заявіў, што маштаб выкарыстання расейцамі тэрміналаў «Starlink» на вайне расце.

Тэрмінал «Starlink» на пазіцыях УС РФ, скрыншот з публікацыі ў часопісе Defense On. Крыніца: Anton Gerashchenko / X

«Гэта пачынае набіраць сістэмны характар», – кажа Андрэй Юсаў.

У заяве ведамства гаворыцца, што тэрміналы выкарыстоўваюцца такімі падраздзяленнямі, як 83-я расейская дэсантна-штурмавая брыгада, якая вядзе баі ў раёне населеных пунктаў Клішчаўка і Андрэеўка ў Данецкай вобласці.

Дзве крыніцы ва ўкраінскім урадзе таксама паведамілі Reuters, што расейскае выкарыстанне «Starlink» было выяўлена на акупаванай тэрыторыі. Адзін з іх сказаў, што ўкраінскі бок спрабуе атрымаць звесткі аб маштабах такога выкарыстання.

«Starlink» сцвярджае, што не вядзе ніякіх спраў з расейскім урадам або вайскоўцамі.

ГУР Украіны не тлумачыць, як тэрміналы патрапілі да расейскіх войскаў – былі яны набытыя за мяжой або захопленыя ва ўкраінскіх войскаў.

Кампанія «Starlink» заявіла 8 лютага, што яе тэрміналы не працуюць у Расеі і што «SpaceX» ніколі не прадавала і не рэкламавала паслугі ў Расеі, а таксама не пастаўляла абсталяванне на тэрыторыю Расеі.

«Калі «SpaceX» даведаецца, што тэрмінал Starlink выкарыстоўваецца бокам, якая знаходзіцца пад санкцыямі, або неаўтарызаваным бокам, мы расследуем прэтэнзію і прымаем меры па дэзактывацыі тэрмінала, калі гэта пацвердзіцца», – гаворыцца у заяве кампаніі.

Тэрміналы «Starlink» з’явіліся ва Украіне пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ў лютым 2022 года. Ва ўмовах разбурэння ўкраінскай інфраструктуры, яны сталі асабліва важнымі для Украіны.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі адправіў у адстаўку генерала, які адказваў за беларускі кірунак
2024.02.11 13:56

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў