У Расею праз Беларусь: мытня перакрыла схему псеўдатранзіту тавараў на мільёны рублёў


У арганізацыю схемы былі ўцягнуты грамадзяне Беларусі, Кыргызстана і Расеі. Аб падрабязнасцях расказалі на афіцыйным сайце ДМК.

Супрацоўнік мытні на беларуска-расейскай мяжы. Віцебская вобласць, Беларусь. 8 снежня 2014 года.
Фота: BelTA / TASS / Forum

Тавары ўвозілі з Польшчы і Літвы з размяшчэннем іх у Беларусі пад працэдуру мытнага транзіту. Па дакументах адпраўнікамі з’яўляліся фірмы, зарэгістраваныя ў Румыніі і Літве, а атрымальнікамі – субʼекты гаспадарання Кыргызстану.

Аднак у рэальнасці тавары ў Цэнтральную Азію не пападалі, а пасля перагрузкі вывозіліся па несапраўдных дакументах у Расею для продажу. У Кыргызстане ж уяўная дастаўка афармлялася фіктыўнымі дакументамі. Пры гэтым большасць фур, на якіх тавар увезлі ў Беларусь, межы краіны ў перыяд дзеяння тэрміна мытнага транзіту так і не пакінулі.

Па схеме псеўдатранзіту ў Беларусь было ўвезена 45 партый тавараў, якія ўключалі 250 тонаў брэндавага адзення, цацак, парфумерыі і іншага на суму больш за 30 млн рублёў.

Толькі па двух пастаўках адзення агульным коштам больш за 10 млн рублёў мытнікі налічылі каля 2,6 млн рублёў нявыплачаных мытных плацяжоў. Такая сума ўтварае буйны памер ухілення ад выплаты плацяжоў, якія спаганяюцца мытнымі органамі, учыненага да таго ж групай асоб па папярэдняй змове.  Аператыўнай мытняй узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 231 КК, паводле якой удзельнікам схемы пагражае пазбаўленне волі да 6 гадоў.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў