Панядзелак 23 лістапада стаў 107 днём паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.
Кацярыну Андрэеву перавялі ў Жодзінскую турму. Ці тое ж адбылося з Дар’яй Чульцовай пакуль невядома. Але ў ІЧУ на Акрэсціна яе ўжо няма.
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Журналісткам прысудзілі адміністрацыйны арышт, а таксама высунулі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Вядома, што ў дачыненні да Кацярыны прымянілі меру стрымання – два месяцы арышту.
Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай пагражае да трох гадоў зняволення толькі за тое, што яны сумленна выконвалі сваю працу.
У сталіцы сёння адбыўся марш мудрасці, традыцыйная акцыя ў якой бяруць удзел людзі сталага веку. Удзельнікі акцыі патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі з паста кіраўніка краіны. Акцыя пачалася ў абед каля Чырвонага Касцёлу на плошчы Незалежнасці.
Раней у маршах мудрасці таксама бралі ўдзел медыкі і студэнты. Амапаўцы пераследавалі калону мітынгоўцаў, спрабавалі спыніць людзей. Есць затрыманыя.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі ў супольнай заявай, у якой патрабуюць неадкладнага вызвалення палітзняволеных студэнтаў і выкладчыцы БДУІР.
12 лістапада міліцыянты затрымалі лідараў і актывістаў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў (ЗБС). 23 лістапада Глебу Фіцнеру, Іллі Трахтэнбергу, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенка, а таксама затрыманай выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай высунулі абвінавачванні і абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Праваабаронцы ў сваю чаргу падкрэсліваюць, што пераслед студэнтаў і выкладчыкаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – свабоды выказвання свайго меркавання і свабоды мірных сходаў. Абвінавачванні, якія агучыла следства, з’яўляюцца адвольнымі і палітычна матываванымі.
Агулам праваабаронцы прызналі вязнямі сумлення ў Беларусі 132 асобы.
У спісе Оксфардскага слоўніка ангельскай мовы сёлета 16 словаў. Сярод іх – «impeachment, bushfire (лясныя пажары ў Аўстраліі), «coronavirus і COVID-19, lockdown, social distancing і Black Lives Matter». Фактычна ў кожным месяцы бягучага году, які перанасычаны на падзеі, ёсць сваё слова.
А вось у жніўні ў спіс патрапіла слова «Belarusian».
«Пераабранне Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні рэзка павялічыла колькасць згадвання слова «беларускі», паколькі падзеі ў Беларусі шырока асвятляліся ў навінах па ўсім свеце», – тлумачаць лінгвісты.
Адміністратару телеграм-канала «Мiкоlа» Мікалаю Дзядку агучылі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Мікола Дзядок, якога затрымалі працаўнікі ГУБАЗІК, за кратамі з 12 лістапада.
Брату Дар’і Домрачавай Мікіце далі штраф у Br 540 за ўдзел у нядзельным маршу. Дарэчы, сама Дарʼя Домрачава аніяк не выказалася наконт затрымання і суду брату. У ейных сацсетках няма аніводнага паста датычна гэтай сітуацыі.
СК belsat.eu