Берасцеец звярнуўся ў суды і гэтым «абразіў» суддзяў і Лукашэнку. Асудзілі на 2 гады калоніі


Што менавіта абразіла, засакрэцілі: зачытвалі на закрытай частцы працэсу.

Палітвязень Віталь Зарадзей.
Фота: spring96.org

У Кобрынскім судзе 9 жніўня агучылі вырак берасцейскаму палітвязню Віталю Зарадзею, расказвае берасцейскае аддзяленне праваабарончага цэнтру «Вясна».

Віталь Зарадзей падаваў у канцылярыі судоў позвы, дзе, паводле экспертызаў, «дапускаў негатыўную ацэнку» суддзяў і Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбывалася 28 верасня, 15 і 30 кастрычніка, 7 і 17 снежня 2020 года, 14 студзеня і 9 сакавіка 2021 года. Зарадзея затрымалі 29 сакавіка.

У чым заключаліся абразы, невядома: частку паседжання, дзе яны агучваліся, зрабілі закрытай. Вядома толькі, што Зарадзей не прызнаў віну.

Гісторыі
У Лідзе на паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі асудзілі жанчыну, якая мае немаўля
2021.08.07 19:23

«Вясна» адзначае, што пракурор у час працэсу назваў абцяжарвальнымі абставінамі тое, што Зарадзей нібыта мае непагашаную судзімасць, хоць напраўду судзілі яго ўпершыню. З цытаты пракурора выглядае, што ён вырашыў асобна разглядаць першую заяву і ўсе астатнія, а таксама вырашыў, што за першую Зарадзей ужо асуджаны, хоць гэта не так.

Пацярпелымі ў справе назвалі восем суддзяў: гэта Аляксей Карагода, Пётр Баброўскі, Таццяна Пракапчук, Анастасія Бразінская, Андрэй Глушко, Алена Кавальчук і Алена Карпава (на працэс ніхто з іх не прыйшоў). Дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляў Аляксандр Шыкавецкі, суддзём быў Вадзім Здановіч.

Вырак такі: за «абразу прэзідэнта» (ч.1 арт. 368 КК РБ) паўтара года пазбаўлення волі і за «абразу суддзі» (арт. 391 КК РБ) – 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, што сумарна дала больш жорсткае пакаранне, два гады калоніі агульнага рэжыму.

Зарадзея прызналі палітычным зняволеным яшчэ 8 красавіка – разам з чатырма іншымі беларусамі, якіх асудзілі за «абразу суддзі» ці «абразу прадстаўніка ўлады» на абмежаванне волі на «хіміі».

Hавiны
Пажылога магілёўца адправілі на прымусовае лекаванне за абразу Лукашэнкі
2021.06.22 19:41

АА belsat.eu

Стужка навінаў