«Ваюем, як умеем». Улады «ДНР» паведамілі пра выхад расейскіх войскаў з Ізюму


Пра сыход расейскіх акупацыйных войскаў з Ізюму Харкаўскай вобласці напісаў першы намеснік міністра інфармацыі так званай ДНР Данііл Бяссонаў.

«Так, з Ізюму сышлі, як і з некаторых іншых населеных пунктаў Харкаўскага напрамку. Канечне, гэта кепска. Канечне, гэта вынік памылак высокага камандавання. Але не трэба шукаць у гэтым схаваныя сэнсы. Справа не ў дагаварняках і не ў здрадзе. Проста, ваюем, як умеем. На ўсіх узроўнях. Недзе лепш, недзе горш», – напісаў у сваім тэлеграм-канале Данііл Бяссонаў.

Між тым, у інтэрнэце з’явіліся першыя кадры ўваходу ў Ізюм, якія публікуюць украінскія вайскоўцы. На ўездзе ў горад узняты нацыянальны сцяг Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў сёння, што Збройныя сілы Украіны працягваюць контрнаступ і ўзялі пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. Такую ж лічбу падае і Генштаб Украіны ў зводцы за 10 верасня. У ёй гаворыцца, што за апошнія некалькі дзён вайны ва Украіне было вызвалена каля 1000 квадратных кіламетраў тэрыторыяў Украіны.

Пазней дарадца абласной вайсковай адміністрацыі Наталля Папова пацвердзіла, што ўкраінскія войскі вызвалілі Куп’янск. Генштаб ЗСУ пакуль не падае афіцыйнай інфармацыі пра ўзяцце Ізюму і Лімана. У свежай зводцы Мінабароны РФ пра адступленне расейскіх войскаў на Харкаўшчыне нават не згадвалася.

Пазней Мінабароны РФ заявіў, што расейскія войскі, якія знаходзіліся ў Балаклеі і Ізюме, былі перагрупаваныя для нарошчвання высілкаў на Данецкім кірунку. Усё гэта называецца «аперацыяй па згортванні і арганізаванай перакідцы ізюмска-балаклейскай групоўкі войскаў на тэрыторыю Данецкай Народнай Рэспублікі» – «дэманстратыўных мерапрыемстваў з абазначэннем рэальных дзеянняў войскаў».

Абноўлена
Украіна вызваляе ўсё больш тэрыторыяў, Расея не гатовая да наступу ЗСУ і не ўмее абараняцца
2022.09.10 13:55

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў