«Заўтра пачынаем капаць зямлю». Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі


Увечары 9 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага. З візіту ў Гвінею распачалося афрыканскае турнэ самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, якое будзе ўключаць наведванне шэрагу краіны гэтага кантыненту.

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага.
Фота: president.gov.by

Паведамляецца, што па выніках перамоваў было падпісана паўтара дзясятка двухбаковых дакументаў. У тым ліку – дарожная мапа на 2024-2026 гг. па развіцці супрацы Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі. Дакумент ахоплівае 15 кірункаў узаемадзеяння, уключаючы кааперацыйныя праекты, пастаўкі беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўвання, сельскагаспадарчую сферу, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю медычнага абсталявання, лясную гаспадарку.

Лукашэнка заявіў, што дасягнуты пагадненні аб рэалізацыі першага этапу стварэння рэгіянальнага хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі на рынкі краін Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі. У цэлым, паводле ягоных словаў, бакі ўжо дамовіліся аб 74 канкрэтных праектах. «Заўтра пачынаем капаць зямлю ў Гвінеі і вырашаць праблемы», – рэзюмаваў ён.

«Мы, вядома ж, не прыехалі ў вашу краіну займацца дабрачыннасцю, – падкрэсліў Лукашэнка, – Такой магчымасці ў нас няма, ды гэта і не трэба. Але і нажывацца за кошт вашых людзей, вашай краіны мы не збіраемся. Мы не каланізатары. Мы вашыя сябры. Перадаючы вам тэхналогіі па шматлікіх кірунках, у якіх вы маеце патрэбу, мы навучым вашых людзей гэтым тэхналогіям».

Аб’ектыў
Беларусь становіцца ўсё бліжэйшай да Афрыкі
2023.09.11 22:33

Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая стаць для Гвінеі мостам у Еўразію, а таксама разлічвае на сустрэчную падтрымку ў рамках Афрыканскага звязу і іншых інтэграцыйных абʼяднанняў.

Выданне Reform.by звярнула ўвагу, што ў аэрапорце Малабы (сталіца Экватарыяльнай Гвінеі) Лукашэнку сустракаў у тым ліку Віктар Шэйман і Аляксандр Зінгман.

Рэспубліка Экватарыяльная Гвінея – дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы, на беразе Гвінейскай Затокі. Займае плошчу 28 000 тысячаў квадратных кіламетраў, сталіца – Маляба. Насельніцтва, паводле перапісу 2015 года, – 1 222 442 чалавека. Краіна мае нафтавыя радовішчы і ёсць буйным экспарцёрам гэтай сыравіны. Але значная частка насельніцтва не мае сталага доступу да чыстай вады, а да 20 % дзяцей паміраюць, не дажыўшы да пяці гадоў.

Аб’ектыў
Рэжым працягвае развіццё «Далёкай дугі»
2023.10.19 22:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў