Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада заслухаў даклад пра ўдасканаленне працы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і пенсійнай сістэмы. Але пабаяўся іх рэфармаваць.
«Я разумею, што пенсіянер не купляе брэндавыя нейкія рэчы. Ён жыве сціпла і ў асноўным купляе прадукты харчавання, простае адзенне», – заявіў Лукашэнка.
Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч распавяла пра прапанову перабудаваць сістэму сацыяльнага страхавання, каб аб’яднаць у адным ФСАН цалкам увесь цыкл пенсійнага і сацыяльнага страхавання (бальнічныя і дзіцячыя дапаможнікі). То бок, каб працэсы прызначэння, выплаты пенсіяў і дапамог, а таксама крыніца іх фінансавання знаходзіліся ў распараджэнні фонду.
Але ў выніку нарады было вырашана пакінуць сістэму пенсійнага забеспячэння без істотных зменаў: ФСАН будзе надалей акумуляваць унёскі ад наймальнікаў, а прызначэннем і выплатай пенсіяў працягнуць займацца мясцовыя органы ўлады.
Прычыны адмовы ад рэфармавання растлумачыла Касцевіч, якая яе ж і прапанавала:
«Гэта дастаткова рызыкоўны крок. З тым, каб не атрымаць напружаныя, рызыкоўныя сітуацыі, прынятае рашэнне захаваць дзейныя структуры так, як ёсць».
Не захацеў Лукашэнка і алічбаваць усе працэсы – «загрузіць усё ў камп’ютар». Ён адзначыў, што інфармацыя з базы пасля можа з’явіцца «на нейкіх варожых рэсурсах».
Адзінае, што зрабіў Лукашэнка, гэта падпісаў указ пра павышэнне пенсіяў з 1 снежня – у сярэднім на 5%. Як заяўляецца, з улікам павышэння сярэдні памер пенсіі па ўзросту непрацоўнага пенсіянера складзе ў снежні 670 рублёў.
Якуб Хруст belsat.eu