У Расеі ўжо шукаюць здраднікаў, вінаватых у паразе ва Украіне. Такое меркаванне выказаў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у размове з «Радыё НВ». Гэтак ён пракаментаваў звесткі пра тое, што кіраўніка 5-й службы ФСБ Сяргея Бяседу нібыта адправілі ў СІЗА.
«Добрая навіна не ў тым, што яго пасадзілі. Добрая навіна ў тым, што ён не справіўся з Украінай. А ці справіцца наступны пасля яго, мы яшчэ пабачым», – сказаў Арэстовіч.
Ён заявіў, што вінаватых у ваенным правале шукаюць, бо «ў Расеі нельга быць проста вінаватым».
«Ты абавязкова мусіш камусьці здрадзіць», – сказаў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны.
На думку Арэстовіча, Уладзімір Пуцін павінен здабыць хоць нейкую перамогу, таму ў Крамлі пачалі пошук вінаватых. Ён мяркуе, што Пуцін павінен выкрыць якую-небудзь змову ФСБ ці ў Мінабароны.
8 красавіка з’явілася інфармацыя, што генерала ФСБ Расеі Сяргея Бяседу, які праваліў уварванне ва Украіну, адправілі ў СІЗА-2 «Лефортава». Пад удар начальнік Пятай службы ФСБ (Служба аператыўнай інфармацыі і міжнародных сувязяў) разам са сваім намеснікам Анатолем Болюхам, начальнікам Дэпартаменту аператыўнай інфармацыі, трапілі яшчэ на пачатку сакавіка. У зону іхнай адказнасці ўваходзіла разведка ва Украіне. Спачатку Бяседу трымалі пад хатнім арыштам, а пазней перавялі ў СІЗА.
Сярод прычынаў рэпрэсіяў – крадзеж сродкаў, вылучаных на падрыўную і агентурную працу ва Украіне, а таксама загадзя ілжывая інфармацыя аб палітычнай сітуацыі ва Украіне.
ПС belsat.eu