«Лейтэнантаў пабралі, і яны сталі прызнавацца». Журналісты даведаліся дэталі «справы ДФР»


«Наша Ніва» распавяла, з чым звязаныя арышты супрацоўнікаў Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК.

Раней на гэтым тыдні «НН» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі праводзіць арышты афіцэраў цэнтральнага апарату Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю і ўпраўлення ў Менску і Менскай вобласці. Распачатыя справы паводле артыкулаў 430 («Атрыманне хабараў») і 424 («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў») КК. Затрыманыя больш як 20 асобаў, сцвярджае выданне.

Цяпер «Нашай Ніве» сталі вядомыя некаторыя абставіны маштабнай справы аб карупцыі. Паводле звестак журналістаў, начальнікі менскага ДФР падстаўлялі сваіх малодшых афіцэраў у мудрагелістай схеме па крымінальным узбагачэнні.

«Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах планава правярае нейкае прадпрыемства на прадмет аплаты падаткаў. І калі гэта фірма з вялікімі абаротамі, а падаткавікам лянотна самім усё лічыць, то яны могуць перадаць праверку ў ДФР для вызначэння, ці ўхілялася кампанія ад аплаты падаткаў», – апісвае суразмоўца «НН» тыя нормы закону, якія зрабілі схему магчымай.

«І «бізнес» начальнікаў менскага ДФР быў у тым, каб у такой сітуацыі паслаць на правядзенне праверкі маладых супрацоўнікаў ДФР, даўшы папярэдні інструктаж. Па факце атрымлівалася так, што лейтэнанты і старшыя лейтэнанты арыштоўвалі рахункі такой кампаніі, дакладна ведаючы, што ў яе ўсё чыста і што праверка скончыцца без завядзення крымінальнай справы. Пасля гэтая моладзь рабіла ўласніку бізнесу прапанову – за грошы зняць арышт з рахункаў і «скончыць праверку без наступстваў».

Выстаўленыя бізнесменам рахункі складалі некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Звычайна яны аплачваліся. Але знайшоўся чалавек, якому здаліся нахабствам апетыты нейкіх там лейтэнантаў. Ён быў упэўнены, што па ўсіх франтах чысты, і пайшоў з заявай у КДБ. Лейтэнантаў пабралі, і яны сталі прызнавацца. Так выйшлі на тых, хто іх накіроўваў і хацеў імі прыкрыцца, прымаючы па факце асноўную частку адкупных», – дадаў інфармаваны суразмоўца выдання.

Нагадаем, 2 лютага Аляксандр Лукашэнка прызначыў новым дырэктарам Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК чэкіста Андрэя Самбуку. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі тады прапанаваў абмеркаваць «кадравую праблему» і надаць ДФР «пэўны кірунак, можа быць, звязаны больш з сістэмнаю працай, як у Камітэце дзяржбяспекі».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў