Сайт «Office Life» застаецца недаступным у Беларусі


Сайт бізнес-выдання «Office Life» застаецца недаступным у Беларусі. З-за мяжы яго адкрыць яшчэ можна.

На дзень 10 красавіка сайт бізнес-выдання «Office Life» не адкрываецца ў Беларусі. Аднак абмежаванне носіць тэрытарыяльны характар, бо з-за мяжы рэсурс даступны і відаць, што рэдакцыя працягвае напаўняць сайт матэрыяламі. Працягваюць абнаўляцца і рэдакцыйныя каналы ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.

У сваёй штотыднёвай рассылцы за 7 красавіка рэдакцыя «Office Life» прызнае, што праблемы з даступнасцю сайту ў Беларусі захоўваюцца, аднак вядзецца праца над тым, каб вярнуцца «ў поўным абʼёме», канкрэтныя тэрміны не называюцца.

Сайт «Office Life» пакуль што не адкрываецца ў Беларусі. Скрыншот з рэдакцыйнай рассылкі

«Белсат» расказваў, што 4 красавіка стала вядома пра магчымыя блізкім часам праблемы з доступам і што рэсурс можа быць недаступны для наведвання. Пра гэта паведамляла рэдакцыя «OL». «Гэта звязана з пастановаю Міністэрства інфармацыі, якое выявіла парушэнні дзейнага заканадаўства», – гаварылася ў паведамленні рэдакцыі. Пра сутнасць парушэнняў не паведамлялі.

Пачынаючы з 2003 года, абʼяднаная рэдакцыя часопісаў «Office Life», «Бизнес-ревю» і Officelife.media асвятляе эканамічныя ды бізнес-тэмы. Сайт Officelife.media пачаў працу з сярэдзіны 2017 года, сярэдняя колькасць наведнікаў складае каля 1 млн за месяц.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў