Пракурор: Пратэсты ў Беларусі пачаліся і з-за блогераў з Берасця


Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў.
Фота: Наша Ніва

У Магілёве 9 красавіка скончылася судовае следства над берасцейскімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым, абвінавачаным так і не далі слова, паведамляе TUT.BY.

Дзяржабвінаваўца Таццяна Амосава запрасіла для Кабанава і Пятрухіна па 3 гады ў калоніі агульнага рэжыму, а Пятрухіна яшчэ і абавязаць выплаціць штраф у 360 базавых (10 440 руб.). Акрамя таго Амосава запрасіла пазоў амапаўца на 1,5 тысячы рублёў задаволіць у поўным аб’ёме.

Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» КК РБ. Пятрухіна таксама абвінавачваюць у абразе суддзі (арт. 391 КК РБ).

Па версіі следства, масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі ў 2020 годзе пачаліся ў тым ліку менавіта з-за Пятрухіна і Кабанава, якія дзейнічалі ў звязку з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і Паўлам Севярынцам, мэтанакіравана стварылі ў краіне грамадска-палітычную напружанасць.

Па словах Амосавай, Пятрухін і Кабанаў здымалі відэаролікі аб праблемах Берасцейскай вобласці, пратэстах берасцейцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу і выкладвалі іх на YouTube-канал «Народны рэпарцёр», а ў 2019 годзе пазнаёміліся, сустракаліся і камунікавалі з Сяргеем Ціханоўскім.

Дзяржабвінаваўца прывяла ў якасці «неабвержных і дакладных доказаў» віны Пятрухіна і Кабанава праслухоўку і перапіску Сяргея Ціханоўскага з Уладзімірам Статкевічам – аб планах сустрэцца ў Менску і Берасце, аб арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў у час прэзідэнцкай кампаніі.

Вось якую сувязь выбудавала следства: блогеры Пятрухін і Кабанаў пачынаюць выкладаць відэа на палітычныя тэмы пасля сустрэчы з Ціханоўскім (праз 8 месяцаў пасля яе), удзельнічаюць у зборы подпісаў у час прэзідэнцкай кампаніі. А раз Ціханоўскі меў зносіны са Статкевічам, які заяўляў, што масавыя пратэсты могуць пачацца, то

«мэтай дзейнасці Ціханоўскага, Статкевіча і іншых уцягнутых імі ў такую ​​дзейнасць асоб зʼяўлялася дэстабілізацыя абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь у перыяд электаральнай кампаніі 2020 года».

Абраза прадстаўніка ўлады – гэта фота з абразлівымі каментарамі на «Народны рэпарцёр» інспектара аддзялення спецыяльнай падрыхтоўкі магілёўскага АМАП капітана міліцыі Віталя Автушенка, які ўдзельнічаў у затрыманні Сяргея Ціханоўскага пад Магілёвам 6 траўня. Пацярпелы заявіў, што каментар дэманізуе яго і абражае яго гонар і годнасць. Сілавік паведаміў суду, што яго суседзі перасталі размаўляць з яго бацькамі пасля зʼяўлення фатаграфіі.

Яшчэ адзін пацярпелы – суддзя Брэсцкага абласнога суда Андрэй Лешчанка, якога, па версіі следства, абразіў Сяргей Пятрухін, размясціўшы відэа з адміністрацыйнага працэсу з абразлівым каментаром пад ім на сваёй старонцы ва «Укантакце».

Выступіць з апошнім словам абвінавачаным не далі: суддзя Вольга Краўчанка палічыла, што ўдзелу абароны досыць. Прысуд абвесцяць у сераду, 14 красавіка, у 10.00.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў