Ці працуюць санкцыі Захаду, навошта яны патрэбныя і якога эфекту мы чакаем?

Ці патрэбныя санкцыі? Ці карысныя яны? Мы цяпер чуем шмат контраргументаў супраць ужывання санкцыяў.

Вось самыя вядомыя з іх:

  • Санкцыі руйнуюць эканоміку Беларусі;
  • Санкцыі шкодзяць шараговым беларусам;
  • Каб вызваліць палітвязняў, трэба спачатку спыніць санкцыі;
  • Санкцыі не працуюць;
  • Санкцыі штурхаюць Беларусь да анексіі Расеяй.

Варта адзначыць, што ў гэтым матэрыяле мы разгледзім толькі эканамічныя захады, не закранаючы візавыя.

Пачнем з пытання: «Чаму ўводзяцца санкцыі і навошта»? Санкцыі ўводзяць ЕЗ і ЗША – і не сакрэт, што трыгерам самых маштабных у гісторыі Беларусі сектаральных санкцый стаў захоп спецслужбамі Лукашэнкі самалёта Ryanair. Урады краін хочуць запэўніць бяспеку сваіх грамадзянаў – цалкам зразумелая матывацыя. Таму і нарастае эканамічны ціск – паколькі рэжым Лукашэнкі з унутранай праблемы беларусаў ператварыўся ў рэгіянальную пагрозу. Краіны ЕЗ і ЗША ўводзяць санкцыі з мэтай дамагчыся выканання міжнароднага права ад самаабвешчанага кіраўніцтва Беларусі. У гэтае патрабаванне ўваходзіць і вызваленне палітычных зняволеных, і расследаванне масавых службовых злачынстваў, і спыненне пераследу людзей па палітычных матывах. Відавочна, што ад дзейных уладаў такога чакаць не даводзіцца, акрамя таго, абсалютна зразумела, што месцы свае займаюць яны незаконна. Адсюль вынікае натуральнае патрабаванне – свабодныя выбары. Для мяне няма сумневаў у тым, што дадзеныя мэты ЕЗ і ЗША супадаюць з мэтамі большасці беларусаў.

Цяпер паспрабуем разабраць аргументы супраць санкцый па пунктах.

Санкцыі руйнуюць эканоміку Беларусі

Больш за 50% эканомікі Беларусі – гэта дзяржаўны сектар. 27 гадоў эканомікай Беларусі кіруе Лукашэнка. Прычым ступень уплыву яго асабістых рашэнняў на эканоміку моцна большы, чым у дэмакратычных краінах, дзе выбудаваныя рэгулятарныя інстытуты. Адпаведна, усё, што адбываецца з эканомікай Беларусі – адказнасць рэжыму Лукашэнкі. Давайце паглядзім на поспехі гэтых 27 гадоў і параўнаем з найбліжэйшымі суседзямі – Польшчай, Літвой, Эстоніяй, Латвіяй, якія адразу вызначыліся на заходнім вектары.

Як палічыць упушчаную выгаду ад праўлення Лукашэнкі? Якіх поспехаў магла б дасягнуць незалежная Беларусь за гэтыя 27 гадоў без дыктатуры? Можна выказаць здагадку, пабудаваўшы матэматычную мадэль. Як бы жыла Беларусь, калі б у 94-м годзе не выбрала Лукашэнку і разам з ім ільготы на расейскі газ, а еўрапейскі шлях развіцця, як нашыя суседзі.

Даследаванне Паўла Бэрстоў, бакалаўра Oxford Brookes University ў Вялікай Брытаніі

Беларускі рубель за 27 гадоў кіравання дэвальваваўся на 12 400%.

Калі б ВУП Беларусі рос прапарцыйна тром нашым суседзям, якія абралі еўрапейскі шлях развіцця, ён ад 1994 года вырас бы ў 4.3 разы і складаў бы 9.3 тысячы долараў на чалавека. Гэта значыць, што абраны ў 94-м годзе Лукашэнка нанёс шкоду эканоміцы Беларусі прыкладна на 1/3 нашага ВУП. Такім чынам, эканоміка Беларусі страціла ~ 180.4 мільярды долараў за 26 гадоў кіравання рэжыму Лукашэнкі (да пачатку санкцыяў).

І гэта з улікам ільготных коштаў на энерганосьбіты, дзеля якіх Лукашэнка часткова ахвяраваў суверэнітэтам Беларусі, уключаючы краіну ў вайсковы саюз з Расеяй. Відавочна, што гэтая шкода не супастаўная з наступствамі ніякіх санкцый у свеце.

Якога эфекту мы чакаем ад санкцыяў? Што яны ўскладняюць фінансаванне рэжыму Лукашэнкі, адпаведна, ускладняюць магчымасці катаваць, саджаць, выганяць з краіны і забіваць беларусаў.

І тут узнікае лагічнае пытанне: што нам даражэйшае? Людзі або грошы? На наш погляд – гэта эканоміка патрэбная, каб служыць людзям. Але ніяк не наадварот. Разглядаць людзей як расходны матэрыял для эканомікі – характэрная рыса дыктатарскіх рэжымаў.

Пакуль у Беларусі ідуць спробы пабудаваць сапраўдны канцлагер для цэлага народу – заклікі «спыніце санкцыі, а то эканоміка зламаецца» гучаць мінімум недарэчна. Адсюль жа вынікае непрыняцце нявіннага на першы погляд сцверджання, што санкцыі шкодзяць звычайным беларусам.

Кастрычніцкая плошча ў Менску, 3 ліпеня.
Фота: ТК / Белсат

Санкцыі шкодзяць шараговым беларусам

Заўсёды хочацца спытаць тых, хто піша падобнае: а хто такі звычайны беларус? Ксенія Луцкіна, журналістка з анкалогіяй у турме – яна досыць звычайная для вас? Санкцыйны ціск для яе, напэўна, адзіны варыянт выйсці на волю і ўбачыць сям’ю да таго, як смяротнае захворванне скончыць яе гісторыю. І яшчэ тысячы такіх, як яна, хто сядзіць у турмах, СІЗА і калоніях, пад хатнім арыштам, у Менску, Жодзіна і па ўсёй Беларусі – чаму мы павінны забыцца пра іх ва ўгоду нейкаму міфічнаму «простаму беларусу»?

«Просты беларус» для мяне ў такім кантэксце гучыць як «па-за палітыкай». Немагчыма быць па-за палітыкай у краіне, дзе садзяць, катуюць і забіваюць невінаватых.

Недапушчальна для мяне ў такія часы быць «простым чалавекам» і хацець «хай у мяне заробак не ўпадзе ні на долар, а што з іншымі беларусамі – ды хоць трава не расці». Гэта пазіцыя інфантыльная і безадказная ў стасунку да суграмадзянаў – і я не магу яе падтрымліваць.

Санкцыі трэба спыніць для вызвалення палітвязняў

Гэтае выказванне выглядае ўжо не настолькі маральна ганебным, як папярэдняе, але мае, на мой погляд, некаторыя лагічныя заганы. Так, гэты спосаб вызвалення палітычных зняволеных працаваў раней. Аднак варта адзначыць, што менавіта прытрымліванне гэтай палітыкі дазволіла рэжыму Лукашэнкі заставацца пры ўладзе так доўга. Зразумела, дапамагчы нявінным людзям, якія сядзяць у турме – справа надзвычайнай важнасці. Аднак гэта ўсё роўна барацьба з наступствамі праблемы, а не яе прычынай. Што могуць зрабіць палітычныя зняволеныя, выйшаўшы з турмы, калі не будзе свабодных выбараў? Што гэта будзе значыць для іх – апынуцца на волі пры той жа ўладзе, што катавала, забівала і саджала ў турмы нявінных людзей? Выйсці для таго, каб на волі зноў запатрабаваць справядлівых выбараў і ў той жа дзень зноў сесці ў турму? Замаўчаць назаўжды, перастаць гаварыць аб сваёй краіне, як маўчаць цяпер падаўленыя рэпрэсіямі беларусы, не тыя, што селі, але і не зʼехалі? Зʼехаць з краіны? Хіба дзеля гэтага змагаліся мы ўсе?

Артыкулы
«Яму давялося вельмі хутка пасталець». У калоніі Бабруйска за пратэсты сядзіць школьнік з Берасця
2021.10.09 11:45

Думаю, ні адзін з варыянтаў іх не задавальняе. Таму ніхто з палітычных зняволеных і не заклікае ды зняцця санкцыяў. Мы не чуем такіх заклікаў з турмаў, з сем’яў палітыкаў. Але чаму тады аўтары гэтага тэзіса лічыць для сябе магчымым заклікаць да метадаў, якія самі палітвязні і іх блізкія лічыць недапушчальнымі?

Санкцыі не працуюць

«Няма ніводнага выпадку ў свеце, каб санкцыі зрынулі рэжым». «Лукашэнка санкцый не баіцца».

Зразумела, «толькі» санкцыі – не працуюць. Па прынцыпе «толькі» не працуе навогул нічога. «Толькі» страйк не спрацуе. Не спрацуюць «толькі» мірныя мітынгі. Не спрацуюць «толькі» выступы палітыкаў. Спрацуе толькі ўсё разам узятае. Ніхто з нас, гледзячы на пакеты санкцый, не мае права адкінуцца ў зручным крэсле і чакаць «падзення рэйхстага» – так гэта не працуе. Толькі зладжаная, скаардынаваная праца ўсіх прадэмакратычных сілаў знутры і звонку здольная прывесці нас да перамогі. Але хіба варта адмаўляцца ад аднаго з інструментаў, калі для перамогі неабходны комплекс дзеяў?

На жаль, у нас няма дастаткова дадзеных у адкрытым доступе, каб палічыць хоць нейкі дакладны эфект ад санкцыяў. Беларуская эканоміка змяшчае нашмат менш адкрытых дадзеных, чым нават расейская і ўкраінская. Аднак мы можам грунтавацца ў сваіх высновах на ўскосных дадзеных.

Ніводнае з дзеянняў дэмакратычных сіл не выклікала такога лютага абурэння праўладных прапагандысцкіх каналаў, як паслядоўная палітыка офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага кіравання і беларускіх дыяспар па давядзенні да ЗША і Еўразвяза неабходнасці санкцый і іх механізмаў.

Гэта бачна па арганізаванай медыйнай кампаніі, артыкулах нібыта незалежных аналітыкаў, палітыкаў і экспертаў, якія, з аднаго боку, спрабуюць растлумачыць, як санкцыі шкодзяць «простым» людзям, з другога – як яны зусім «не шкодзяць» рэжыму, а з трэцяга – як яны штурхаюць Беларусь у абдымкі Расеі. Прытым пра тое, што максімальную шкоду простым беларусам нанёс і працягвае наносіць рэжым Лукашэнкі, а не санкцыі; самі значныя кавалкі суверэнітэту аддаваў ва ўладу Расеі як раз не Байдэн і не Ціханоўская, а менавіта Лукашэнка – замоўчваецца.

Фота: Белсат

Ужо з’явіліся заклікі прыцягваць да крымінальнай адказнасці за прапановы санкцыяў. Адно гэта можа казаць аб іх дзейснасці.

Выступіўшы з грамадзянскай пазіцыяй у жніўні 2020, я страціў магчымасць займацца ўласнай справай, якая прыносіла значны для мяне прыбытак. Аднак я пайшоў на гэтую рызыку свядома і пры неабходнасці гатовы страціць яшчэ. Бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. А свабода не можа каштаваць танна.

Санкцыі штурхаюць Беларусь да анексіі Расеяй і страты суверэнітэту

На першы погляд, гучыць як самы пераканаўчы аргумент, таму і паўтараецца часцей за ўсё. Так, санкцыі перакрываюць рэжыму каналы фінансавання на Захадзе і ён вымушаны шукаць іх на ўсходзе. Так, рэжым становіцца больш уразлівым і спрабуе знайсці падтрымку ў Крамля (паколькі ўсе астатнія грэбуюць супрацоўніцтвам з арганізатарам катаванняў). І так, выглядае, як быццам гэтая ўразлівасць павінна прымусіць Лукашэнку згаджацца на ўмовы Крамля аб «аб’яднанні» – што на самой справе нічым, акрамя гібрыднай анексіі, з’яўляцца не можа. Аднак ці сапраўды гэты лагічны ланцужок такі просты?

Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Менск, 21 снежня 2019 г. фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Аўтары тэзіса нібыта забываюць аб персаналісцкім характары рэжыму – моцна завязаным на асобе Лукашэнкі. Калі ў Расеі нават Пуцін згаджаўся на 2 тэрміны «сімвалічна саступіць крэсла» Мядзведзеву, то ў Беларусі такога не было і падобнае нават немагчыма ўявіць. А гэта значыць, што добраахвотна ўладу Лукашэнка не аддасць нікому – ні Пуціну ні Ціханоўскай. Чаму, урэшце, Лукашэнка павінен пагадзіцца саступіць вярхоўную ўладу Пуціну і пайсці да яго ў васалы? Калі б яго задавальняла пасада губернатара беларускай акругі – ён мог пагадзіцца на гэта 20 гадоў таму, калі дамова аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» падпісвалася – тады і прыхільнікаў гэтага праекту было больш.

Але давайце выкажам здагадку, што самае страшнае здарылася

Лукашэнка не вытрымаў ціск Захаду і падпісаў нейкі дакумент, які прадугледжвае ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі.

Аўтары тэзіса як быццам мяркуюць натуральным, што беларусы, даведаўшыся пра гэта, гаротна кіўнуць і скажуць: «Ну ўсё, раз Лукашэнка падпісаў, значыць, нічога зрабіць нельга, станем рускімі, будзем жыць у Расеі, дзе атрымаць новы пашпарт?».

І на іх думку, гэта будуць тыя ж самыя беларусы, якія:

  • Сотнямі тысяч выходзілі супраць несумленных выбараў у жніўні 2020-га,
  • У якіх больш за 3000 родных і блізкіх сядзяць без усялякай віны па турмах проста за нязгоду жыць пры кіраванні самаабвешчанай улады,
  • Сабралі сумарна больш за 10 млн долараў узаемадапамогі,

    Яшчэ два гады таму – сабралі дзесяць тысяч подпісаў супраць дамовы аб саюзнай дзяржаве і нуль подпісаў у яе падтрымку.

Тыя ж самыя беларусы, сярод самых масавых мітынгаў якіх у гісторыі не было заўважана колькі-небудзь значнай колькасці трыкалораў. Але замест гэтага – тысячы і тысячы нацыянальных сцягоў, якія ўспрымаюцца Крамлём як сімвал барацьбы за незалежнасць ад Расеі. Па дадзенай прапорцыі сцягоў я і ацэньваю колькасць рэальных, актыўных прыхільнікаў аб’яднання з Расеяй у адну дзяржаву як статыстычную хібнасць.

Ваенныя паказваюць знакі перамогі жанчынам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці. Мінск, Беларусь. 13 жніўня 2020.
Фота: Белсат

Але раптам беларусы сапраўды такія, як лічаць нас прыхільнікі «адмены санкцый дзеля суверэнітэту» – пасіўныя і бязвольныя, не здольныя змагацца за незалежнасць? Я прытрымліваюся супрацьлеглага погляду. Але тым, хто ў гэта верыць, магу сказаць – калі мы, беларусы, проста змірымся з анексіяй – гэта будзе не віна Лукашэнкі і не наступствы санкцыяў, а наступствы нашай уласнай бяздзейнасці. Суверэнітэт – гэта каштоўнасць, за якую трэба змагацца. Многія краіны атрымлівалі яго праз сотні гадоў барацьбы і коштам сотняў тысяч жыццяў. Калі вы кажаце, што не гатовыя заплаціць за магчымасць жыць у суверэннай дзяржаве нават нязначным паніжэннем узроўня жыцця – я не веру ў тое, што для вас гэта сапраўды важна.

Ды і хіба хтосьці зараз здольны перашкодзіць Лукашэнку падпісаць гэты дакумент без усялякіх санкцыяў? Мэта барацьбы беларусаў і заключаецца ў тым, каб пазбавіць магчымасці аднаго чалавека дзейнічаць такім чынам ад імя ўсяго народу. Гэта і ёсць суверэнітэт. А санкцыі толькі адзін з інструментаў гэтай барацьбы.

За ўсю найноўшую гісторыю Беларусі ніхто не зрабіў для знішчэння суверэнітэту Беларусі больш чым Лукашэнка:

  • Нізвядзеньне беларускай культуры да правінцыйных конкурсаў песні і танцаў;
  • Выключэнне беларускай мовы са школ і інстытутаў і свядомая, паслядоўная яе маргіналізацыя на дзяржаўным узроўні;
  • Ваенны саюз з Расеяй – адзінай рэальнай пагрозай нашага суверэнітэту;
  • Замест самастойнай эканомікі, дыверсіфікацыі рызык – пабудова эканомікі вельмі залежнай ад найбуйнейшага гандлёвага партнёра (і па сумяшчальніцтве – галоўнай пагрозе суверэнітэту), ад яго коштаў на энерганосьбіты, ад яго (не)жадання выдаваць крэдыты;
  • Замест таго, каб даваць магчымасці для развіцця тысяч дробных самастойных бізнесаў – заахвочванне патэрналізму ў эканоміцы і грамадскім жыцці;
  • Знішчэнне медыяў, НДА і грамадзянскай супольнасці;
  • Знішчэнне судовай сістэмы, парламента, зародкаў мясцовага самакіравання, звядзенне функцый усіх дзяржаўных структур да арганізацыі сілавога ўтрымання ўлады.

Адмова ад санкцыяў, адзінага дзейснага інструменту ўплыву на рэжым, не выклікае «ўмацавання суверэнітэту» Беларусі. Вынікам такой палітыкі можа быць толькі ўмацаванне ўлады Лукашэнкі.

Далейшае знаходжанне Лукашэнкі ва ўладзе – разбурае суверэнітэт Беларусі мацней за любыя санкцыі.

Меркаванні
Хто з суседзяў больш дапамагае беларусам?
2021.10.09 13:21

Міхаіл Кірылюк belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў