Да +3 °С і мокры снег з дажджом. Якое надвор'е чакае беларусаў з 11 да 17 снежня


Пасля дастаткова працяглага перыяду па-сапраўднаму зімовага надворʼя ў Беларусь прыйдзе адліга. Паводле звестак «Белгідрамету», ужо ў панядзелак, 11 снежня, максімальная дзённая тэмпература па краіне можа дасягаць +3 ⁰С. У цэлым жа на наступным тыдні, з 11 да 17 снежня, беларусаў чакаюць характэрныя для зімовай адлігі тэмпературныя арэлі – ад начнога мінуса да дзённага плюса, галалёдзіца на дарогах, а месцамі – перыядычны мокры снег з дажджом.

Новогодняя ночь в Минске, ГУМ, праздничная атмосфера, Новый год, новогодняя иллюминация
Навагодняя вітрына ГУМу. Менск, Беларусь. 30 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Як растлумачылі ў «Белгідрамеце», у пачатку тыдня надворʼе ў краіне будуць вызначаць атмасферныя франты, якія цяпер перамяшчаюцца з тэрыторыі Польшчы і Украіны. На панядзелак, 11 снежня, сіноптыкі спрагназавалі воблачнае надворʼе, не выключылі імавернасці мокрага снегу і дажджу, раніцаю – туманаў і слабай галалёдзіцы на дарогах. Уначы тэмпература паветра можа апускацца да – 7 °С, а ўдзень па краіне будзе вагацца ў дыяпазоне ад – 3 °С да + 3 °С.

У аўторак, 12 снежня, паводле «Белгідрамету», праз уплыў маларухомых франтальных раздзелаў па ўсёй краіне захаваецца воблачнае надворʼе, але стане крыху цяплей: уначы тэмпература паветра не будзе апускацца ніжэй за – 4 °С, а дзе-нідзе паднімецца да + 1 °С, удзень будзе вагацца ў дыяпазоне ад – 2 °С да + 3 °С. Мокры снег з дажджом, туман і галалёдзіцу на дарогах у гэты дзень сіноптыкі таксама не выключылі.

У сярэдзіне тыдня ініцыятыву ў фармаванні надворʼя ў Беларусі перахопіць вобласць высокага атмасфернага ціску, сфармаваная ў вільготным паветры з паўднёвых шыротаў. Будзе воблачна з праясненнямі, пройдуць кароткачасовыя ападкі. Вецер паўднёвы, умераны. Вільготнасць да 90 %. На асобных участках дарог слізка. Уначы ў сераду ад – 3 °С да + 2 °С, удзень – ад 0 °С да – 3 °С.

Сіноптыкі прагназуюць ападкі рознай ступені цяжкасці і туманы ў пачатку другой паловы тыдня. Начныя тэмпературы, як і папярэднімі днямі, прадоўжаць вагацца ад – 3 °С да + 2 °С, у пятніцу, 15 снежня, на паўночным усходзе Беларусі сіноптыкі прагназуюць да – 7 °С. Дзённая тэмпература ў чацвер будзе вагацца ад 0 °С да – 6 °С, у пятніцу – ад – 1 °С да – 5 °С.

Наступныя выходныя будуць снежныя ды імглістыя. Самыя халодныя ночы – да – 9 °С – будуць на ўсходзе краіны, самыя цёплыя – да + 2 °С – на захадзе Беларусі. Удзень у суботу, 16 снежня, будзе ад 0 °С да – 8 °С, у нядзелю, 17 снежня, – каля 0 °С.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў