У Добруш нехта завёз адзёр. Ад яго могуць памерці невакцынаваныя


Завазны выпадак адру выяўлены ў Добрушы. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сып у хворага на адзёр.
Фота: auroramedicalcentre.com.au

Як адзначаецца, захварэў дарослы. Выпадак завазны. Апошні раз адзёр на тэрыторыі раёну рэгістравалі ў 2019 годзе.

У Беларусь адзёр раптоўна вярнуўся ў 2023 годзе – вірусная інфекцыя амаль не сустракалася тры гады. Міністэрства аховы здароўя паведаміла 14 снежня 2023 года, што выявілі ажно 160 выпадкаў. 26 студзеня 2024 года паінфармавалі ўжо пра 204 выпадкі. Ведамства пісала, што са 160 пацверджаных выяўленых выпадкаў адру 75 % было ў невакцынаваных, астатнія 25 % не ведалі, ці былі вакцынаваныя. Успышку медыкі звязвалі са «злоснымі адмоўнікамі ад вакцынацыі».

Чым страшны адзёр

Адзёр – адна з самых заразлівых хваробаў, адзін інфікаваны можа заразіць 9 з 10 невакцынаваных, якія з гэтым чалавекам кантактавалі. Лекаў ад адру не існуе, ёсць толькі вакцыны і спосабы палегчыць сімптомы.

Невакцынаваны чалавек, калі захварэе на адзёр, пабачыць першыя сімптомы праз 10–14 дзён пасля кантакту з вірусам. Спачатку будуць катар, кашаль, пачырваненне вачэй, дробныя белыя пляміны на ўнутранай паверхні шчок, потым з’явіцца высыпка – звычайна спачатку на твары і зверху шыі, потым на руках і нагах. Ускладненні могуць прывесці да слепаты, інфекцыі вуха, энцэфаліту, абязводжвання праз цяжкую дыярэю, пнеўманіі, нават і смерці.

Да таго, як вынайшлі вакцыну ад адру, гэты вірус быў значна больш небяспечны і забіваў нашмат больш людзей. Да Першай сусветнай вайны на адзёр прыпадала каля 1 % усіх смерцяў. А калі ў XIX стагоддзі еўрапейцы дабраліся астравоў Вялікі Андаман, што блізу Індыі, адзёр забіў палову карэннага насельніцтва, якое не мела імунітэту.

Каментар
Чаму ў Беларусь вярнуўся адзёр – і як праверыць, ці маеш імунітэт
2024.01.31 10:21

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў