Беларускіх зняволеных задзейнічаюць у вытворчасці прыцэлаў для расейскага войска – «BELPOL»


Беларускія прадпрыемствы абслугоўваюць ФСБ, Расгвардыю, а таксама забяспечваюць расейскае войска з дапамогай працы зняволеных папраўчай калоніі № 9. Пра гэта паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў Беларусі «BELPOL».

Бронетранспарцёр «БТР-V2» з оптыкай ад «Пеленг».
Фота: Госкомвоенпром / Telegram

Аб’яднанне «BELPOL» выпусціла дадатак да вялікага расследавання «Зброевы барон», у якім яны распавялі, як беларускія прадпрыемствы пастаўляюць прыцэлы расейскай арміі. Цяпер аб’яднанне распавядае пра маштабы супрацы і называе расейскіх партнёраў беларускіх кампаніяў.

«BELPOL» сцвярджае, што мае дакументальныя доказы, што 33 кампаніі ў Беларусі вырабляюць прыцэлы для Расеі. Сярод іншых гэта «Пеленг», ММЗ, «Лабараторыя адытыўных тэхналогіяў», «Рагачоўскі завод “Дыяпраектар”», «Новамех», «Ратон», а яшчэ папраўчая калонія № 9.

«Да вытворчасці дэталяў прыцэлаў прыцягваюцца і зняволеныя лукашысцкіх канцлагераў. Менавіта таму ў нашым спісе папраўчая калонія № 9, дзе зняволеныя вырабляюць дэталі да танкавых прыцэлаў “Сосна-У”», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Асаблівую ўвагу абʼяднанне надае прадпрыемству «Пеленг», дзе работнікі атрымліваюць ад 4,5 да 9,5 тысяч рублёў.

Паводле звестак «BELPOL» за 2023 год, «Пеленг» працаваў з расейскай вайсковай часткай 93 603.

«Гэта галоўнае бранятанкавае ўпраўленне Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі. Яно ёсць асноўным заказчыкам і пастаўніком аўтамабільнай, бранявой і танкавай тэхнікі ў войскі Расеі і наўпрост узаемадзейнічае з абароннай прамысловасцю. Дадзеная ўстанова ёсць заказчыкам, так бы мовіць, уваходнай кропкай, якая фармуе замовы абаронкі Расеі. Праз яго ў 2023 годзе прадпрыемства [“Пеленг”] адрамантавала, мадэрнізавала альбо паставіла акцыянернаму таварыству “Валагодскі аптычна-механічны завод” 515 як асобных вузлоў, так і камплектаў блокаў да прыцэлу, “Сосна-У”. Вайна працягваецца. І ў планах у 2024 годзе колькасна пастаўкі павялічацца ўдвая», – кажа Жыгар.

Пералічваюцца і іншыя ўгоды. Напрыклад, для «Уралвагонзаводу» ў Ніжнім Тагіле «Пеленг» паставіў 48 камплектаў прыцэлаў запасной маёмасці і прыладаў для баявой машыны падтрымкі танкаў, БМПТ і БМП-2 і 189 камплектаў прыцэлаў для танкаў.

Для акцыянернага таварыства «Буравеснік » – 82 аптычна-электронных модулі і 8 сістэмаў выяўлення і прыцэльвання. Для таварыства з абмежаванай адказнасцю «Зброевыя майстэрні» ў Маскве пастаўлена 497 аптычна-электронных блокаў. Для акцыянернага таварыства «Саратаўскі агрэгатны завод» – 6 камплектаў апаратуры камбінаванага аптычнага прыбора кіравання і блокі з яе складу.

«Кола камерцыйных інтарэсаў “Пеленга” на гэтым не сканчаецца. У кліентах у “Пеленгу” ёсць і асабістая гвардыя Пуціна. Кампанія паставіла 10 камплектаў блокаў аптычна-электронных для зброевых майстэрняў. Пры гэтым галоўным заказчыкам выступіла “Расгвардыя”. І, вядома ж, хапіла энергіі ў прадпрыемства для ФСБ. У інтарэсах ФСБ Расеі пастаўляюцца модулі аптычна-электронныя», – распавёў Уладзімір Жыгар.

Аб’ектыў
«BELPOL»: рэжым Лукашэнкі зарабляе на вайне ва Украіне
2024.05.20 20:33

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў