Супольныя расейска-беларускія вучэнні завершацца, але войскі РФ гэтым разам застануцца


Апошняе, чаго жадаюць ініцыятары вайсковых вучэнняў у нашым рэгіёне, – пачатку вайны. Таму высокія вайсковыя чыны імкнуцца пазбегнуць сутыкнення, бо гэта можа прывесці да ядравага канфлікту. Але кожны з бакоў імкнецца прадэманстраваць сваю моц. Такім чынам вайсковыя эксперты характарызуюць вучэнні, якія ладзяць у нашым рэгіёне як вайскоўцы NATO, гэтак і арміі Беларусі ды Расеі.

Вучэнні «Шчыт саюзу – 2019».
Фота: mil.by

З 10 да 16 верасня адбудуцца супольныя стратэгічныя вучэнні «Захад-2021». У гэтых вайсковых дзеяннях возьмуць удзел да 200 тысяч чалавек асабовага складу. Але на тэрыторыі Беларусі будуць задзеяныя толькі 12,8 тысячы вайскоўцаў, з якіх 2500 – расейскія салдаты, да 50 – з Казахстану, паведаміў першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч.

Вучэнні ў Беларусі адбудуцца на чатырох палігонах.

«Армія, якая не вучыцца, хутка развальваецца. Таму вайскоўцы павінныя нечым займацца. Гэта вельмі важна. Армія заўсёды мусіць вучыцца, іначай яна будзе дэградаваць», – кажа вайсковы аглядальнік Алесь Алесін.

Супольныя вучэнні вайскоўцаў на тэрыторыі Расеі і Беларусі арміі дзвюх краінаў ладзяць з 2009 года. Маштабныя дзеянні вайскоўцаў адбываюцца раз на два гады. У Расеі гэтыя вучэнні называюцца «Саюз», у Беларусі – «Захад».

«Кожнай арміі неабходныя вучэнні, бо гэта частка рыхтавання да абароны краіны. Гэта насамрэч звычайна, а з улікам таго, што ў нас абарона пабудаваная на калектыўнай беларуска-расейскай аснове, таму лагічна, што ладзяцца супольныя вучэнні, якія адбываюцца раз на чатыры гады. Калі казаць шчыра, то гэта расейскае стратэгічнае навучанне. Бо ў Расеі ў вучэннях бяруць удзел каля 200 тысяч салдатаў. У Беларусі бяруць удзел каля 13 тысяч вайскоўцаў. Таму мы толькі частка гэтых вучэнняў. І гэта звычайная рэч», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці вайсковы эксперт.

Вучэнні «Шчыт саюзу – 2019».
Фота: mil.by

Сотні мільёнаў долараў на вайсковыя вучэнні

Мінулыя супольныя вайсковыя вучэнні ў Беларусі адбываліся ў 2017 годзе. Сродкі на вылучаюцца з бюджэту краіны. Агулам зладзіць такую захаду каштуе нямала, кажа Алесь Алесін:

«Мне падаецца, што паколькі тут галоўным чынам інтарэс Расеі, то і нашая ўсходняя суседка бярэ на сябе значную частку выдаткаў на гэтыя манеўры».

Вызначыць бюджэт гэтых вучэнняў надзвычай складана. Вайсковыя эксперты адзначаюць, што зрабіць падлікі амаль не ўяўляецца магчымым.

«Методыкі падлікаў існуюць розныя. Яшчэ ж да пачатку вучэнняў ладзяцца падрыхтоўчыя вучэнні. Шмат момантаў мы не ведаем. Але ў спісе і палёты авіяцыі, што каштуе даволі шмат. Гэта ж і эксплуатацыя вайскова-танкавай тэхнікі, і гэтак далей. Мы наагул бачым толькі непасрэдна самыя вучэнні і перамяшчэнні войскаў. Калі казаць канкрэтна, то вайсковая тэхніка патрабуе вельмі шмат паліва. Некаторыя віды транспарту спажываюць ад 45 літраў паліва на 100 кіламетраў. Да гэтага варта дадаць кошт боепрыпасаў. Іншая рэч, калі вядзецца пра старыя, яшчэ з савецкага часу снарады, напрыклад, то стральба з іх нават карысная, бо гэта ўтылізацыя. Але новая тэхніка патрабуе новых боепрыпасаў. Калі ж лічыць паводле заходніх стандартаў, з улікам шкоды, гаворка можа быць пра сотні мільёнаў долараў», – кажа вайсковы аглядальнік Алесь Алесін.

Вучэнні «Шчыт саюзу – 2019».
Фота: mil.by

Не толькі дзеля падтрымання баяздольнасці

Вайсковы аглядальнік Алесь Алесін кажа, што апошнімі гадамі найбольшую ролю падчас вучэнняў пачынае адыгрываць менавіта інфармацыйны ўплыў. Вучэнні неабходныя палітыкам.

«Я спадзяюся, што вайскоўцы цяпер разумныя людзі і разумеюць: сутыкненні ў нашым рэгіёне могуць прывесці да сутыкнення ядравых краінаў. Таму вучэнні ёсць таксама і часткаю гэтак званай гібрыднай вайны. Гэта значыць, што рэальнага сутыкнення няма, але вайскоўцы дэманструюць сваю баяздольнасць», – звяртае ўвагу Алесь Алесін.

На думку вайсковага аглядальніка, вучэнні неабходныя і для развязання пэўных пытанняў унутранай палітыкі. Нездарма падчас масавых акцыяў пратэсту, што пачаліся ў жніўні летась, беларускія войскі рабілі шмат манеўраў.

«Летась у жніўні Лукашэнка падняў палову арміі ды накіраваў яе на межы з краінамі Балтыі і Польшчы. Афіцыйна тады прагучала, што нібыта на «дапамогу бунтаўшчыкам» адтуль можа прыйсці дапамога. Але насамрэч гэтым крокам імкнуліся адвярнуць увагу арміі ад палітычных працэсаў, каб яна не ўзяла ўдзелу ў абмеркаванні палітычных прычынаў. Таму напружылі вайскоўцаў, прыдумалі ім вучэнні, паставілі задачы, каб ім не было калі абмяркоўваць палітычных аспектаў. Такая думка таксама мае права на існаванне», – адзначае Алесь Алесін.

Але ў цэлым вучэнні насамрэч дапамагаюць палітыкам адцягнуць увагу грамадства ад існых сацыяльна-палітычных праблемаў. У Расеі, напрыклад, выбары цяпер. У Беларусі ўлады таксама імкнуцца прадэманстраваць сваё адзінства супраць вонкавага ворага.

Акрамя іншага, вучэнні – добрая нагода, каб з бюджэту было выдаткавана шмат сродкаў. Эксперт кажа, што такім чынам палітыкі спадзяюцца спыніць запавольванне эканомікі. Праўда, датычыць гэта галоўным чынам краінаў Захаду.

Глабальнае пытанне
Ад вучэнняў у Беларусі да глабальнай ядравай вайны
2021.08.10 21:24

Расейскія войскі ў Беларусі

Перад вучэннямі ў Горадню прыбыло падраздзяленне расейскіх зенітна-ракетных войскаў, а 3 верасня ў Баранавічах прызямліліся расейскія самалёты Су-30. І гэтыя вайскоўцы застануцца ў нашай краіне. Міністэрства абароны Беларусі тлумачыць, што расейская тэхніка прыбывае для фармавання вучэбна-баявога цэнтру супольнага рыхтавання ВПС і войскаў СПА Беларусі ды Расеі.

Але афіцыйная версія не тлумачыць падрабязней галоўныя моманты перабывання гэтых вайскоўцаў у нашай краіне. Таму эксперты лічаць, што вядзецца пра фактычнае стварэнне дзвюх вайсковых базаў РФ пад выглядам навучальнага цэнтру.

«Пакуль незразумелым застаецца юрыдычны статус навучальных баявых цэнтраў. Але гэта насамрэч пашырэнне вайсковай прысутнасці расейцаў на нашай тэрыторыі, бо гэта ўжо не проста нейкая там акадэмія, а беспасярэдне баявыя падраздзяленні. Да таго ж палітыкі заявілі, што расейскія знішчальнікі будуць ахоўваць і нашую мяжу. А вось каму яны падпарадкоўвацца будуць, пакуль невядома, тое ж датычыць і падраздзялення супрацьпаветранай абароны, вайскоўцы якога прыбылі ў Горадню», – кажа вайсковы эксперт.

Hавiны
АДКБ рыхтуецца да вучэнняў на таджыкска-афганскай мяжы. Ці адправяць туды беларусаў, невядома
2021.08.16 15:04

СК belsat.eu

Стужка навінаў