Расейскія хакеісты ўчынілі дэмарш пасля гульні ў Менску, Дзмітрый Баскаў абураны


Хакейны турнір «Кубак будучыні», што адбыўся днямі ў Менску, скончыўся публічным скандалам. Пра гэта паведамляе «Tribuna.com».

Дзмітрый Баскаў і брамнік расейскай каманды спрачаюцца пасля гульні ў Менску. Скрыншот з відэа Хоккей Беларуси / YouTube

У турніры бралі ўдзел моладзевыя каманды Расеі, Казахстану і Беларусі. У вызначальнай сустрэчы гулялі зборныя Расеі U-18 і Беларусі U-20. Пераможны гол беларусаў, на думку расейскіх хакеістаў, быў забіты з парушэннем правілаў.

У цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнічаў сябра Савету Рэспублікі, былы кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрый Баскаў. Ён доўга пра нешта размаўляў з расейскім брамнікам. Гутарка, як вынікае з відэа, атрымалася не самаю сяброўскаю. Пасля гэтага незадаволеныя судзействам расейцы пакінулі ўсе асабістыя ўзнагароды на лёдзе, а капітан каманды зняважліва кінуў уніз сярэбраную талерку – прыз за другое месца на турніры. Адмовіліся забіраць расейскія хакеісты і срэбныя медалі.

«З нашага боку не было намеру адмаўляцца ад узнагародаў, у нас жа не дзіцячы садок. Задаваць пытанне хлопцам трэба. Было звычайнае судзейства, нічога новага для хатняга турніру», – пасля фіналу сказаў галоўны трэнер расейцаў Аляксандр Цітоў.

Пазней наконт сітуацыі выказаўся ўжо сам Дзмітрый Баскаў. Яму не спадабаліся паводзіны расейцаў, якія «проста недапушчальныя і супярэчаць сяброўству і падтрыманню, што заўсёды былі паміж нашымі краінамі і народамі».

«Нешта можна спісаць на неспрактыкаванасць і эмоцыі, гарачую кроў, бо ўменне годна прайграваць і здабываць з паразаў правільныя ўрокі – цэлае мастацтва. І ім гэтая зборная Расеі пакуль не авалодала», – сказаў Баскаў.

Нагадаем, Дзмітрый Баскаў, імаверна, быў датычны да забойства Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 года.

Гісторыі
«Доўг памяці – пакараць забойцаў». Тры гады таму не стала Рамана Бандарэнкі
2023.11.12 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў