Ціханоўская на Кіпры назвала ўмовы, калі можа разваліцца рэжым у Беларусі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас працоўнага візіту на Кіпр правяла брыфінг для амбасадараў у амбасадзе Польшчы. У сваёй прамове Ціханоўская адзначыла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі не такі ўстойлівы, як можа падавацца.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«Рэжым значна больш уразлівы, чым здаецца. Ён падобны на стул на трох ножках: грошы, рэпрэсіі і Расея. Калі ўпадзе адна ножка, разваліцца і ўсё крэсла», – сказала Святлана Ціханоўская, паведамляюць у ейнай прэс-службе.

На думку палітыка, змены ў Беларусі адбудуцца раней, чым у Расеі, бо ў Беларусі няма ані падтрымання дыктатуры, ані падтрымання ўдзелу ў вайне.

«Беларусы – глыбока еўрапейская нацыя, якая, як і Украіна, стала ахвярай імперскіх амбіцыяў Расеі», – заявіла Ціханоўская.

Яна таксама расказала пра катаванні тысячаў палітзняволеных у беларускіх вязніцах і заклікала патрабаваць іхнага вызвалення ці прынамсі доступу да іх.

«Настойвайце на тым, каб інстытуты ААН звярнулі ўвагу на крызіс. Без ціску і міжнароднай увагі рэжым будзе працягваць разбураць нашае грамадства і забіваць нашых людзей за кратамі», – сказала абраная прэзідэнтка.

9–10 красавіка беларуская лідарка наведае Кіпр з працоўным візітам. Падчас яго таксама запланаваныя сустрэча з прэзідэнтам краіны Нікасам Хрыстадулідэсам, перамовы са старшынём Пастаяннага камітэту замежных і еўрапейскіх справаў Харысам Георгіядэсам і чальцамі камітэту, дыялог са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Анітай Дымітрыу, прыём для беларускага бізнесу ў амбасадзе ЗША.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў