«Мы былі там бабайкамі». Што пішуць заходнія медыі, якім далі слова ў размове з Лукашэнкам


На рэкордна доўгай «Вялікай размове» з Лукашэнкам 9 жніўня не далі слова беларускай незалежнай прэсе. Але заходнія выданні задалі пытанні. Чытаем, што яны апублікавалі.

У час прэс-канферэнцыі слова далі, сярод іншых, журналістам брытанскіх BBC і «Sky News», амерыканскіх CNN, «The New York Times» і «The Wall Street Journal». Прычым журналістку нью-ёркскага выдання спачатку памылкова назвалі як беларускую рэгіянальную. Польская газета «Myśl Polska», журналістцы якой таксама давалі слова, пакуль не выдала матэрыялу пра «Вялікую размову».

Hавiны
«Я ўросся ў гэтую краіну». Лукашэнка даў рэкордна доўгую прэс-канферэнцыю на гадавіну выбараў. ЖЫВЫ БЛОГ
2021.08.09 12:06

BBC

Брытанская трансляцыйная карпарацыя апублікавала па выніках прэс-канферэнцыі два матэрыялы: 37-секунднае відэа з цытатай Аляксандра Лукашэнкі «падавіцеся вы гэтымі санкцыямі» і тэкставы матэрыял, загаловак якога кажа, што Лукашэнка адмаўляе сваю сувязь са смерцю кіраўніка Беларускага дому ва Украіне Віталя Шышова.

Пасля апісання справы Шышова BBC нагадвае пра ўзмацненне санкцыяў Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў і прыводзіць адказ Лукашэнкі: «падавіцеся вы гэтымі санкцыямі», «вы – амерыканскія прыхвасні».

Лукашэнку на BBC называюць «прэзідэнтам Беларусі», а вынікі выбараў 2020 года «спрэчнымі». Ды згадваюць пра разгон дэманстрацыяў з ужываннем дручкоў і слезацечнага газу, а таксама пра шэсць сотняў палітвязняў, зняволенне і выгнанне палітычных лідараў, непрызнанне вынікаў выбараў заходнімі ўрадамі. Адзначаюць, што «Вялікая размова» стала першым з’яўленнем Лукашэнкі ў жывым эфіры з пачатку палітычнага крызісу.

BBC згадала і зняважлівы каментар Лукашэнкі пра атлетку Крысціну Ціманоўскую, і пагрозу Лукашэнкі спыніць кааперацыю ў барацьбе з незаконным перавозам радыеактыўных матэрыялаў.

Рэакцыя карэспандэнткі BBC Сэры Рэйнсфард на прапанову паглядзець прапаганысцкі фільм падчас «Вялікай размовы» Аляксандра Лукашэнкі. 9 жніўня 2021 года. Відэа: АТН

«Sky News»

Брытанскі тэлеканал не толькі быў на прэс-канферэнцыі, але і наведаў двор, у якім быў забіты Раман Бандарэнка (там да журналістаў падыходзілі «людзі ў цывільным», глядзелі дакументы аб акрэдытацыі). Таксама журналісты пагутарылі з Вольгай Кучарэнкай – сястрой забітага, і паразмаўлялі з «бабуляй пратэстаў» Нінай Багінскай. Адзначаюць, што мелі рэдкую магчымасць адносна вольна здымаць вуліцы Беларусі, бо шмат месяцаў ніводзін беларускі незалежны журналіст не можа гэтага рабіць. Брытанцы згадваюць пра зняволенне трох дзясяткаў журналістаў, у тым ліку журналістак «Белсату», якіх асудзілі за трансляцыю акцыі памяці Бандарэнкі на плошчы Пераменаў.

У тэкставым матэрыяле пра прэс-канферэнцыю настрой Лукашэнкі апісваюць як «баявы», а саму падзею – як «шанец для беларускага палітычнага істэблішменту выказаць пашану», дзяржаўным медыям – «падзякаваць Лукашэнку за падзяку ім за адстойванне ягонай справы», элітам – «аддаць належнае чалавеку, які трымае іх плацежаздольнымі».

«Супрацоўнікі заходніх медыяў былі там бабайкамі, – піша «Sky News». – Мы былі меркаванымі лакеямі вялікага плану заходніх дзяржаваў для знішчэння Лукашэнкі».

А санкцыі, як перадае канал словы Лукашэнкі, былі не «адказам на жахлівыя парушэнні правоў чалавека», а «злавеснай змовай Захаду з мэтай выкінуць яго з крэсла і кінуць Беларусь у хаос».

Як і BBC, «Sky News» працытаваў адказ Лукашэнкі на санкцыі Брытаніі, адзначыўшы, што падчас выступу ён мог яшчэ не ведаць пра пашырэнне санкцыяў ЗША і Канадай. Пра тон адказу канал піша: «Гэта шмат што дапамагае зразумець пра атмасферу на вуліцах мінулым летам».

Беларускія эліты сёння «жывуць у свеце, далёкім ад брудных рэаліяў», а для Лукашэнкі гісторыі пра палітычныя расправы і шматлікія паведамленні пра катаванні – гэта «фэйкавыя навіны». Журналістка згадвае адказ Лукашэнкі на пытанне, чаму за катаванні ніхто не панёс адказнасці: «Акрэсціна – гэта не санаторый. Кропка». Аўдыторыя пляскала.

CNN

Амерыканская Сетка кабельных навінаў стрымана пераказвае частку прэс-канферэнцыі, што датычылася рэпрэсіяў. Выданне не дае ацэнак прэс-канферэнцыі, называе Лукашэнку «беларускім прэзідэнтам».

CNN пачынае аповед з таго, што Аляксандр Лукашэнка адмовіў факты дзяржаўных рэпрэсіяў, параўнаў іх ужыванне са стрэлам сабе ў галаву. На пытанне аб рэпрэсіях ён адказаў абвінавачваннем Злучаных Штатаў у «беззаконні».

Меркаванні
Вялікі «крыжовы паход» у імя тыраніі
2021.08.10 13:50

Лукашэнка пракаментаваў нядаўні матэрыял CNN аб магчымым будаўніцтве новага лагеру для пратэстоўцаў і сказаў сваёй прэс-сакратарцы Наталлі Эйсмант адвезці журналістку CNN на тую пляцоўку, а таксама ўзяць з сабой былога палітвязня Юрыя Васкрасенскага. Пра апошняга Лукашэнка казаў: «ён з апазіцыі», а CNN называе Васкрасенскага «апазіцыянерам, які стаў хаўруснікам».

CNN адзначае, што ў дзень прэс-канферэнцыі Белы дом выдаў загад аб новых санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі і цытуе заяву прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна аб фальсіфікацыях выбараў і жорсткіх рэпрэсіях.

«The New York Times»

Газета піша: «На васьмігадзіннай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў Вялікую Брытанію «амерыканскім прыхваснем» і ўзяў на сябе заслугу ў перадухіленні Трэцяй сусветнай вайны».

Журналістка «The New York Times» Вэлеры Гопкінз пачула, як на «Вялікай размове» яе назвалі журналісткай «з рэгіёнаў» Беларусі. 9 жніўня 2021 года. Відэа: АТН

Лукашэнку называюць «брутальным і няўстойлівым кіраўніком», які склікаў у панядзелак «сваіх памочнікаў, паслухмяных супрацоўнікаў медыяў і некалькі незалежных журналістаў, каб прэзентаваць сваё бачанне рэальнасці». На прэс-канферэнцыі ён «трымаўся дзёрзкага тону». Чыноўнікі, праўладныя блогеры і працаўнікі праўладных медыяў дапамагалі яму адбіцца ад некалькіх крытычных пытанняў.

«Тым часам як спадар Лукашэнка цяжка працаваў, каб падтрымаць свой погляд на падзеі, гэты погляд шырока адрынаюць як лухту беларускія актывісты, заходнія ўрады і незалежныя аналітыкі. Насамрэч, кажуць яны, пасля брутальнага скрадання выбараў ён загадаў сваім сілавым структурам расправіцца з пратэстоўцамі з дапамогай гвалту, якога Еўропа не бачыла дзесяцігоддзямі», – піша «The New York Times».

Выданне згадвае пра тое, што сотні апазіцыйных лідараў пасля гэтага аказаліся ў выгнанні, а незалежныя медыі здушылі, кінуўшы за краты цэлыя рэдакцыі. Нагадваюць і пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» дзеля затрымання апазіцыйнага актывіста.

Hавiны
12 міжнародных скандалаў, у якія Беларусь трапіла з пачатку года
2021.08.08 10:00

За пытанні пра рэпрэсіі і катаванні Лукашэнка «накінуўся» на заходніх журналістаў – так апісвае «The New York Times» тон адказаў. Стыль адказаў апісваюць словам «whataboutism», якое азначае падмену тэзы – гэты прыём быў папулярны ў Савецкім Саюзе ў адказ на крытыку і зводзіўся да «а на Захадзе вунь што робіцца».

Пытанні пра эканамічны кошт рэпрэсіяў «вывелі Лукашэнку з раўнавагі», заўважае газета і прыводзіць цытаты пра «падавіцеся санкцыямі» і «амерыканскіх прыхвасняў». Пры тым адзначае, што падтрыманне Уладзіміра Пуціна стала для Лукашэнкі «ратавальным колам». Заходнія санкцыі яшчэ больш наблізілі Лукашэнку да Пуціна, але на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выстаўляў Расею і Пуціна як мацней залежных ад Беларусі.

Па каментары выданне звярталася да аналітыкаў Арцёма Шрайбмана і Каці Глод.

«The Washington Post»

Вашынгтонская газета называе Лукашэнку то «аўтарытарным лідарам», то «прэзідэнтам», які «27 гадоў кіруе з дапамогаю жалезнага кулака», мінулыя выбары – «спрэчнымі» і прызнанымі Захадам сфальсіфікаванымі. Васьмігадзінную прэс-канферэнцыю называе «эпічнай». На заходніх журналістаў Лукашэнка «накінуўся», тым часам як прысутныя беларускія журналісты і блогеры баранілі дзеянні ягонага ўраду.

Аляксандр Лукашэнка дае прэс-канферэнцыю на гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2021 года. Скрыншот: «Беларусь-1»

У матэрыяле з прэс-канферэнцыі «The Washington Post» найперш звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка адмаўляў масавыя рэпрэсіі, нягледзячы нават на тое, што ягоныя сілавікі прынялі каля 5 тысячаў заяваў аб катаваннях і пабоях.

Выданне адзначае як узмацненне рэпрэсіяў (згадваюць, сярод іншага, рашэнне суда зліквідаваць ПЭН-цэнтр), гэтак і «расплывістыя» абяцанні Лукашэнкі сысці («прамаўчаў, калі гэта адбудзецца»). Расказваюць і пра абвінавачванні Лукашэнкам атлеткі Ціманоўскай у тым, што «ёй маніпулявалі», і пра адказ Лукашэнкі на абвінавачванні ў смерці Шышова.

Hавiны
Дырэктар EPAM адказаў на пагрозы Лукашэнкі
2021.08.10 15:22

«The Washington Post» звяртае ўвагу на тое, як Лукашэнка спачатку адмаўляў наяўнасць рэпрэсіяў у Беларусі, але праз некалькі гадзінаў і «пад ціскам замежных журналістаў [напамінамі] пра шматлікія паведамленні аб пабоях і катаваннях супраць мірных дэманстрнтаў» прызнаў, што некаторыя, магчыма, «атрымалі» ад праваахоўных органаў, але таму, што «прыйшлі на барыкады з нажамі».

Згадваюць і пагрозу Лукашэнкі адносна трафіку ядравых матэрыялаў і «бруднай выбухоўкі», прыводзяць яго фразу: «Мы не шантажуем, не пагражаем, але мы вымушаныя рэагаваць».

«The Washington Post» згадвае супольны брыфінг Святланы Ціханоўскай і літоўскага міністра замежных справаў Габрыелюса Ландсбергіса, дзе Ціханоўская назвала рэжым Лукашэнкі «тэрарыстычным»; словы падтрымкі беларусам ад прэзідэнта Еўрапейскай Рады Шарля Мішэля і дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена.

Hавiны
Ціханоўская: Колькі б часу і сілаў ні запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі
2021.08.09 13:32

На заканчэнне выданне прыводзіць словы беларускага аналітыка Валера Карбалевіча пра тое, што «кепска зрэжысураванае васьмігадзіннае шоу» Лукашэнкі «можа мець адваротны эфект», бо «чым гучней праўладныя рэпарцёры заяўляюць пра сваю любоў і лаяльнасць да Лукашэнкі, тым больш узнікае пытанняў у беларусаў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў