Ціск расейцаў на поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 777-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія медыкі брыгады «Азоў» бачныя на стабілізацыйным пункце пад Ліманам, Украіна. 7 красавіка 2024 года.
Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра ўзнаўленне баявых дзеянняў на купянскім кірунку: адзначаецца, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі тры атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Кіслоўка і Іванаўка ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Андрэеўкі на Луганшчыне.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы атакавалі каля Цернаў, Верхнякаменскага, Выемкі і Раздолаўкі на Данеччыне і каля Белагораўкі ў Луганскай вобласці.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што каля Белагораўкі войскі РФ зачапіліся за ўсходнія ўскрайкі адвалу мелавога кар’еру, і цяпер рухаюцца з поўдня ад сяла.

Таксама крыніца піша, што УС РФ прасунуліся з поўначы ад сяла Вясёлае і ўсталявалі кантроль над апорным пунктам з поўначы ад мясцовай чыгуначнай лініі. Агулам расейцы прасунуліся на адлегласць каля двух кіламетраў у бок суседняга сяла Выемка.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што пакуль расейскія вайскоўцы не замацаваліся на новых пазіцыях.

Акрамя гэтага аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што па-ранейшаму самай гарачай кропкай на кірунку застаюцца ваколіцы Цернаў.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што каля апошняга сяла баі маюць сустрэчы характар.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Часаў Яр, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Пегаў гаворыць, што УС РФ паступова прасоўваюцца на ўсходніх ускрайках гораду Часаў Яр. Акрамя гэтага, па словах ваенкора, расейцы выціскаюць ЗСУ з заходняй часткі сяла Багданаўка (на паўночным усходзе ад гораду), адкуль таксама плануюць рухацца ў бок Часавага Яру.

У Deepstate паведамляюць, што паралельна з гэтым Узброеныя сілы РФ прасунуліся на паўднёвым усходзе ад гораду ў заказніку «Ступкі-Галубоўскі». Такім чынам расейцы плануюць, акрамя ціску на ўсходзе, абысці Часаў Яр з поўначы і поўдня.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што ў Клішчыеўцы (на поўдні ад Бахмуту) ЗСУ пад ціскам пяхоты і FPV-дронаў праціўніка адышлі з часткі пазіцыяў, але неўзабаве контратакавалі і адкінулі расейцаў назад. Паводле крыніцы, падобныя змены лініі сутыкнення назіраюцца рэгулярна на гэтым участку фронту.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на захадзе ад аднайменнага гораду. Украінскае камандаванне паведамляе пра 14 няўдалых атак праціўніка каля сёлаў Новакалінавае, Бэрдычы і Уманскае.

Deepstate піша, што расейцы паступова прасоўваюцца да Уманскага і ўжо спрабуюць пры дапамозе цяжкай тэхнікі штурмаваць паўднёвыя ваколіцы населенага пункту – пакуль без выніку. Пры гэтым адзначаецца, што пад кантролем УС РФ знаходзяцца пасадкі паміж Уманскім і суседнім сялом Танэнькае.

Таксама аналітыкі пацвярджаюць захоп праціўнікам сяла Первамайскае і прасоўванні на поўдні ад Новакалінавага.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што таксама войскі РФ прасоўваюцца ў Сямёнаўцы, і цяпер упэўнена кантралююць каля 45% сяла.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што па ўсёй лініі сутыкнення на захадзе ад Аўдзееўкі Збройныя сілы контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

На навапаўлаўскім кірунку асноўныя баі ідуць у ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Вадзяное.

«Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ вярнулі кантроль над пазіцыямі на паўднёвым усходзе Краснагораўкі ў ваколіцах мясцовай чыгуначнай лініі – на ўскрайках прыватнага сектару па вуліцы Геалагічная і на вуліцы Ватуціна з усходу ад дзіцячага садка.

Пры гэтым у Deepstate гавораць, што расейцы хоць і заходзяць у горад, але пакуль ЗСУ ўдаецца іх выбіваць. Разам з тым аналітыкі прызнаюць пагаршэнне сітуацыі ў ваколіцах Краснагораўкі.

Таксама расейцы маюць поспехі ў Новаміхайлаўцы. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што цяпер Збройныя сілы кантралююць паўднёвую частку сяла, а пры гэтым палова Новаміхайлаўкі знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, паколькі ніводны з бакоў канфлікту не можа ў ёй замацавацца.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейцы зноў атакавалі на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае. Паводле праўкраінскіх крыніцаў, праціўнік не дасягнуў поспеху. Між тым Мінабароны РФ сцвярджае, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі на гэтым участку фронту.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці сутыкненні фіксуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў).

У Deepstate гавораць, што баі ідуць на поўдні сяла Работына, куды расейцы заходзяць малымі пяхотнымі групамі і паступова замацоўваюцца.

Разам з тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што сітуацыя на поўдні сяла знаходзіцца пад кантролем ЗСУ: праціўнік ужо каторы месяц рэгулярна закідае невялікія групы ў населены пункт, якія аператыўна знішчаюцца сіламі абароны.

Канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што расейцы прасунуліся ў лесапаласе на паўночным захадзе ад суседняга сяла Вэрбовае.

У Херсонскай вобласці расейцы атакуюць у сяле Крынкі на левым беразе Дняпра, але пакуль не могуць выбіць ЗСУ з займанага плацдарму.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў