Мінімум 36 чалавек асуджаныя пасля затрымання на мяжы ў чэрвені


За мінулы месяц значна павялічылася колькасць затрыманых пасля вяртання ў Беларусь. Так, за чэрвень не менш як 36 чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты і штрафы пасля затрыманняў на мяжы, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Беларуская мяжа.
Фота: sb.by

Затрыманыя былі асуджаныя за «экстрэмісцкія» падпіскі і рэпосты ў васьмі прымежных гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі: Воранава, Астравец, Ашмяны, Браслаў, Лёзна, Гарадок, Дуброўна, Берасце.

Акрамя таго, у мінулым месяцы было асуджана не менш за 13 чалавек, затрыманых на беларуска-расейскай мяжы.

Часам людзей затрымліваюць проста на мяжы па адміністрацыйных і крымінальных справах. Калі ў тэлефоне знойдуць «экстрэмісцкія» рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сімволіку, то чалавека здымаюць з аўтобуса, апранаюць кайданкі і адвозяць у бліжэйшы ІЧУ да суда.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што за апошнія некалькі месяцаў сітуацыя на мяжы з Беларуссю значна пагоршылася – беларусы сутыкаюцца з поўным даглядам рэчаў, допытамі супрацоўнікамі КДБ, праверкай тэлефонаў, а таксама іх просяць прад’явіць віды на жыхарства іншых краін, пасля чаго фатаграфуюць і скануюць дакументы.

Усяго ў чэрвені «Вясне» стала вядома мінімум пра 560 выпадкаў затрыманняў – прыкладна па 18 чалавек кожны дзень. Суддзямі было прызначана не менш за 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў