«Хімія» за каментары і пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі. Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі


«Белсат» распавядае пра няспынныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, пра якія стала вядома 10 траўня.

– Лідара незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Ён быў затрыманы 19 красавіка, калі прайшлі масавыя затрыманні сяброў незалежных прафсаюзаў. У Фядыніча вялікія праблемы са здароўем.

– 1,5 гады хатняй «хіміі» прысудзілі Дзмітрыю Коктышу за каментар пра сілавікоў у сацыяльных сетках. Яго прызналі вінаватым ў нібы «абразе прадстаўнікоў улады».

– Алена Гнаўк ужо дзесяць дзён трымае галадоўку за кратамі. 65-гадовая пенсіянерка з Пружанаў патрабуе, каб лісты, якія яна напісала, даходзілі адрасатам. Таксама ў Алены Гнаўк узнікаюць праблемы са здароўем.

Артыкулы
Алена Гнаўк ужо дзесяць дзён трымае галадоўку за кратамі
2022.05.10 21:21

– Напярэдадні 9 траўня ў Беларусі масава затрымлівалі за татуіроўкі з нацысцкай сімволікай. Вядома пра як мінімум 12 затрыманых за такія татуіроўкі. З кожным з іх ГУБАЗіК запісаў «пакаяльныя» відэа, на якіх напаўголых мужчын прымусілі паказваць татуіроўкі.

– Адвакатку Марыю Колесаву-Гудзіліну пазбавілі ліцэнзіі. Яна абараняла былога следчага Яўгена Юшкевіча, блогера Эдуарда Пальчыса, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі. Пра выключэнне з калегіі адвакатаў Колесава-Гудзіліна напісала ў Twitter:

«Усё. Не адвакат. Калегі пастанавілі выключыць мяне са сваіх шэрагаў».

– Месяц у ШІЗА правеў палітвязень Эдуард Пальчыс. Са штрафнога ізалятару ён выйшаў толькі ўчора.

– У Берасцейскай вобласці затрымалі мужчыну за тое, што ён параўнаў Лукашэнку з Гітлерам, а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і падпіску на тэлеграм-каналы, якія прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Яго вінавацяць ажно па 3 артыкулах крымінальнага кодэксу: «абраза прадстаўніка ўлады», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

– Да 1,5 гадоў хатняй «хіміі» асудзілі Святлану Анціпкіну за каментар пра сілавіка, які апынуўся на зямлі падчас пікета, дзе быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Яе прызналі вінаватай у «абразе прадстаўніка ўлады».

– Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле вырак журналісту радыё «Свабоды» Алегу Груздзіловічу. Раней яму прысудзілі 1,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму за ягоную працу на маршы пратэсту ў 2020 годзе.

Hавiны
У Баранавічах таксоўцы «Яндекса» збіраліся на забастоўку, але сілавікі перашкодзілі
2022.05.10 17:47

АД belsat.eu

Стужка навінаў