Галоўны трэнер менскага хакейнага клубу «Дынама» пакідае сваю пасаду


Галоўны трэнер ХК «Дынама» (Менск) Крэйг Ўудкрафт пакідае пасаду галоўнага трэнера каманды, паведамляе прэс-служба клубу. Кантракт з канадскім адмыслоўцам заканчваецца 30 красавіка.

Крэйг Ўудкрафт.
Фота: hcdinamo.by

Мінулы сезон для Ўудкрафта стаўся чацвёртым запар і пятым агулам у якасці галоўнага трэнера «Дынама». На пасадзе Крэйг правёў 303 матчы – гэта рэкорд клубу. За час ягонай працы «Дынама» чатыры разы выходзіла ў плэй-оф, прычым тройчы запар, але кожны раз спынялася на першым раўндзе.

Аднак некалькімі днямі раней Крэйг Ўудкрафт заяўляў, што хацеў бы захаваць свае пасады і ў клубе, і ў нацыянальнай камандзе:

«Я яшчэ далёка не скончыў аналізу, але ў дачыненні клубу ўжо цяпер магу сказаць, што, калі ён хоча выйсці ў сваіх паказніках на новы ўзровень, трэба ўнесці вялікія змены ў шмат якія аспекты функцыянавання. Адназначна праца ў «Дынама» мне вельмі цікавая. Буду гатовы абмеркаваць усе ідэі і дэталі з кіраўніцтвам клубу. Спадзяюся, мы знойдзем паразуменне».

Ўудкрафта прызначылі галоўным трэнерам ХК «Дынама» (Менск) з Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ) у красавіку 2016 года, аднак прабыў ён на пасадзе крыху больш за год. У ліпені 2019-га Крэйг ізноў падпісаў кантракт з «Дынама» і пачаў другую працу ў якасці галоўнага трэнера клубу.

У жніўні 2021-га Ўудкрафт браў удзел у здымках відэа, у якім каманда выбачаецца перад Лукашэнкам за правал на адборы да Алімпіяды.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў