Дазвол МАК – гэта яшчэ не ўсё. Хто з беларусаў патэнцыйна можа з’явіцца ў Парыжы

Беларусы і расейцы здолеюць узяць удзел у парыжскай Алімпіядзе, але ў вельмі абмежаваным выглядзе. Аднак дазвол МАК – гэта не ўсё. Патрэбная яшчэ згода федэрацыі, выкананне кваліфікацыйных нарматываў і антыдопінгавых правілаў. 

У 2024 годзе Алімпійскія гульні адбудуцца ў Парыжы.
Фота: fattiretours.com

Пра тое, што прадстаўнікі Беларусі і Расеі могуць браць удзел у спаборніцтвах на разгляд міжнародных спартовых федэрацыяў, але адбірацца на Алімпіяду будуць толькі ў індывідуальных відах і без нацыянальных колераў, сцяга і гімну, прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах заявіў яшчэ 28 сакавіка гэтага года.

Канчатковае рашэнне МАК, надрукаванае 8 снежня, роўна пра тое ж. Але большасць адборачных спаборніцтваў ужо адбылася, а нагнаць страчанае, як у тым жа дзюдо, дзе балы налічваюцца цягам не аднаго сезону, ужо амаль нерэальна.

З таго часу не змянілася і рыторыка расейскіх чыноўнікаў ды трэнераў. Па-ранейшаму абсалютная большасць лічыць умовы допуску прыніжальнымі і непрымальнымі.

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі боксу Умар Крамлёў (сапраўднае прозвішча – Лутфулоеў) наагул выступіў за адстаўку Томаса Баха:

«Бах – злодзей, які рабуе спартоўцаў. У МАК няма нічога акрамя крадзяжу і карупцыі адносна спартоўцаў… Яны зрабілі з алімпійскай сям’і нейкі прыватны клуб».

Раз’юшанасць Крамлёва можна зразумець. Ён помсціць за тое, што ў чэрвені МАК выключыў Міжнародную федэрацыю боксу (ІВА) са сваіх шэрагаў, патлумачыўшы гэта тым, што федэрацыя не здолела развязаць фінансавых і кіраўнічых праблемаў, праз якія тую пазбавілі магчымасці ладзіць спаборніцтвы ў сваім відзе спорту на Алімпіядзе-2020 у Токіа. Больш за тое, менавіта МАК арганізуе цяпер турніры па боксе і на наступных двух алімпійскіх Гульнях – 2024 і 2028 гадоў.

Старэйшы трэнер зборнай Расеі па спартовай гімнастыцы Валянціна Радзівоненка не бачыць сваіх падначаленых у Парыжы:

«Мы возьмем удзел толькі пры ўмове адмены прыніжальных патрабаванняў. Але на гэты момант ніхто з нашых яшчэ не кваліфікаваўся».

Інакш выказаўся трохразовы алімпійскі чэмпіён па хакеі Уладзіслаў Траццяк:

«Я рады за тых спартоўцаў, якія паедуць. У якім бы статусе яны ні выступалі, яны расейцы. Вядома, хацелася б з гімнам і сцягам, але нашая хакейная зборная ў Паўднёвай Карэі гуляла таксама без расейскіх дзяржаўных сімвалаў, хаця ўсе ведалі, што гэта расейцы і што гэты залаты медаль для Расеі».

Беларусы нібы і не заўважылі рашэння МАК. Маўчаць, як вады ў рот набраўшы. Ні НАК, ні Міністэрства спорту і турызму на сваіх сайтах гэтага пакуль аніяк не каментавалі. Думаецца, найперш таму, што ў Беларусі спачатку павінен выказацца Лукашэнка. Затым выключна ў межах наратыву правадыра аўтаматычна дазваляецца ствараць «уласную» думку на тую ці іншую тэму прапагандыстам ці чыноўнікам.

Тым часам з заяваю выступіла Міністэрства замежных справаў Украіны. У ім падкрэсліваецца памылковасць рашэння Выканаўчага камітэту МАК:

«МАК плануе выпусціць на міжнародныя спартовыя арэны атлетаў, якія не толькі сімпатызуюць забойствам жанчын і дзяцей, але, імаверна, і бяруць беспасярэдні ўдзел у страшных злачынствах… Няма сумневаў, што Крэмль выкарыстоўвае кожнага расейскага ці беларускага спартоўца ў сваёй прапагандысцкай вайне. Чальцы выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту, якія ўхвалілі гэтае рашэнне, нясуць адказнасць за заахвочванне Расеі і Беларусі да працягу ўзброенай агрэсіі супраць Украіны».

Тое, што будуць ужывацца вельмі жорсткія персанальныя для кожнага кандыдата ўмовы адбору, – гэта адное. Іншая рэч, што першасным заўсёды ёсць выкананне кваліфікацыйных нарматываў на Алімпіяду. Сюды ж далучаецца і абавязковае захаванне антыдопінгавых правілаў.

Таксама, як і ўсім іншым спартоўцам, расейцам і беларусам, якія трапяць на Гульні паводле адбору, давядзецца падпісаць абноўленыя ўмовы ўдзелу, распрацаваныя канкрэтна для Парыжу-2024. Яны ўтрымліваюць абавязкі захоўваць Алімпійскую хартыю, у тым ліку Мірную місію Алімпійскага руху.

Разам з рашэннем МАК 8 снежня ішоў і рэліз, у якім паведамляецца, што на снежань 2023 года сярод 4600 спартоўцаў, якія прайшлі кваліфікацыю на Гульні XXXIII Алімпіяды, ужо прысутнічаюць 11 прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў, але імёнаў іх не называюць. Вядома толькі, што гэта васьмёра атлетаў з Расеі і трое з Беларусі.

Інтэрв’ю
Анатоль Котаў: У беларускіх вольных спартоўцаў з’явіўся шанец 
2023.10.22 14:56

Журналіст Рыгор Трафіменкаў падказвае ў сваім артыкуле, хто гэта можа быць. Але пры гэтым ён называе прозвішчы больш як трох спартоўцаў ад нашай краіны. Гэта дакладна плыўчыха Настасся Шкурдай і акадэмічны вясляр Яўген Залаты, які прайшоў у фінал і заняў сёмае месца на вераснёўскім чэмпіянаце свету ў Бялградзе. Далей два барцы: Ванэса Каладзінская, якая сталася срэбнаю прызёркаю на сёлетнім чэмпіянаце свету, і кумык з нацыянальнасці, грэка-рымлянін Абубакар Хаслаханаў. Калега дадае сюды і тэнісістку Арыну Сабаленку, якая ў топе наймацнейшых у свеце (у рэйтынгу WTA яна заканчвае год другою ракеткаю планеты) пры тым, што на Алімпіяду трапляюць 56 найлепшых тэнісістак на чэрвень 2024 года.

То бок на сёння бачыцца пяцёра беларусаў, прадстаўнікоў НАК РБ (яго не прызнае МАК), якія патэнцыйна могуць з’явіцца ў Парыжы.

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін думае, што такіх можа быць каля сарака атлетаў агулам. Плюс цяпер рэпрэзентанткі Польшчы: лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская і вершніца Вольга Сафронава.

Ёсць віды на Алімпіяду і яшчэ ў адной прадстаўніцы лёгкай атлетыкі, сяміборкі Яны Максімавай, якая ўзмоцнена трэнуецца ў свае 34 гады, але ў якім статусе яна можа выступіць на Алімпіядзе, пакуль не пастанавілі.

Затое дакладна вядома, што ні расейцаў, ні беларусаў, якія ўсцяж рэпрэзентуюць свае краіны ў лёгкай атлетыцы, Парыж не ўбачыць. Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту (World Athletics) Сэбэст’ян Коў (Sebastian Coe) недвухсэнсоўна заявіў пасля паседжання Сусветнай лёгкаатлетычнай рады ў Манака:

«Вы можаце ўбачыць у Парыжы некаторых нейтральных спартоўцаў з Расеі і Беларусі, але гэта дакладна будзе не лёгкая атлетыка. Пазіцыя, якую заняў і ўсцяж займае наш від спорту, нязменная. Яе ўхваліла выканаўчая рада і ў двух асобных міжнародных імпрэзах амаль аднагалосна ўся лёгкая атлетыка».

А вось Міжнародны паралімпійскі камітэт у верасні прагаласаваў супраць поўнага прыпынення дзейнасці нацыянальных паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расеі. Гэта значыць, што расейцам і беларусам ізноў дазволяць выступаць пад нейтральным сцягам на Паралімпіядзе налета. Два гады таму МАК забараніў спартоўцам-інвалідам браць удзел у зімовай Паралімпіядзе ў Пекіне пасля таго, як некалькі камандаў прыгразілі байкотам Гульняў, калі будуць дапушчаныя прадстаўнікі гэтых краінаў. На гэты момант паралімпійцы з Беларусі і Расеі могуць рыхтавацца. Але калі да парыжскай Паралімпіяды ваенная агрэсія ва Украіне будзе працягвацца, шанцы на тое, каб спартоўцы-інваліды выступалі там ізноў, стануць вельмі прывіднымі.

Аб’ектыў
Беларусаў і расейцаў дапусцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе
2023.12.09 21:45

Алесь Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў