Эканамічны манеўр Лукашэнкі


Лукашэнка хоча ратаваць Еўропу ад холаду, а Расею – ад голаду. І ў першым і ў другім выпадку на гарызонце бачнае моцнае жаданне абысці заходнія санкцыі. У беларускага рэжыму ёсць вялікі досвед падобных маніпуляцыяў і гэтак званых «схематозаў». Ці стаіць за паказушным шоу, падчас якога менскі дыктатар калоў дровы, нешта большае, за агратрэш на патрэбы ўнутранай прапаганды? Ці ёсць праблема з дровамі ў заходніх суседзяў Беларусі?

«А калі сур’ёзна, латышы ўжо лаўкі пачалі калоць на дровы. Таму, гэта ўжо не жарт, калі нехта з латышоў хоча нарыхтаваць дровы, там яны вельмі дарагія, калі ласка, сардэчна запрашаем да нас у брыгады, мы ім вылучым месца, няхай гэты сушняк і сякуць на дровы», – запрапанаваў Аляксандр Лукашэнка падчас чэмпіянату па колцы дроваў сярод журналістаў.

Cур’ёзна? Еўропа замярзае? У чарговы агратрэш дыктатара можа паверыць хіба традыцыйныя кідальніцы кавуноў ды ягоны цвёрды электарат. Каго яшчэ могуць уразіць алегорыі дрывасека са шпіцам за пазухай? Еўропу наўрад ці, там ілюзіяў даўно не маюць.

«Не думаю, што ён збіраецца наладжваць сувязі, гэта толькі відовішча, паказуха для ўласнага цвёрдага электарату, што ён усё трымае пад кантролем. У яго такі падыход славянкі – ад усёй душы. Маўляў, ён просты, нармальны прэзідэнт для народу, што і дровы паколе, і скажа што-небудзь разумнае, і заўсёды гатовы дапамагчы. Але Захад, якія загнівае і загніць не можа, ён варожы і будзе рыхтаваць наступ, у тым ліку і з Польшчы. (…) Заўсёды казаў пра нейкія мапы да Менску, якія мы малюем у Варшаве», – каментуе выступ Лукашэнкі аналітык варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў (OSW) Каміль Клысіньскі.

Паказуха з дровамі налажылася на рэальнае павелічэнне коштаў на дрэва і вугаль у Польшчы і дзяржавах Балтыі. Дэфіцыт вугалю і дрэва звязаны, сярод іншага, з еўрапейскімі санкцыямі супраць Расеі, якая развязала вайну. Але ці адкрыецца гэтае «акенца магчымасцяў» для Лукашэнкі, які гатовы рабіць закладкі з дровамі на мяжы з Латвіяй і Польшчай? Расейская прапаганда ў Еўропе адразу ж падхапіла словы Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што эмбарга за агрэсію ў дачыненні Украіны Еўразвяз на беларускае дрэва не адмяняў.

«Быў прагноз на зіму гэтага года, зроблены Еўрапейскім Звязам. І ён казаў пра тое, што пры сённяшняй загрузцы, якая складае амаль 100 %, газасховішчаў, калі знізіць спажыванне на 10 % у ЕЗ ва ўсіх сферах, то ніякай праблемы з палівам на абагрэў у Еўразвязе не будзе. Гэта было зроблена 2 месяцы таму, пасля чаго прайшоў абсалютна цёплы кастрычнік, пачаўся цёплы лістапад і сітуацыя – лепшая за сярэдні прагноз», – ацэньвае сітуацыю бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Таму рэцэптаў паспяховага развіцця беларускай эканомікі ў Лукашэнкі не шмат. На сустрэчы з растоўскім губернатарам самаабвешчаны кіраўнік Беларусі намякаў, што гатовы падставіць плячо ў абыходзе санкцыяў супраць расейскай эканомікі:

«Мы ніколі не кінем. Як старэйшы брат кажа, «нашыя заходнія партнёры кінулі і сышлі».

Толькі тут паўстае пытанне: якім менавіта чынам абысці заходнія санкцыі? Гэта няпроста. Што Беларусь можа прапанаваць Расеі, акрамя ўласных трактароў і ротарных жняярак?

«Козыраў у дачыненнях з Масквой у яго цяпер мала. Адначасова ён адчувае ціск, што расце з боку Масквы, у пытаннях вайны, удзелу ў вайне. І ўсе гэтыя дзеянні звязаныя з падтрымкай агрэсіі, звязаныя з Украінай. (…). Думаю, асноўнае акенца магчымасцяў хаваецца ў банкаўскай сферы. Сапраўды, частка беларускіх банкаў не заблакаваная па SWIFTaх. Асабліва прыватныя беларускія банкі. Там не так усё аб’ёмна, як у дачыненні Расеі, таму ёсць нейкія магчымасці», – каментуе Каміль Клысіньскі.

Ці засталіся яшчэ нейкія шчыліны? Адказвае Аляксандр Кныровіч:

«Я давяраю афіцыйнай статыстыцы, што ідзе істотнае скарачэнне, і магчымасць пазбегнуць санкцыяў, стварыць крывую лагістыку – яна ёсць да таго моманту, пакуль ёсць прамежныя краіны: і нашым, і вашым. У нашай сітуацыі такімі краінамі з’яўляецца Турцыя, нейкія азіяцкія краіны ці Грузія. Пакуль ёсць гэтыя краіны, то магчымасць пазбегнуць санкцыяў існуе. Наколькі я разумею, ніхто не можа спыніць груз, які едзе ў Казахстан, а потым стаў грузам у Расеі. Але з іншага боку, настолькі робіць даражэйшай лагістыку, што не ўсе тавары можна так перавозіць».

Лагістыка і тавараабарот пацярпеў не толькі ў гандлі з заходнімі партнёрамі. Праз нестабільнасць у рэгіёне інтарэс да Беларусі губляе Кітай. Хаця афіцыйныя СМІ пратрубілі пра ўрачысты запуск вытворчасці камбікармоў і амінакіслот у Пухавічах. Наколькі паспяховыя дзяржаўныя праекты з кітайскім капіталам, ведаюць працаўнікі сумнавядомага цэлюлозна-кардоннага камбінату ў Светлагорску. Ці чакае такі ж лёс чарговы мегапраект?

«Там яшчэ засвяцілася наша Надзея Каткавец – вялікі прадпрымальнік, спецыяліст па спусканню дзяржаўных грошай ва ўнітаз, – іранізуе Аляксандр Кныровіч. – На маю думку, гэта будзе тая ж гісторыя, што і Светлагорскае ЦКК. З аднаго боку, ёсць рынак, ёсць перспектыва, але паколькі гэта дзяржаўная інвестыцыя – робіцца коса, крыва і бязрука. І зноў, на аснове сяброўства з Кітаем, я вельмі сумняюся, што гэты завод будзе прыносіць прыбытак».

Як ні круці, але прыбытковыя праекты ляжаць не на ўсходзе, а на захадзе. Але там дыктатару размаўляць няма з кім.

«Рашэнні няма прымаць каму, баяцца. Часовыя, перасядзелі тэрмін-два – і заўтра пойдзем на іншую працу. Нямеччына, уся Еўропа, там няма кіраўнікоў цяпер», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Таму адзіны прыбытковы бізнес – пакуль з Расеяй. А пастаўляе Расея вайну, і свой бізнес-план мяняць не збіраецца.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў