Нізкія цэны, слабы попыт, дробныя ягады. Зарабіць на чарніцах сёлета не атрымаецца


Перад самым пачаткам ягаднага сезону ў Беларусі знялі забарону на наведванне лясоў, але масава людзі ў чарніцы не выбіраюцца. Цэны на лясныя ягады ў нарыхтоўнікаў складаюць каля 2 рублёў за кілаграм. Прадпрымальнікі распавялі «Белсату», што сёлета добрых цэнаў на чарніцы, бадай, не будзе. Праз санкцыі немагчыма прадаць ягады за мяжу.

Черника, ягоды, лес, дубрава, лето, Беларусь
Чарніцы ў лесе. Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З пачаткам ягаднага сезону ў Беларусі збіральнікі пачалі браць за чарніцы на рынку 8 рублёў за кілаграм, але літаральна праз некалькі дзён цэны знізіліся да 6 рублёў за кілаграм. Продаж на рынку патрабуе таксама шмат часу, пакупнік можа прыйсці даволі хутка, а можна прасядзець цэлы дзень безвынікова, распавялі «Белсату» збіральнікі ягадаў.

Сёлета чарніцаў у лесе не так і шмат. Праз спякоту і адсутнасць дажджоў у траўні ягады не вельмі ўрадзілі. Вяскоўцы кажуць, што ягады вельмі дробныя, кіслыя. Дый попыту на чарніцы асаблівага няма. На рынку людзі прыдзірліва аглядаюць ягады, многіх не задавальняюць даволі высокія цэны.  Нарыхтоўнікі, якія раней былі асноўнымі пакупнікамі лясных ягадаў, цяпер гатовыя плаціць за іх толькі 2 рублі за кілаграм.

«Сёлета наўрад ці атрымаецца зарабіць на чарніцах. Мы прымаем брудныя ягады за 2 рублі за кілаграм. Няма збыту ягадаў за мяжой. Праз санкцыі не можам прадаць у Польшчу ці ў Літву, як раней», – распавядаюць «Белсату» нарыхтоўнікі ягадаў.

Каментар
Санкцыі адчулі і збіральнікі ягадаў. Кошты на чарніцы ніжэйшыя, чым летась
2022.07.25 18:51

Сапраўды, сёлета сітуацыя з цэнамі на ягады значна горшая, чым была раней. Гэтак, напрыклад, у 2021 годзе нарыхтоўнікі плацілі за чарніцы на пачатку сезону 5 рублёў. Пазней цэны выраслі нават да 8 рублёў за кілаграм. Людзі імкнуліся як мага больш назбіраць ягадаў і некаторыя змаглі зарабіць не адну тысячу рублёў.  Ужо летась у сярэднім цана на чарніцы была каля 4 рублёў. Цяпер прадпрымальнікі, якія працавалі з ягадамі, кажуць, што і не ведаюць, ці будуць сёлета працаваць, бо прадаць плады лесу стала цяжэй.

«Ягады вельмі карысныя. Цікавасць да іх з боку замежных пакупнікоў была вельмі вялікая. Таму актыўна набывалі ягады летась і пазалетась, марозілі і чакалі, што будзе магчымасць прадаць з выгадай. Але ўжо летась я сутыкнуўся з цяжкасцямі пры продажы. Вось толькі нядаўна прадаў апошнія запасы леташніх марожаных ягадаў. Сёлета, можа, і не буду працаваць у гэтай сферы», – распавядае прадпрымальнік, які працуе ў нарыхтоўванні ягадаў.

Черника, ягоды, лес, дубрава, лето, Беларусь
Чарніцы ў лесе. Пры абмежаванні на наведванне лесу і пры сухім надвор’і ягадаў шмат. Менская вобласць, Беларусь. 27 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Чыноўнікі «Белкаапсаюзу» робяць справаздачу, што кожны дзень арганізацыя набывае ад 1,5 да 3 тысяч тон лясных ягадаў і грыбоў. Цэны на плады лесу фармуюцца на падставе попыту і прапановы. Пры гэтым каля 95 % нарыхтаванай прадукцыі ў апошнія гады прадаюць унутры краіны. Адсотак продажу на экспарт стаў вельмі малы.

Адметна, што яшчэ ў 2019 годзе «Белкаапсаюз» прадаваў сотні тон чарніцаў у Польшчу, Літву, Латвію. Ягады ў 2019 годзе набывалі ў людзей за 4,5 рубля, а за мяжой атрымлівалі да 2,5 еўра за кілаграм.

Тыя, хто займаўся збіральніцтвам ягадаў, таксама незадаволеныя цяперашняй сітуацыяй. Ягады раней былі магчымасцю зарабіць перад восенню.

«Нават і не разглядаю цяпер такога, каб актыўна выбірацца ў лес. Канечне, збяру крыху ягадаў для сябе. Але зацікаўленасці ў тым, каб цэлы дзень корпацца ў лесе з камарамі і сляпнямі, кляшчамі, а за гэта атрымаць 15 рублёў, зусім няма», – распавядае «Белсату» жанчына, якая раней добра зарабляла на ягадах.

Вяскоўцы кажуць, што чарніцаў сёлета ў лесе стае, а людзей мала. Таму сабраць сабе вядро ягадаў няцяжка, пры гэтым не трэба ехаць далёка ў лес.

Фота
Колькі каштуюць агуркі, ogórki, agurkai і კიტრი? Пахадзілі па рынках Менску, Варшавы, Вільні і Тбілісі
2022.06.08 12:41

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў