Польшча адкрые мяжу для беларусаў?


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў польскі ўрад пачаць рэалізацыю пагаднення аб памежным руху ў аднабаковым парадку.

У звароце да польскага прэм’ера Дональда Туска Лябедзька просіць “у аднабаковым парадку пачаць рэалізацыю пагаднення аб аблегчаным перасячэнні мяжы для беларусаў, якія жывуць у 50-кіламетровай памежнай зоне”.

Ужо відавочна, што беларускія ўлады зарыентаваныя на Беларусь як краіну з закрытым шлагбаумам, – лічыць кіраўнік АГП. – Не ў іх інтарэсах, каб нашыя грамадзяне мелі магчымасць выезду з краіны. Тыя, хто наведвае Польшчу, Літву, не могуць не бачыць і не заўважаць відавочных перавагаў у развіцці гэтых дзяржаваў. Для ўладаў лепш, каб уяўленне беларускага выбарніка фармавалася выключна па прапагандысцкіх малюначках БТ”.

На думку Лябедзькі, у такой сітуацыі неабходна знайсці магчымасць “падняць шлагбаум для беларускіх грамадзянаў”.

18 кастрычніка на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што беларускі бок пакуль не гатовы ажыццяўляць пагадненне аб памежным руху з Польшчаю.

Польскі бок выступіў з прапановаю заключыць пагадненне аб малым памежным руху з Беларуссю ў лютым 2008 года. 12 лютага 2010 года дакумент падпісалі міністры замежных справаў Беларусі ды Польшчы. Абедзве палаты сейму Польшчы ратыфікавалі яго 20 траўня 2010 года. 22 чэрвеня таго ж года ратыфікаванае пагадненне падпісаў Браніслаў Камароўскі, які на той момант быў спікерам польскага сейму і выконваў абавязкі прэзідэнта краіны.

Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікавала дакумент 11 лістапада 2010 года. 17 лістапада яго зацвердзіў Савет Рэспублікі, а 1 снежня 2010 года падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь планавала пачаць ажыццяўленне дамовы ў другой палове 2011 года.

belsat.eu

Стужка навінаў