«Назваў прэзідэнта Кубы сабакам за віншаванне Лукашэнкі». Размова з кубінцам, якому Літва адмовіла ў абароне


З Рабэрта Касануэва мы сустракаемся ўвечары ў кватэры, якую ён ужо паўтара года здымае на ўскраіне Вільні. У Літву Рабэрта трапіў праз вялікае шанцаванне – ён мусіў быць дэпартаваны на Кубу, але простых рэйсаў з Беларусі не было, таму яго выслалі ў Расею. Рабэрта – кубінец, які з 1991 года жыў з відам на жыхарства ў Беларусі, куды паехаў следам за сваёй жонкай-беларускай. У Беларусі ў яго нарадзіліся дзеці, былі праца і дом. А потым прыйшоў 2020 год.

5 ліпеня 2023 года, праз паўтара года жыцця ў Літве, куды Рабэрта Касануэва ўцёк, яму адмовілі ў міжнароднай абароне і прапанавалі вярнуцца на Кубу.

Рабэрта Касануэва ў сваім віленскім жытле. Вільня / Літва. 7 ліпеня.
Фота: Алёна Дубовік / Белсат

Назваў прэзідэнта Кубы сабакам

– Мяне выклікалі ў міграцыйную ўстанову, аддалі дакументы – яны ўсе на літоўскай мове – і сказалі, што ў міжнароднай абароне мне адмоўлена з тых прычынаў, што я маю кубінскі пашпарт і магу паехаць на Кубу, там мне быццам бы нічога не пагражае.

– У цябе ёсць крыўда на Літву за такое рашэнне?

– Не, ты што, ніякай крыўды. Я не буду казаць нічога дрэннага пра літоўскую сістэму дапамогі. Думаю, часам у любой сістэме нешта ідзе не так, паўсюль ёсць плюсы і мінусы, аднак у Літве я магу падаць у суд і суд прыме абʼектыўнае рашэнне – гэта і называецца дэмакратыяй.

Фота дакументу з адмовай Рабэрта Касануэва ў статусе ўцекача. Вільня / Літва. Ліпень, 2023 год.
Фота: Алёна Дубовік / Белсат

Рабэрта не лічыць вяртанне на Кубу бяспечным для сябе. У 2020 годзе прэзідэнт Кубы Мігель Мар’ё Бэрмудэс павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах. У адказ на гэта Рабэрта ў сваіх сацсетках назваў кубінскага прэзідэнта сабакам.

«Але нават не ў гэтым справа. Сістэма маіх каштоўнасцяў не дазволіць мне жыць на Кубе».

Мігель Мар’ё Бэрмудэс ў 2023 годзе зноў пераабраўся на пасаду прэзідэнта, яго павіншаваў Лукашэнка. Яны з Лукашэнкам рэгулярна віншуюць адзін аднаго з дзяржаўнымі святамі, перамогай на выбарах і народзінамі. Абодва рэжымы супрацоўнічаюць. Рабэрта ж мусіць вернуцца на Кубу як дэпартаваны, які выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі на баку беларускага народу. За гэта яму на 3 гады забаранілі заезд у Беларусь. Некаторыя кубінскія СМІ пісалі пра Рабэрта, у гэтых артыкулах згадваецца, што кубінец падтрымаў беларускі народ ды апазіцыю і што Святлана Ціханоўская ды іншыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі асудзілі дэпартацыю.

Супрацоўнічае кубінскі рэжым і з Крамлём. Рабэрта паказвае фотаздымкі сустрэчы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна  і кіраўніка Кубы і называе абодвух «братанамі». Відаць, што пры гэтым ён злуецца.

Рабэрта паказвае сустрэчу расейскага і кубінскага прэзідэнта. Вільня / Літва. 7 ліпеня.
Фота: Алёна Дубовік / Белсат

«Я выступаю за свабоду слова, супраць вайны ва Украіне, збіцця, катаванняў ды забойстваў. Супраць Лукашэнкі, які захапіў уладу сваімі сінімі пальцамі. Я не жыву на Кубе 32 гады і наўрад ці змагу ўжо там жыць. Дый ці можа літоўская ўлада гарантаваць, што мне там нічога не пагражае? Не, ніхто не можа».

Трапіў у Літву праз вялікае шанцаванне

Хоча Рабэрта заставацца ў Літве і таму, што гэта побач у Беларуссю, а менавіта там трое ягоных дзяцей. Малодшаму сыну 11 гадоў, сярэдняму – 29, старэйшай дачцэ – 34. З усімі Рабэрта падтрымлівае зносіны, але апошні раз дзяцей ён бачыў у канцы 2021 года, у аэрапорце, калі яго высылалі з Беларусі.

Рабэрта Касануэва з малодшым сынам у аэрапорце падчас высылкі з Беларусі. Менск / Беларусь.
Фота: Франак Вячорка/TWITTER

«Мяне з Беларусі дэпартавалі ў Расею, у мяне было 30 дзён, каб пакінуць Расею. За гэты час дзякуючы дапамозе «BYSOL» і літоўскага «Freedom House» мне вельмі хутка зрабілі літоўскую гуманітарную візу, з улікам таго, што ў Расеі якраз былі навагоднія святы. У гэтым і абсурднасць таго, што адбываецца цяпер – Літва адразу выдала мне гадавую гуманітарную візу».

У студзені 2022 года Рабэрта прыляцеў у Вільню, а ў траўні падаўся на так званы палітычны прытулак у сувязі з немагчымасцю вярнуцца ў Беларусь. Ён даў Дэпартаменту міграцыі доказы катаванняў у Беларусі, у тым ліку ад Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў. У Беларусі Рабэрта сядзеў на Акрэсціна больш за год. Яго затрымалі ў лістападзе 2020 года, збілі, асудзілі на 15 содняў, анулявалі від на жыхарства і пастанавілі дэпартаваць. Высылкі кубінец чакаў больш за год – і ўвесь час на Акрэсціна. Толькі ў снежні 2021 года яго пасадзілі на самалёт да Масквы.

– Калі ты падаваў дакументы ў літоўскі Дэпартамент міграцыі, ты даваў ім доказы, што табе і на Кубе небяспечна?

– Не, на той момант гэта не падавалася такім відавочным. Цяпер доказы сабраныя. Буду падаваць апеляцыю.

Што ты будзеш рабіць, калі не атрымаецца аспрэчыць адмовы ў прытулку?

– Усё можа быць, але тады будзе іншае жыццё. Я пакуль не асабліва пра гэта думаю.

1900 еўраў дапамогі сабралі за некалькі гадзінаў

У Дэпартаменце міграцыі Рабэрта прапанавалі бясплатнага адваката для падачы апеляцыі, аднак ён пастанавіў скарыстацца паслугамі адваката, якога яму параілі і які займаецца з 1997 года толькі справамі ўцекачоў. Цалкам паслугі адваката будуць каштаваць 1900 еўраў.

Гэтыя грошы збіралі пра «BYSOL», што адкрыў збор на сваёй пляцоўцы. Цалкам усю суму сабралі за некалькі гадзінаў!

«А ты бачыў, што табе сабралі амаль усю суму? Прайшло ж каля 5 гадзінаў з моманту адкрыцця збору», – пытаюся ў Рабэрта падчас нашай размовы (на той момант грошы яшчэ не былі сабраныя цалкам). Ён здзіўляецца, бярэ тэлефон, каб праверыць, і кажа, што такой аператыўнасці не чакаў.

Рабэрта Касануэва правярае, колькі грошай сабралі яму на адваката, Вільня / Літва. 7 ліпеня.
Фота: Алёна Дубовік / Белсат

Рабэрта працуе графічным дызайнерам, у Беларусі ён быў сябрам Саюзу дызайнераў. Увесь час, пакуль чакае статусу ўцекача, ён забяспечвае сябе сам. Літва плаціць кампенсацыю толькі пасля атрымання ВНЖ, а першыя паўгода пасля падачы дакументаў увогуле забаронена працаваць. Праз паўгода чакання статусу выдаецца дазвол на працу, аднак працадаўцу, які б пагадзіўся цябе працаўладкаваць без ВНЖ і ID-коду (у Літве гэта называецца asmens kodas), мусіш шукаць сам.  Гэта не заўсёды проста. Стаць на біржу працы, дзе маглі б дапамагчы ў працаўладкаванні, у статусе чакання ВНЖ нельга.

Рабэрта Касануэва паказвае на тэлефоне майкі са сваім дызайнам, Вільня / Літва. 7 ліпеня.
Фота: Алёна Дубовік / Белсат

«Я працую дыстанцыйна, раблю праекты. Для Украіны і Беларусі таксама. І ў 2020 годзе рабіў. Арэнда кватэры цяпер каштуе 450 еўраў плюс камунальныя паслугі, цалкам сам сябе забяспечваю. Літоўская дзяржава не выдаткоўвала на мяне ні капейкі».

«Трэба памятаць, што мы жывём сёння і сёння ўсё добра»

Запытваю, якія ёсць інтарэсы акрамя працы. У адказ атрымліваю цікавы расповед пра тое, чаго дагэтуль не ведала. Летась пад Крожамі адкрылася першая ў Літве будыйская ступа. Ступы – традыцыйныя для будыстаў пабудовы, у якія падчас будаўніцтва закладваюцца будыйскія каштоўнасці: мантры, рэліквіі і гаючыя рэчывы. Будысты вераць, што ступы магічныя і могуць дапамагаць людзям. Рабэрта ўдзельнічаў у будаванні першай літоўскай ступы.

Будаванне ступы. Літва. Верасень 2022 год.
Фота: асабісты архіў Рабэрта Касануэвы

«Абавязкова зʼездзі туды, яна адкрытая для ўсіх ахвочых», – прапануе ён мне, паказваючы фотаздымкі кожнага этапу будавання ступы.

– Рабэрта, на гэтым, напэўна, усё. Ці ты хочаш нешта дадаць сам?

Усміхаецца і ціха кажа: «Я ўсіх люблю і ўсім жадаю дабра. Трэба памятаць, што мы жывём сёння і сёння ўсё добра».

«Ну-у, не вельмі на самай справе», – спрабую я паспрачацца.

«Чаму ты так лічыш? Калі ты доўга жывеш у абмежаваных умовах, пачынаеш шанаваць кожную хвіліну. Я выходжу з пад’езду і бачу прыгажосць, я магу прыгатаваць сабе нармальную ежу, а не есці баланду, у мяне ёсць зручны туалет, а не дзірка ў падлозе, камфортнае жытло. І магчымасць абараняць сябе. На гэты момант усё добра».

Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў