Кіраўніцтва Мінабароны Украіны цудам не трапіла ў палон у Гастомэлі ў першы ж дзень вайны


Гастомэль, што на паўночным захадзе ад Кіева, блізу Бучы і Ірпіня, быў адной з першых цэляў расейскага нападу на Украіну: ранкам 24 лютага ў гастомэльскім аэрапорце «Антонаў» высадзіўся расейскі дэсант, завязаліся баі з вялікімі стратамі. Праз год высветлілася, што ў Гастомэлі магло трапіць у палон кіраўніцтва Міністэрства абароны Украіны – пра гэта «Української правді» расказаў сам міністр абароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт «Мрія», які быў знішчаны ў лютым 2022 у гастомэльскім аэрапорце.
Фота: svoboda_radio/Telegram

Выданне «Українська правда» распачала праект «24.02: Реконструкція» з падкастамі і тэкстамі пра першы дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У першым эпізодзе расказвалі пра падрыхтоўку да ўварвання, у другім – пра першую рэакцыю ўладаў і сілавых ведамстваў на напад.

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў згадаў, што калі б ён следаваў пратаколу бяспекі, то меў бы разам з кіраўніцтвам свайго міністэрства ехаць («будзеце смяяцца», сказаў ён) у Гастомэль у абаронены камандны пункт Мінабароны.

«Тэарэтычна, калі б мы пераехалі туды хаця б за дзень-два, то ў мяне палова міністэрства была б там. Амаль у палоне», – адзначыў Рэзнікаў.

Чаму ў камандны пункт не паехалі загадзя, ён не расказаў. Але пасля пачатку ўварвання ехаць туды не было сэнсу: баі ў Гастомэлі пачаліся праз лічаныя гадзіны. Таму кіраўніцтва Мінабароны проста «рассеялася па розных будынках» у Кіеве, расказаў міністр. З Кіева ён загадаў вывезці толькі фінансістаў.

Рэпартаж
Як за дзень да вайны ў Кіеве рыхтавалі ўкрыцці і тэрабарону. Рэпартаж, які мусіў выйсці год таму
2023.02.23 17:27

Рэзнікава ў той ранак уразілі таксама вялізныя чэргі да ваенкаматаў і цэнтраў камплектацыі, дзе кіяўляне атрымлівалі зброю – ахвочым уступіць у Тэрабарону там проста не хапала аўтаматаў, даводзілася везці дадатковыя. За першыя два дні расейскага ўварвання толькі ў Кіеве раздалі звыш 20 тысяч дадатковых аўтаматаў. На блокпастах людзі былі часта самаарганізаваныя, але настолькі напружаныя, што аднаго разу «паклалі тварам у асфальт» нават міністра энергетыкі.

У баях за Гастомэль на баку Украіны ўдзельнічалі і беларускія добраахвотнікі, у тым ліку загінулы нядаўна пад Вуглядарам Эдуард Лобаў.

Нападнікі ўсё ж захапілі Гастомэль 5 сакавіка, не давалі мясцовым эвакуявацца. Гарадскога галаву забілі, калі той раздаваў хлеб і лекі. Але праз менш як два тыдні ўкраінскія войскі пайшлі ў контратаку – у канцы сакавіка Расея фактычна прызнала паразу ў бітве за Кіеў і адвяла войскі (фармальна гэта назвалі «планавым перагрупаваннем сілаў»).

Аб’ектыў
Жахлівыя ўспаміны пра 38 дзён палону і акупацыі ў Гастомэлі
2022.06.12 23:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў