«Увогуле, гэта вымагальніцтва». Чытачы belsat.eu распавядаюць пра паборы ў школах


Зборы з бацькоў сродкаў у школах на розныя патрэбы ўжо сталі нормай для беларускага грамадства, хаця на афіцыйным узроўні гэта па-ранейшаму адмаўляецца. «Гэта вельмі дабраахвотная дзейнасць. Ніхто не мае права прымушаць, а тым больш маніпуляваць», – выказаўся летась міністр адукацыі Ігар Карпенка. Каб даведацца, як цяпер выглядае сітуацыя з паборамі ў навучальных установах, мы звярнуліся да бацькоў школьнікаў.

Платная вада для школьнікаў

Узгадаў год назад міністр адукацыі і пітную ваду для школьнікаў, назваўшы ўсталяванне бойлераў ініцыятывай бацькоў. Аднак на месцы сітуацыя часцяком выглядае па-іншаму. У адной са школаў Слуцку нават не просяць здаць грошы на ваду, а проста ставяць перад фактам неабходнасці зрабіць гэта. Патрабаваная сума – 5 рублёў на месяц.

На здымку – дзеці і бацькі на святочнай лінейцы ў адной з барысаўскіх школ, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У Менскай школе №7 свой падыход да пітной вады для дзяцей. Напачатку ў класах паставілі кулеры з вадой, аднак потым мясцовая санстанцыя забараніла іх. У выніку было вырашана вярнуцца да адмысловых фантанчыкаў з вадой, на якія ўсталявалі фільтры – і тут жа папрасілі за іх заплаціць бацькоў вучняў:

«У школе папрасілі здаць грошы на фільтры для фантанчыкаў з вадой. На пытанне як будуць мяняцца фільтры, а таксама якая фірма будзе іх абслугоўваць, настаўніца адказаць не змагла. Сума невялікая – 10 рублёў на год, аднак для мяне гэта справа прынцыпу. Я не лічу патрэбным здаваць грошы тое, чым дзяржаўная ўстанова павінна і так быць забяспечаная», – каментуе «Belsat.eu» адзін з бацькоў вучняў.

Цікава, што ў іншых менскіх школах у санстанцыі не ўзнікае пытанняў да бутэляванай пітной вады для школьнікаў.

У Менскай школе №196 адной вадой не абмежаваліся. Платнымі аказаліся яшчэ і туалетная папера, асвяжальнікі паветра, сурвэткі, мыла, мыйныя сродкі і папера для прынтараў – менавіта такія спісы выдала на класы загадчыца па гаспадарчай частцы ў школе. Адпаведна і сумы пабораў тут значна большыя – ад 50 да 100 рублёў з чалавека.

«Адміністрацыя школы выставіла ўльтыматум»

У адной з менскіх гімназіяў з паборамі зайшлі яшчэ далей. Акрамя ўжо звыклых збораў сродкаў на пітную ваду, аднаразовыя стаканчыкі, сурвэткі і туалетную паперу, тут ужо некалькі год практыкуюць «дабраахвотна-прымусовыя» пералікі бацькамі сродкаў на падтрыманне ў належным стане матэрыяльна-тэхнічнай базы школы. Незразумела, якія менавіта патрэбы маюцца на ўвазе пад словамі «матэрыяльна-тэхнічная база», але на гэта патрабуюць здаваць 50 рублёў на год з чалавека.

У Беларусі пачаўся новы навучальны год.
Фота: Белсат

Адначасова вучням навязваюць платныя гурткі па розных прадметах. Бясплатнымі аказаліся факультатывы ў школе выключна для тых дзяцей, якіх рыхтуюць да алімпіядаў. Адна гадзіна такіх заняткаў каштуе 4,90 рубля. Яшчэ летась многія з бацькоў адмовіліся здаваць грошы на гэтыя рэчы, таму сёлета адміністрацыя школы выставіла ўльтыматум:

«Або аплочваеце матэрыяльна-тэхнічную базу, або запісваецеся на адзін з платных гурткоў. На самі заняткі можна не хадзіць, але аплаціць трэба абавязкова», – перадаюць словы кіраўніцтва гімназіі бацькі вучняў.

У іншай менскай гімназіі таксама пацвярджаюць словы пра тое, што грашыма за платныя паслугі закрываюць дзіры ў бюджэтах навучальных установаў. На бацькоўскім сходзе адміністрацыя паведаміла, адкуль узяліся грошы на ўсталяванне турнікетаў і аплату паслугаў дэпартаменту аховы. Як аказалася, на гэта пайшлі сродкі, якія зарабілі на платных факультатывах. Натуральна, што ахову парадку ў гімназіі давядзецца аплочваць і надалей.

Платнае харчаванне, ад якога нельга адмовіцца

У іншай сталічнай школе збіраюць грошы ў яшчэ больш незвычайнай форме – бацькам забаранілі адмаўляцца ад платнага харчавання для дзяцей. Летась на падставе пісьмовай заявы ад імя бацькоў можна было адмовіцца ад такой паслугі, аднак сёлета ўжо не:

«У аддзеле адукацыі, куды я звярнулася па тэлефоне, мне патлумачылі, што я не маю права адмовіцца да такой паслугі, бо ў школе такім чынам клапоцяцца пра здароўе маіх дзяцей. Пасля размоваў з дырэктарам і жанчынай з аддзелу адукацыі ў мяне склалася ўражанне, што ім далі загад садраць грошы з бацькоў любымі сродкамі. Прыблізна каля 50-60 рублёў са школьніка на месяц».

У Беларусі пачаўся новы навучальны год. На здымку – дзеці і бацькі на святочнай лінейцы ў адной з барысаўскіх школ, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Увогуле, гэта вымагальніцтва»

Часцяком збор грошай у навучальных установах ажыццяўляецца не наўпрост педагогамі ці пераводамі на рахунак, а праз папячыцельскі савет – то бок рукамі саміх бацькоў. Бацькі першакласнікаў Гімназіі Дзяржынску паведамляюць, што іх просяць тэрмінова здаць грошы ў бухгалтэрыю на наступныя мэты:

  • Аплата за падручнікі, сума 14 рублёў 50 капеек. Аплаціць да 20.09.2021;
  • Камізэлькі гімназічныя. Цана 27-28 рублёў. Будуць замаўляцца арганізавана школай у верасні;
  • Раз на чвэрць збіраем па 1 рублі на картрыджы для пітной вады. Краны для пітной вады стаяць у класах і каля сталоўкі. Дзеткам патрэбныя шматразовыя бутэлькі з шырокім горлачкам, каб набіраць ваду. Прапанова Бацькоўскага камітэту – сабраць па 4 рублі на ваду на год адразу;
  • Папячыцельскі савет – па 8 рублёў за чвэрць, за навучальны год – 32 рублі. Просьба ад адміністрацыі – хто можа, здаць за некалькі чвэрцяў наперад;
  • На дадатковыя дапаможнікі для дзяцей (сшыткі па матэматыцы, рабочыя сшыткі да падручнікаў, рабочыя сшыткі па працы і маляванні) – збор па 28 рублёў. Сабраць у верасні;
  • «Гімназічная традыцыя» збор першакласніка – аднаразова па 20 рублёў. Грошы ідуць на пакупку пасцельнай бялізны, пледаў, спартовых пляцовак і падобнага;
  • І апошні збор – па 20 рублёў на патрэбы класа. Пакуль на гэтыя грошы мы закупляем арганізавана кантэйнеры кожнаму дзіцяці для канцылярыі, туалетную паперу па 1 шт. на дзіцяці, сурвэткі па 1 шт. на дзіцяці, цыраты на сталы.

Бацькі першакласнікаў адзначаюць, што ў іншых класах просяць за папячыцельскія грошы купіць мэблю або тэхніку ў клас. І таксама збіраюць грошы наяўнымі ці праз бухгалтэрыю.

Акрамя гэтага ў канцы года бацькі мусяць пафарбаваць сцены ў кабінетах:

«Не ведаю, як іншыя школы гораду, але нашу, відаць, абдзяляюць фінансаваннем, раз столькі просяць. Але дзіўна іншае: многія бацькі лічаць, што гэта нармальна, бо гэта для сваіх жа дзяцей. Але тое, што мы ўжо заплацілі падаткі – гэта не залічваецца? У маім разуменні, калі грошай не стае, то трэба ўздымаць пытанне на заканадаўчым узроўні. Да дырэктара хадзілі па гэтых пытаннях, але праверыць рух сродкаў можа толькі дасведчаны чалавек, дый дакладную суму таксама складана праверыць, бо ніхто не ведае, колькі грошай сабралі. Здаюць грошы ў бухгалтэрыю на ведамасць, але колькі і куды пайшло грошай не зразумела», – паведамляюць бацькі гімназіі.

У школе №70 Менску сябра бацькоўскага камітэту 2 «В» класа прымушае бацькоў аплочваць рамонт і без згоды ўносіць іх у «спіс даўжнікоў».

Пры гэтым класны кіраўнік не ўмешваецца ў сітуацыю, усё робіцца рукамі саміх жа бацькоў. Яшчэ летась бацькі навучэнцаў звярталіся ва Упраўленне па адукацыі, аднак у афіцыйным адказе ім паведамілі, што грошы ў школе здаюцца выключна па ўласнай ініцыятыве бацькоў. Апошнія ў сваю чаргу не згодныя з такім адказам і гатовыя скардзіцца і далей:

«Я гатовая да крайніх мераў. Мая пазіцыя: ні капейкі і кропка. У выпадку працягу такіх дзеянняў, я вырашыла звяртацца ва Ўпраўленне па адукацыі са скаргай, калі не дапаможа – і ў пракуратуру. Увогуле, гэта вымагальніцтва».

ВК belsat.eu

Стужка навінаў