Новая смерць палітвязня і праблемы са здароўем у іншых. Навіны рэпрэсіяў за 10 красавіка


«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў, якія нязгодныя з вайной, гвалтам сілавікоў, фальсіфікацыямі ўладаў.

Сілавікі ў СІЗА № 7 Берасця.
Фота: virtualbrest.ru

У Следчым ізалятары Берасця, не дажыўшы да суда, памёр палітвязень Аляксандр Кулініч. Падпалкоўніка запасу затрымалі 29 лютага ў Берасці. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. З таго часу яго трымалі ў берасцейскім СІЗА № 7. Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка, але 9 красавіка мужчына памёр. Цела палітвязня ўжо выдалі сваякам. Яго пахаваюць у дзень ягонага нараджэння, 11 красавіка, у Маладзечне.

Увечары 9 красавіка ў Менску сілавікі затрымалі актывістку Галіну Лагацкую. Яна пайшла ў Кастрычніцкі РУУС забіраць свой тэлефон, які ў яе вынялі 2 гады таму і не аддавалі. У сакавіку 2022 года жанчыне прызначылі 15 содняў арышту за ўлёткі «Не вайне» – гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем». Цяпер ёй паведамілі, што гатовыя аддаць тэлефон, таму і запрасілі ў РУУС. Там яе і затрымалі. Актывістка «затрыманая на 72 гадзіны» – імаверна, да суда ў адміністратыўнай справе. Сутнасць абвінавачвання не вядомая.

У Менску за ўдзел у масавых пратэстах 2020 года таксама затрыманая Наталля Салук. Паводле падкантрольнага сілавікам Telegram-каналу, супраць яе распачатая крымінальная справа, ёй пагражае да 5 гадоў зняволення.

Палітзняволенага Аляксандра Капшуля хочуць перавесці на турэмны рэжым. 10 красавіка ў Бабруйску меўся адбыцца суд наконт замены палітвязню рэжыму ўтрымання. Разглядае справу суддзя Павел Карцінін. Капшуль – былы юрысконсульт ААТ «Нафтан» заводу «Палімір». Палітвязень праходзіў паводле «справы Рабочага руху». Яго затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі РФ і перадалі кадэбістам Беларусі. Са снежня 2022-га да лютага 2023 года палітвязень трымаў галадоўку цягам 51 дня. Летась Гомельскі абласны суд яго асудзіў на 15 гадоў калоніі.

Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ўжо 1000 дзён застаецца за кратамі. Апошнія паўгода яго трымаюць у адзіночнай камеры, нягледзячы на ягоныя хранічныя захворванні. Стан палітвязня працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае пэўных лекаў, якія яму неабходныя.

Жыхарку Сянно Галіну Гарбачову судзяць паводле артыкулу аб парушэнні заканадаўства аб выбарах – артыкул 10.9 КаАП. Пакуль невядома, што менавіта ставяць ёй у віну.

Палітвязня Уладзіміра Гундара на год пазбавілі перадачы. Паўгода яго ўтрымліваюць у адзіночнай камеры. Нагадаем, фігуранта «справы Аўтуховіча» асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі ў некалькіх крымінальных справах.

Сілавікі пахваліліся тым, як моцна збілі беларуса за каментар пра тэракт у Расеі. Падчас онлайн-стрыма з правакатарам мужчына разам з сябрам сказаў, што яны «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе».

Аналітыка
«Такіх выпадкаў будзе больш». Праваабаронцы не чакаюць адлігі пасля смерці абвінавачанага ў СІЗА Берасця
2024.04.10 21:44

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў